Апраўданне цынізму

Палітычныя і эканамічныя праблемы, якія настойліва атакуюць Беларусь, сведчаць, што жыць па-ранейшаму бяздумна, толькі адным днём, нам не давядзецца. Газа-нафтавая халява, як падзяка за падтрымку прыхаванага інтэграцыяй імперскага курсу Расіі, і мецэнацкія пазыкі Захаду паступова, але няўхільна мізарнеюць.

Двухбаковае прыручэнне аўтарытарнага рэжыму не спыняецца, але як усходнія, так і заходнія дрэсіроўшчыкі нарэшце зразумелі, што аб’ект для ўздзеяння трапіўся надта сапсаваны савецкім таталітарызмам, нявыхаваны, непаслухмяны, зацяты ў сквапнасці да чужых грошай і неабмежаванай улады. Працэс ускладняецца яшчэ тым, што цана на нафту абрынулася і выйшла на ўзровень 1998 года, з-за чаго магчымасці збяднелай Расіі карміць «вернага сябра» значна зменшыліся, а Еўропе і ЗША таксама не да Беларусі, бо загрузлі ў праблемах бежанцаў і барацьбы з міжнародным тэрарызмам.

Чым далей адыходзіць у гісторыю час станаўлення нашай незалежнасці, тым выразней бачыцца правал стратэгічнай палітыкі аўтарытарнага рэжыму, пабудаванай не на разумным падмурку, а на хісткай дэмагогіі, шантажы багацейшых партнёраў і гандлі дарагімі для народа святынямі. Усе знешнія і ўнутраныя дзеянні, прыкрытыя то «славянскім адзінствам», то «сумленным супрацоўніцтвам з Еўропай», то «рухам да дэмакратыі», «клопатам пра дабрабыт насельніцтва», у канчатковым выніку скіроўваліся на ўзурпацыю ўлады. А яна, як стары мулкі хамут, націрае да крыві шыю грамадству, перашкаджае руху Беларусі наперад. Мы не ідзем на дно, а цялёпкаемся, цяжка выжываем у аўтарытарным балоце, не назапашваючы палітычнага і эканамічнага патэнцыялу, бяздарна праядаючы пазычаныя сродкі.

Доўга трымацца на плыву беларускаму правіцелю дапамагае тое, што яго цынізм, нахабства, разбэшчанасць, усёдазволенасць супалі з атмасферай агульнай маральнай дэградацыі ў свеце. У мяне асабіста такое ўражанне склалася пасля таго, як на планеце імкліва павялічылася колькасць ваенных канфліктаў, тэрарыстычных нападаў, як у многіх краінах сталі аддаваць на выбарах да 80 — 90% галасоў за прагных да ўлады «правадыроў» або наогул іх абагаўляць, дазваляць кіраваць бестэрмінова. Такая «любоў» — смяротна небяспечная! Два прэзідэнцкіх тэрміны — і не больш таго, толькі такім абмежаваннем можна не дапусціць гібельнага дыктатарства.

Адзін з карыстальнікаў інтэрнэту заўважыў, што прадстаўнікі ўлады, калі даюць інтэрв’ю, выглядаюць на экране нібы мыла аб’еўшыся, і задаўся пытаннямі: «Почему они так часто моргают глазами? Врут все как один?» Адказ быў хуткім: «Они просто обалдели от безнаказанности!»

Цынізм аўтарытарнага рэжыму найперш выяўляецца ў выкарыстанні гэтак званай «волі народа». Чыноўнікі прыкрываюць ёю важныя для сябе рашэнні, але з грамадствам адкрыта і сумленна ніколі не раюцца. Гэта бачна на прыкладах, пачынаючы ад прэзідэнцкіх «выбараў» і канчаючы людской «згодай» на будаўніцтва спрэчных аб’ектаў.

Кіруючы клан і «эліта» не саромеюцца рабіць хлуслівыя заявы, прыводзіць псеўдафакты, займацца хабарніцтвам, раскрадаць дзяржаўную маёмасць і грошы. Гэтыя дзеячы настырна высмейваюць і клянуць Захад, але адначасова там купляюць нерухомасць, адкрываюць рахункі, вучаць дзяцей і ўнукаў, праводзяць свой адпачынак. Дома яны таксама карыстаюцца ўсім замежным: машыны, бытавая тэхніка, мэбля, кампутары, тэлефоны, вопратка, абутак.

У чыноўніцкім асяроддзі пануе атмасфера засакрэчанасці, страху перад народам, які можа ўзбунтавацца. Яны даюць падпіску «о неразглашении своей зарплаты, премий и доходов», бо так патрабуе вышэйшае начальства. Ёсць сярод іх злачынцы, якія пад выглядам збору сродкаў на дабрачынную дзейнасць прысабечваюць значныя сродкі. Арыштам і пасадкай часта заканчваецца кар’ера тых, хто павінен згодна службовым абавязкам змагацца з карупцыяй. Але за кратамі яны доўга не затрымліваюцца. Ці ж усё пералічанае — не цынізм?

Вяршыняй бездапаможнасці і цынізму ў эканоміцы стала сітуацыя з холдынгам «Гарызонт». У кастрычніку 2015 года А. Лукашэнка павіншаваў калектыў з 65-годдзем: «Сегодня «Горизонт» по праву входит в число ведущих компаний отрасли, обладающих современной производственно-технологической базой и высококвалифицированными кадрами…» Але якраз у тым месяцы холдынг не выпусціў ніводнага тэлевізара! Варта задумацца, чаму не спрацавалі ні «правильные решения», ні «точный экономический расчет», якімі правіцель выхваляўся ў 2004 годзе? Чым больш умацоўваецца вертыкаль, тым «гарызантальней» кладзецца эканоміка. Лёс «Гарызонта» напаткаў дзесяткі прадпрыемстваў краіны.

Выхад з тупіка, у які зайшла Беларусь, маецца. Жыццё ўсіх цывілізаваных краін трымаецца на трох «кітах» — законнасць, канкурэнцыя і прыватная ўласнасць. Больш нічога не патрабуецца. Але такі падыход не падабаецца аўтарытарнаму правіцелю, які займеў царскія паўнамоцтвы і дзейнічае «па паняццях»: аднаго за халуйства ўзнагароджвае, а другога за незгаворлівасць кідае за краты, некага надзяляе ласымі кавалкамі, а іншаму паказвае кукіш. Прытым пад усе дзеянні падводзіцца патрэбная юрыдычная база, бо пакорлівыя законы мяняюцца часцей, чым пальчаткі. Цяпер створаны ўсе ўмовы, каб множыліся розныя правапарушэнні: за сярэднюю суму можна апраўдаць махлярства, а за вялікія грошы — любое злачынства.

Палітычнай, сацыяльнай і маральнай дэзарыентацыяй, якая прыводзіць да свядомаснай дэградацыі людзей, пастаянна займаюцца ідэолагі і афіцыйныя СМІ. Сёння — гэта асноўны складнік у дзяржаўнай машыне абалваньвання. Чыноўнікі і журналісты хлусяць свядома, адпрацоўваючы сваю зарплату, а звычайныя людзі бяздумна ўслед за імі паўтараюць цынічныя выдумкі.

Насельніцтва даўно перайшло ад крытычнага ўспрыняцця быцця да поўнай абыякавасці, што правільна ацэнена сумнай фразай у інтэрнэце: «Мы легко отдали все завоевания и разрешили вершить наши судьбы». Вось чыноўнікі і карыстаюцца маўчаннем запалоханага народа, закручваюць гайкі да самага ўпору. Некаторыя з іх публічна заяўляюць: «Надо действовать предельно цинично и в своих интересах».

Глыбокую і дакладную характарыстыку стану саюзных Беларусі і Расіі даў маскоўскі педагог і публіцыст В. Лысенка: «Мне абсолютно ясно, что любое государство — людоед, склонный к пожиранию своих детей ради выходящих за человеческие пределы целей. А если государство тоталитарное, мораль его — цинизм, а политика — бандитизм. Цинизм и бандитизм — заразительны. У нас особенно. Мы страна слов. Можно сказать, что и — болтунов. Страна идеологическая по преимуществу. Сказать слово у нас — уже дело сделать. А от слова до мордобоя — рукой подать. Зарабатывать деньги мы не привыкли. Привыкли получать, отнимать и воровать. Если сумеем стать нормальными собственниками, если научимся зарабатывать на жизнь, а не «вертеться» и «выкручиваться», — приобретем социально-политическое здоровье. Пока же ситуация неутешительная».

Людская абыякавасць — гэта самы галоўны і страшны цынізм. Таму няма ніякага апраўдання беларусам, якія спакойна, моўчкі прымаюць кожны наступ на ўласныя правы і свабоды, пастаянны здзек над сваёй чалавечай годнасцю і над здаровым сэнсам жыцця.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Святочныя тэлепакуты

Чаканне

Ніжэй плінтуса

Разгон хмараў

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023