TOP

Хто каго пераплюне?

З трывожнай зацікаўленасцю я сачу за нарастаннем маніпуляцый-фокусаў, якія праводзяць чыноўнікі ў розных сферах жыцця. Ствараецца ўражанне, што ідзе маштабнае спаборніцтва за тое, хто каго пераплюне ў садысцкім націску на людскую вытрымку і цярплівасць. 

Кожны дзень СМІ прыносяць навіны, якія тычацца павышэння коштаў на ўсё, ад чаго наўпрост залежыць стабільнасць дабрабыту насельніцтва. Гэта прадукты і тавары, камунальныя паслугі, электраэнергія, газ, лекі, праезд у грамадскім транспарце. Рэжым, які баіцца рэвалюцый нібы чорт ладана, нават не задумваецца пра наступствы валюнтарысцкіх дзеянняў. Правалы ў эканоміцы прыціснулі так моцна, што ён ідзе на злом галавы.

Сёлета Беларусь выходзіць на максімальны ўзровень беднасці за апошнія 11 гадоў. Hатуе толькі тое, што беларусы — народ абсурдна ўнікальны, схільны да мазахізму. Яны ўмудраюцца быць незадаволенымі эканамічнай і сацыяльнай палітыкай улады і разам з тым падтрымліваць на выбарах свайго куміра.

Насельніцтва заўважае разрозненыя элементы ўціску: там павысілі кошты, тут адабралі льготы, недзе павялічылі штрафы, але , як правіла, агульны малюнак пагаршэння дабрабыту для яго недаступны. Палаялі, пабурчэлі — і заціхлі да наступнай «падлянкі». Людзі не бачаць, што ўжо даўно ўлада з той, якая «дае», перарадзілася ў тую, якая забірае. Яна трымаецца на цынічным абдзіранні звычайнага, незаможнага чалавека. А для чыноўнікаў, сілавікоў, прыўладных бізнесменаў і безлічы розных дзялкоў-»жучкоў» амаль нічога не мяняецца, іх дабрабыт непарушны.

Трэба канстатаваць, што гістарычная місія Беларусі ў эпоху постсавецкага аўтарытарызму дакладна вызначылася — быць аб’ектам палітычных і сацыяльных эксперыментаў, падвопытнай «мышшу» або «малпаю». Усё, абкатанае на тутэйшым палігоне, затым пераносіцца ў Расію, Казахстан, іншыя краіны. Праўда, там грамадзяне хоць зрэдку, але выступаюць з пратэстамі, як было з адлічэннем на капітальны рамонт жылля. Пуцінскі рэжым адступіў. А ў нас пасля супакойваючых, дэмагагічных слоў, агучаных праз СМІ — «мы должны услышать народ», «мы должны посоветоваться с населением», — цэннікі і тарыфы імгненна мяняюцца. Ніхто нават і вякнуць не паспявае. Галоўнае падаць негатыўныя змены так, нібы яны робяцца не дзеля далейшага ўтульнага сядзення на «царскім троне» аднаго індывіда, а «по пожеланиям трудящихся».

Выклікаюць абурэнне намаганні спіхнуць пагаршэнне ўзроўню жыцця беларусаў на Захад. З усіх умоў МВФ, якімі абстаўлена выдача ратавальнай пазыкі, рэжым ухапіўся за кошты і тарыфы, што знаходзяцца на апошняй пазіцыі, а не за галоўнае — рэфармаванне эканомікі і скарачэнне выдаткаў на кіруючы і рэпрэсіўны апарат. А ўлада і СМІ прасуюць свядомасць абывацеля страшылкамі пра нібыта ва ўсім вінаватую аўтарытэтную фінансавую арганізацыю. Пасля такіх маніпуляцый бязглуздзіца, якую выказваюць недасведчаныя людзі ў чэргах рынкаў, магазінаў і аптэк, зашкальвае.

Для вертыкальшчыкаў Захад — гэта не толькі вораг, на якога спісваецца ўласнае няўмельства, пралікі, але і палачка-выручалачка. Як толькі народ пачынае абурацца коштамі ЖКГ, яму адразу падсоўваюць той факт, што еўрапейцы плацяць 100% кошту паслуг.

Пра салідны памер зарплат і пенсій у развітых краінах Еўропы чыноўнікі ніколі не згадваюць. Памяць у іх выбарачная. Але разумныя людзі кажуць: «Вы стварыце такія эканамічныя ўмовы, каб працаўнік меў годную зарплату, дарэшты не абкарнаную вылікамі і падаткамі, а тады з нас патрабуйце! Мы заплацім!»

Але планы чыноўнікаў нацэлены зусім не на такі лад жыцця. У іх задача — трымаць людзей на мізэры, а здзіраць як мага болей. Трываюць? А давайце мацней іх прыціснем! Яшчэ дыхаюць, варушацца? Ну дык падкінем болей клопату, сапсуем жыццё дарэшты, каб курчыліся ў страху, баяліся, што адбярэм апошняе!

Лідзіруе ў спаборніцтве па выніманні грошай з кішэняў грамадзян ЖКГ. Камунальшчыкі так і не выканалі канкрэтнае даручэнне кіраўніка краіны — зрабіць дакладныя разлікі сабекошту паслуг, якія прапануюцца насельніцтву. Яны працягваюць карыстацца «фількінай граматай». А «грозны цар» глядзіць на сабатаж скрозь пальцы.

Затое, не ведаючы, як яшчэ садраць з людзей нейкія грошы на ўласнае існаванне, «мудрыя» камунальшчыкі вырашылі ўсталяваць аплату за карыстанне ліфтам не ад колькасці жыхароў у кватэры, а ад яе метражу. Уражанне такое, што чыноўнікі самі пагалоўна выехалі з гарадскіх кватэр у бязліфтавыя катэджы-палацы, а цяпер прыдумваюць, як выціснуць лішні рубель з насельнікаў шматпавярховых дамоў.

60 працэнтаў жыхароў Беларусі атрымлівае заробак ніжэйшы за сярэдні. Але хто ва ўрадзе дакладна, без махлярства падлічыў: ці могуць цяперашнія зарплаты і пенсіі задаволіць хоць бы элементарныя патрэбы чалавека?

Мне давялося быць у Югаславіі напярэдадні грамадзянскай вайны і распаду яе на асобныя краіны. Нават у надзвычай складаны час урад вытрымліваў «нажніцы» паміж сярэднім заробкам і коштамі на прадукты, тавары, лекі, камунальныя паслугі. Павышэнне зарплат і пенсій было апераджальным (!), улада думала пра людзей!

Аўтарытарызм, які доўга пануе ў Беларусі, абапіраецца на кіраўнікоў, якія не вызначаюцца высокім інтэлектам, схіль­насцю да абстрактнага мыслення, дынамічнай рэакцыяй на выклікі часу. Хоць часта на прапановы грамадзян чыноўнікі глыбакадумна кажуць: «Инициатива хорошая, но требует вдумчивой работы», — ды на гэтым усё і канчаецца. Улада стараецца спрасціць жыццё да мінімуму. У дробных начальнікаў і ў насельніцтва функцыя адна і тая ж — выконваць каманды зверху.

Але ў краіне бытуе столькі многа ўказаў, дэкрэтаў, даручэнняў, загадаў, інструкцый, што чыноўнікі, хоць іх распладзілася неймаверна, не могуць пракантраляваць выкананне, прасачыць за арганізацыйным працэсам. Яны самі блытаюцца ў лабірынтах бюракратызму, які стварылі. А як у ім пачувае сябе звычайны чалавек?

Часта даводзіцца гутарыць з людзьмі, якім у1994 годзе было па 18—20 гадоў. Пытаюся: ці змаглі яны рэалізаваць здольнасці і таленты? Большасць лічыць, што гэта не ўдалося. Нехта некалькі разоў мяняў род занятку з-за жорсткіх чыноўніцкіх наездаў, частка прадпрымальнікаў апынулася ў Польшчы, Літве, Украіне, Латвіі. Яны працуюць там, дзе правілы «гульні» не мяняюцца, дзе няма бальшавіцкай экспрапрыяцыі.

Уціск грамадзян асэнсаваў расійскі акадэмік А. Асмолаў: «Мы все время пользуемся лукавой терминологией, говорим, у нас «утечка мозгов». Нет, у нас «выгон мозгов». Людям негде себя найти, самореализоваться, у многих профессионалов просто нет перспектив. Суть всех этих процессов — погашение разнообразия, страх перед неопределенностью, беспредельное опрощение».

Пры аўтарытарызме прымітыўная спрошчанасць знішчальна закранае не толькі эканоміку, матэрыяльнае існаванне. Яна разбурае мараль, засмечвае культуру, дзе папулярнымі сталі пошлыя крыўлянні псеўдагумарыстаў, песенькі з заклікам: «Поцелуй меня везде».

Калі ганебны працэс працягнецца, то, як пішуць карыстальнікі інтэрнэта, Беларусь можа стаць «страной хихикающих дегенератов».

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Удуeшэнне прыстойнасці

Тупат натоўпу

Вірус агрэсіі

Апраўданне цынізму

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.