Веды Дразда
Звычайна вершы чытаюць пад музыку. На прэзентацыі кнігі Зміцера Дразда «Зарэчча. Веды вады» яны таксама гучалі пад музыку. Пад музыку цудоўных фота, якія моцна ўпрыгожвалі не толькі саму кнігу, але і сцены кнігарні «Галіяфы».
Для таго, каб выказаць усе эмоцыі, якія я адчуў пад час гэтай імпрэзы, трэба такая колькасць клічнікаў, што нататка складалася бы толькі з іх, таму раю самастойна ўсё прачытаць і абмяжуюся канстатацыяй трох фактаў.
Па-першае, я даведаўся, што, акрамя якасцяў неардынарнага фотамайстра і неабыякавага грамадзяніна, Зміцер Дрозд яшчэ і добры паэт.
Другое. Калі прагучалі кранальныя песні таленавітага Майка Рубіна і казачнай малодшай часткі сям’і Церашковых, стала зразумела, што ва ўсіх нас ёсць будучыня.
Трэцяе. Калі цяпер нехта спытае: «Вы слыхали, как поют дрозды?», я адкажу: «Чуў!!!»
Аляксандр Тамковіч