Навіны з пекла

Напружанасць у жыцці чалавецтва нагнятаюць тэрарыстычныя арганізацыі, дыктатарскія, аўтарытарныя рэжымы, а яшчэ негатыўнаму працэсу спрыяюць бяззубыя, аблянелыя, паблажлівыя да зла прадстаўнікі дэмакратычных сілаў. У выніку інфармацыйныя блокі тэлебачання і радыё, інтэрнэтсайтаў, газетныя матэрыялы нагадваюць «рэпартажы з пекла». 

У ХХІ стагоддзі ў звязку з новымі тэхналагічнымі магчымасцямі адбыліся радыкальныя змены ў функцыянаванні інфармацыйнай прасторы і яе ўздзеянні на чалавека. Яна густа засмечана цынічнымі падтасоўкамі, фальсіфікацыямі і правакацыямі, стала своеасаблівым анархісцкім «гуляй-полем». Асабліва паказальны ў гэтым плане інтэрнэт як самая сучасная і прыцягальная крыніца атрымання звестак. Ён знаходзіцца пад пастаянным асаблівым кантролем ідэалагічных структур і спецслужбаў. Такім чынам вынайдзеныя тэхналогіі служаць не засваенню патрэбных, станоўчых ведаў, не гарманічнаму развіццю асобы, а ўключаюцца ў няспынны маштабны працэс «усеагульнага абалваньвання людзей».

У краінах з аўтарытарным кіраваннем СМІ практычна выконваюць ролю прапагандыскага рупара, не ахалоджваюць разбуральнае напружанне як у міжнародных адносінах, так і ўнутры ўласных грамадстваў, а наадварот, яго падаграваюць. Яны дзейнічаюць паводле парады тэарэтыка камунізму Ф. Энгельса: «Перш за ўсё пісаць пра праціўніка трэба з пагардай і кпінамі».

Прыхаваныя і адкрытыя нападкі на развітыя краіны Захаду прысутнічаюць у інфармацыйнай прасторы Беларусі і Расіі пастаянна. Тут апавядаецца пра вялікія эканамічныя праблемы, пра беспрацоўе ў ЗША, Германіі, Францыі, Англіі. Але ніколі не паведамляецца, што дабрабыт большасці грамадзян гэтых краін у шмат разоў вышэйшы, чым беларусаў і расіян, што ў прыстойных памерах выплачваецца сацыяльная дапамога тым, хто мае ў тым патрэбу.

У СМІ сталі папулярнымі размовы пра тое, што эканамічныя санкцыі Захаду не даюць ніякага выніку. Дагаварыліся нават да такой высновы — абмежаванні прыводзяць да адваротнага эфекту, дапамагаюць умацоўваць эканоміку Беларусі і Расіі. Але дэмагагічная балбатня можа ў адзін момант разбурыцца канкрэтным дыпламатычным дзеяннем. Дзяржсакратар ЗША Д. Керы нядаўна заявіў у Маскве, што да таго часу, пакуль Крэмль не выканае Мінскія пагадненні, уключаючы кантроль Украіны над межамі Данеччыны і Луганшчыны з Расіяй, амерыканскія санкцыі не будуць адменены. Яго словы выклікалі прыкметны перапалох. Толькі дурні, а ў нашым выпадку хлусы на зарплаце, могуць абвяргаць відавочнае. Заходнія санкцыі значна пагаршаюць стан неразвітай эканомікі, якая не рэфармавана, не аснашчана перадавымі тэхналогіямі. Нездарма афіцыйны Мінск так радуецца і дзякуе Еўразвязу за іх адмену.

СМІ Беларусі і Расіі нехаця, скрозь зубы паведамляюць пра драматычныя і трагічныя падзеі ў сваіх краінах, але абавязкова суправаджаюць такія сюжэты аналагічнымі прыкладамі з замежжа. Прытым атрымліваецца, што там тэхнагенныя катастрофы, аварыі, прыродныя катаклізмы заўжды заканчваюцца больш маштабнымі разбурэннямі і значнымі людскімі стратамі. Словам, па савецкай інерцыі падкрэсліваецца — нават бяда наша «лепшая», чым іхняя.

У штыкі сустракаюць афіцыйныя СМІ дзвюх краін дзеянні апазіцыі. З матэрыялаў бачна, што для іх было б лепш, каб яна наогул не існавала. Любая, нават нязначная крытыка аўтарытарных рэжымаў выклікае шквал абраз і паклёпаў на адрас апанентаў. Усе разумныя, рацыянальныя доказы іншадумцаў адскокваюць, як гарох ад сцяны, ад прапагандысцкіх машын Мінска і Масквы, якія выпрацоўваюць наркотык «натхнёнай, пераможнай» хлусні, каб падбадзёрваць электарат.

Чытачы ў зваротах да мяне скардзяцца, што беларускае тэлебачанне не ўлічвае іх інтарэсы. Без усялякага папярэджвання часта мяняецца праграма перадач. Амаль увесь тэлематэрыял даецца ў запісе, прамы эфір гранічна абмежаваны. А як жа, трэба ўсё запісаць, праверыць, можа, недзе ёсць крытыка беларускіх парадкаў або, Божа барані, «самога» — адзінага і незаменнага! Такое не пройдзе! З гэтай прычыны перадачы расійскіх тэлеканалаў транслююцца са спазненнем на два-тры дні, а то і на тыдзень. Актуальнасць многіх з іх, натуральна, страчваецца, карысці няма, а толькі марнуецца дарагі эфірны час. Асабліва ўбога выглядае наша тэлебачанне ў выхадныя і святочныя дні, калі экран на 90% нашпігаваны старызнай і прымітывам.

Шмат часу займае трансляцыя афіцыёзу. Але ўсе глыбакадумныя гутаркі з чыноўнікамі — гэта пустапарожняя балбатня і зацяганая, абрыдлая людзям дэмагогія. Сапраўдная тэлежурналістыка ў Беларусі даўно сканала. Тое, што паказваецца сёння — гэта прапаганда, якая пераплёўвае савецкую. Яна стала больш нахабнай, настырнай, бо ліслівасць, лізанне ўлады забяспечваюць усёдазволенасць. Тэлевізійнікі не шманаюць: гледачы з’ядуць усё, што ні падсунеш.

Асабіста мяне непакоіць не толькі ідэалагічны, але і псіхалагічны аспект уздзеяння тэлебачання. «Прасунутыя» сацыёлагі паспяшаліся залічыць яго ў архаіку, але ў нас ёсць вялікі пласт гарадскога і вясковага насельніцтва, які значную частку свайго часу праводзіць каля экрана. Многія людзі ніколі не пераключаюцца на іншыя заняткі: чытанне кніг, наведванне тэатра, музея, выставы. Тым больш, што ў вёсцы такіх магчымасцяў амаль няма.

Тэлебачанне, нягледзячы на пастаянныя папярэджанні медыкаў, псіхолагаў і ўстрывожаных пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, працягвае атручваць людзей хлуснёй, варожасцю, нянавісцю і агрэсіяй. Мала таго што адусюль ляцяць весткі адна страшнейшая за другую, дык яшчэ наверх напластоўваюцца бандыцка-міліцэйскія і «патрыятычныя» баевікі, у якіх сцэнарысты і рэжысёры вядуць зацятае спаборніцтва за тое, як наладзіць самы маштабны мардабой, «замачыць у сарціры» паболей «нянашых», праліць рэкі крыві.

Што ў такім выпадку адбываецца з незагартаваным чалавекам, у якога слабая псіхіка? Прад ім ляжыць некалькі трагічных шляхоў: першы — трапіць надоўга або назаўсёды ў спецыялізаваную бальніцу, другі — рознымі спосабамі скончыць жыццё самагубствам, а трэці — адчайна схапіць у рукі халодную ці агнястрэльную зброю і крышыць усіх, хто трапіць пад руку. Медыкі і вучоныя якраз канстатуюць імклівае нарастанне ў свеце працэсу разбурэння чалавечай асобы…

У мастацкіх творах, дзе дзейнічаюць свае законы і неўтаймоўная фантазія, нават пра нязведанае расказваецца максімальна набліжана «да месца падзей».

Расійскі пісьменнік А. Гладзілін у аповесці «Тигрушка» піша: «Новостное телевещание транслируют только в аду, а попавших в рай не тревожат земные заботы, они твердо убеждены, что оставшиеся в том мире любимые ими люди здоровы и счастливы, поэтому не стоит за них волноваться».

Можна парадавацца за тых зямлян, якія трапілі ў рай, за іхнюю шчаслівую бесклапотнасць. А нам, хто яшчэ жыве на грэшнай зямлі, трэба змагацца за тое, каб цемрашалы не наладзілі тут канчатковае пекла.

Нягледзячы на ўзмацненне ва ўсім свеце варожасці, нянавісці і агрэсіі, кволая надзея ўратаваць мір, здаровы сэнс чалавечага жыцця пакуль што застаецца, і гэта, як мне здаецца, найлепшая навіна.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Наўздагон

Нараджэнне апакаліпсісу

Пагоня за раскошай

Злачынная прагматычнасць

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023