У аўтарытарнай краіне перакручана разуменне сутнасці нашага існавання. У імя чаго ўсё плануецца і робіцца? На добры глузд, трэба, каб дзяржаўная сістэма служыла чалавеку, стварала яму спрыяльныя ўмовы для камфортнага жыцця і выніковай працы на карысць сям’і, грамадства і краіны.
Не залазячы ў высокія матэрыі, паспрабуем глянуць на рэаліі праз прызму паўсядзённых побытавых варункаў. Ці ёсць у Беларусі ўмовы, каб спакойна і годна жыць, а не пакутліва выжываць, задыхаючыся ў бегу на невядома якую дыстанцыю, бо канца-краю эканамічнаму заняпаду не відно? Няма!
Цяпер на сістэму працуе гіганцкая армія «жывых робатаў», якія абкладзены не законамі, а ўказамі, дэкрэтамі, пастановамі, інструкцыямі і тэлефонным правам. Тут і чыноўнікі, і прапагадысцкая машына, і пракуратура, і суды, і міліцыя, а яшчэ нікуды не дзецца ад стасункаў з жыллёва-камунальнай, гандлёвай, адукацыйнай, медыцынскай і іншымі сферамі. А чалавек — адзін. Толькі варочайся ва ўсе бакі, каб ацалець, каб увесь гэты жалезабетон канчаткова не раструшчыў цябе.
Прэс, пад якім знаходзяцца жыхары Беларусі, знясільвае маральна і фізічна, прыводзіць да розных хваробаў, да псіхапатызацыі грамадства. Калі няма надзеі на паварот да лепшага, то і ўласнае жыццё не мае высокай цаны, якую мела раней.
Ці задумваліся мы калі над тым, чаму ў Беларусі, Расіі, Украіне, як нідзе ў Еўропе, людзі злоўжываюць алкаголем, співаюцца? Як мне здаецца, таму, што жыццё ў насельнікаў нашага рэгіёна заўсёды было не проста цяжкім, але і стрэсавым. Рэвалюцыі, войны, бежанства, эпідэміі, холад, масавы голад, бескватэрнасць. У канцы ХХ стагоддзя да гэтага дадалася Чарнобыльская катастрофа, што павісла над трыма народамі злавеснай хмарай, якую не згоніць ніякі вецер. Наступствы ўздзеяння радыенуклідаў, якія распадаюцца на працягу тысячагоддзяў, ні прадбачыць, ні ліквідаваць не можа ніхто.
Несумненна, на паніклы настрой у грамадстве ўплывае ўзровень дабрабыту людзей. Пагоня за вялікім багаццем, якую ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя распачалі вышэйшыя чыноўнікі БССР, чые імёны мы ведаем, чые твары і сёння бачым на прэзідэнцкіх нарадах, працягваецца. Ёю адпрэчана сістэма агульначалавечых каштоўнасцяў, дэфармавана свядомасць многіх беларусаў. Улада давяла сацыяльную няроўнасць у грамадстве да крытычнай мяжы, за якой магчымы раптоўны выбух народнай нянавісці. На сустрэчах з прэзідэнтам абліччы працаўнікоў сталі такімі пахмурнымі і злоснымі, што фотакарэспандэнты пачалі здымаць народ… са спіны.
Паказальнай рысай аўтарытарнай дзяржавы з’яўляецца тое, што міністр працы і сацыяльнай абароны (!) М. Шчоткіна можа заяўляць: «Если в семье есть дети, то папа должен «крутиться», а не трудиться на одной работе».
Старшыня грамадскага аб’яднання «Перспектыва» А. Шумчанка з гэтай прычыны заўважыў: «То, что сказала министр труда и соцзащиты, — популистский лозунг. Мы слышим их от чиновников каждый раз, когда они не могут внятно объяснить, почему власть допустила снижение уровня жизни и зарплат. Белорус — он что: физически более выносливый, чем русский и американец, который трудится на одной работе? Подобные высказывания от министра труда и соцзащиты недопустимы. Её задача как раз и состоит в том, чтобы труд людей оплачивался достойно, чтобы соблюдалась Конституция и не нарушались правила о восьмичасовом рабочем дне».
Але М. Шчоткіна, якую народ назваў «самым антынародным міністрам», бо пры ёй сацыяльная абарона насельніцтва паступова знікае, кінулася ў новы бой — абурылася, што ў СМІ пішуць пра яе дарагое жыллё, цікавяцца памерамі прыбыткаў.
У дэмакратычных краінах чыноўнікі рэгулярна інфармуюць пра свае прыбыткі і нерухомасць, гэта норма, а ў нас у шэрагах «слуг народа» — звышсакрэтнасць. Затое міністр, якая чамусьці кіравала перадвыбарчым штабам дзеючага прэзідэнта, прыняла ордэн за старанную працу публічна. Увогуле, прыкра назіраць, як беларускі «жаночы батальён», які складаюць высокапастаўленыя кабеты, з такім імпэтам абараняе і мацуе аўтарытарызм, нахабны ўладны гвалт, пераслед моладзі. Жанчынкі, што гэта з вамі робіцца? Вы ж маці і бабулі — абярэг жыцця, усяго самага светлага на зямлі!
Цынізм чыноўнікаў у адстойванні накрадзенага і нажытага махлярствам багацця, шулерскае афармленне нерухомасці, рахункаў, акцый на родзічаў, сяброў, падстаўных асоб зашкальвае. Ва ўсякім разе яшчэ ніколі за апошнія 100 гадоў на беларускай зямлі не было такога разгульнага злоўжывання чыноўнікамі службовым становішчам, такіх маштабных крадзяжоў. Сябе любімых яны лічаць вялікай каштоўнасцю, а таму беражліва запакоўваюцца ў шыкоўныя катэджы, у нерухомасць за мяжой, у дарагія лімузіны, у модныя гарнітуры. А як быць астатнім беларусам, іх жа мільёны?
Каб зразумець розніцу паміж дэмакратычным светам і дыктатурай, варта згадаць, што ў час другой сусветнай вайны каралева Англіі, як і ўсе яе падданыя, харчавалася па прадуктовых картках, а сакратару ЦК ВКП /б/ А. Жданаву, камандзіраванаму І. Сталіным у блакадны Ленінград, дзе трупамі памерлых ад голаду былі ўсланы вуліцы, афіцыянткі-фіфачкі падавалі ананасы, чырвоную і чорную ікру, шампанскае. Вы не бачыце паралелі паміж гэтымі фактамі і тым, што адбываецца ў Беларусі? А я выразна бачу, бо мне, як журналісту і пісьменніку, тэлефануюць і пішуць людзі, якія гібеюць у галечы, не могуць пражыць на жабрачыя зарплаты і пенсіі, вылечыць дзяцей! Найперш чалавеку трэба мець сумленне, а яно, як сведчыць практыка, многімі тутэйшымі чыноўнікамі страчана.
У адным з апошніх інтэрв’ю выдатны паэт і грамадскі дзеяч Генадзь Бураўкін справядліва і мудра сказаў: «Кіраваць краінаю — гэта не толькі выпусціць больш трактароў, засеяць больш палёў; гэта перш за ўсё выхаваць у людзей адчуванне дзяржаўнай незалежнасці, адчуванне чалавечай годнасці. Тады лягчэй будзе выконваць і эканамічныя задачы».
Спадзяванні на тое, што кіруючы клан будзе дбаць пра народныя інтарэсы, пра выхаванне ў людзях самастойнасці, ініцыятыўнасці, прадпрымальніцтва, марныя. Яго дзейнасць навідавоку і скіравана толькі на ўласную захаванасць. У рэжыму няма маральных тармазоў і, каб уратавацца, ён пойдзе на ўсё.
Але ж ёсць мы! Тыя, каму не трэба дрыжаць ад страху на нарадах і шчоўкаць абцасамі. Беларусы павінны нарэшце ўбачыць, што на нашых тварах ляжыць адбітак незразумелай вінаватасці, прыніжанасці, што мы развучыліся жыць без каманды, што ставімся да чужых з ліслівасцю, а да сваіх — з варожасцю, што наша талерантнасць спакойна ўжываецца з жорсткасцю, агрэсіўнасцю.
Ёсць такое паняцце — воля народа. Мы не пакарысталіся ёю, каб у нашым патрыятызме абавязкова былі родная мова, культура, традыцыі. Мы мірымся з тым, што наркотыкі, алкаголь забіваюць моладзь, дазволілі адкрыць шматлікія казіно, якія вытурыла Расія. Так растурзана і бяздумна жыць народу нельга…
Галоўная справядлівасць жыцця ў тым, каб мець лад, што падтрымлівае разумных, таленавітых, працавітых людзей, бо яны — вышэйшая каштоўнасць краіны, якую трэба берагчы.
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…