У рот дзве слівы і — шчаслівы!
Аляксандр Лукашэнка: «Нам дэмакратыя трэба, калі чалавек працуе, атрымлівае хоць якую зарплату, каб хлебушка купіць, малачка, смятаны, тваражку, часам і кавалачак мяса, каб накарміць дзіцёнка, і гэтак далей. Ну, мяса ўжо давайце летам многа есці не будзем». Прызнаемся: на зайздрасць нам, Жыве ў раскошы Захад сыты. Усё даступнае панам, І люд жыруе паспаліты.
Заместа хлеба — пірагі,
Заместа поснага — прысмакі,
І ў затлусцелыя мазгі
Закрадваецца тлум усякі.
Напрыклад, жабамі француз
Наб’е свае вантробы-пуза,
І душыць думак цяжкі груз.
Якія ж клопаты ў француза?
Не йдуць з ягонай галавы
Пра дэмакратыю турботы:
Чые парушаны правы,
Ці ёсць у бежанцаў ільготы?
Вяршыняй жа яго турбот,
Ягоных думак апагеем —
Каб не працівіўся народ
І даў дазвол на шлюбы геям.
Ці ўзяць нарвежца. Рацыён —
Ікра, крэветкі і малюскі.
Наогул ужывае ён
Далікатэсныя закускі.
А потым што ў яго наўме?
Нарвежац разважае тупа,
Ці ўлежна Брэйвіку ў турме,
Хоць ён пакінуў сотню трупаў.
І нават блізкі нам паляк
Незадаволены заўсёды:
Напхае смакаты ў «валляк»
І патрабуе больш свабоды.
А ў нас інакшы сэнс жыцця:
Вярнуцца ўвечары дадому,
Хоць чымсьці пакарміць дзіця
І штосьці пажаваць самому.
А потым з жонкай да начы
Гадаць, што заўтра нас чакае:
Якія знойдуцца харчы
І будзе ў нас яда якая?
Як будзе хлебушка чуць-чуць,
Дык гэта ўжо зусім не гора:
Усё-ткі можна штось куснуць,
Не быць галодным, як і ўчора.
Калі ж здабудзем тваражку,
Тым болей малака, смятаны,
Лічыцьмем з жонкай, што ў руку
Патрапіў джокер нечаканы.
А мяса кус перападзе,
Дык гэта будзе проста свята!
Спявацьмеш песні цэлы дзень,
На ўсіх паглядваць зухавата.
Ды мяса ў хаце не відно…
І не таму, што ў нас дыета
І пахудзець пара даўно,
А проста наступіла лета.
Улетку есці мяса — грэх,
Бо ёсць другой яды ад пуза:
У лесе знойдзецца арэх,
У полі спее кукуруза,
Расце гурочак на градзе,
У садзе — яблыкі і слівы…
Вядома, пры такой ядзе
Без мяса будзеш ты шчаслівы!
* * *
Жывём без мяса, без каўбас,
А нехта нават і без хлеба…
Дык калі ежы мала ў нас —
І дэмакратыі не трэба!
Алесь Няўвесь
Да ведама чытачоў: зборнік Алеся Няўвеся «Цырк на дроце» можна купіць у мінскай кнігарні «ЛогвінаЎ» ( пр. Незалежнасці, 37а).
Рубрыца «Фельетон»:
Муж заместа жонкі будзе мыць пялёнкі
Угробяць без пары такія дактары