Улада ў экстазе
Калі высокая ўлада раптоўна звальваецца на інтэлектуальна і маральна не падрыхтаванага чалавека, той не ў стане паводзіць сябе адэкватна, разумна карыстацца дадзенымі паўнамоцтвамі на карысць народа і краіны, бо ўпадае ў экстаз «царавання». Усе яго памкненні скіраваны на бясконцае захаванне пасады.
Можна канстатаваць, што ў ХХІ стагоддзі ў такім незайздросным стане «завіслі» дзясяткі кіраўнікоў дзяржаў свету. Я не буду характарызаваць іхнюю дзейнасць, паказваць, чым адрозніваецца аўтарытарнае праўленне ад дыктатуры, мяккая дыктатура ад жорсткай. Для гэтага ёсць спецыялісты — палітолагі, гісторыкі. Мяне цікавяць узурпатары ўлады як з’ява псіхічная і сацыяльная. Якім чынам яны становяцца на шлях палітычнага махлярства, чаму над імі ўзводзяць арэол выключнасці і незаменнасці? Колькі ў адмоўнай з’яве прыкладання сіл самога «героя»? Пад уплывам якіх абставінаў у стварэнні культу ардынарнай асобы пачынае актыўна ўдзельнічаць атачэнне і замбіраваная людская маса?
Звычайным грамадзянам няпроста прарвацца праз кокан прапагандысцкага ўслаўлення, у які загортваецца любы аўтакрат або дыктатар, да сутнасці гэтага канкрэтнага чалавека. Але з практычнага боку якраз важна зразумець, што ўзурпатар улады, узводзячы ўласнае «я» ў абсалют, ствараючы сабе выключныя ўмовы, бескантрольнасць і ўсёдазволенасць, маральна дэградуе сам і сваім падаўленнем свабоды, ініцыятыўнасці, творчага падыходу да любой дзейнасці вядзе да заняпаду ўсё грамадства.
Кожны раз, калі гаворка тычыцца асноў дэмакратычнага жыцця грамадства, то на першы план выходзяць адкрытыя, свабодныя, сумленныя выбары, якія забяспечваюць неабходную зменнасць улады.
У 1936 годзе галоўны крытык і вораг сталінізму Л. Троцкі напісаў кнігу «Что такое СССР и куда он идет?», вядомую на Захадзе пад назвай «Преданная революция». Пасля 1917 года прайшло два дзесяцігоддзі. Сталін за гэты перыяд стварыў палітычную бюракратыю, зрабіўся яе арганізатарам і правадыром. Л. Троцкі, які сам быў злачынным творцам і ўдзельнікам таталітарызму, нарэшце ўбачыў яго згубнасць і напісаў: «Бюрократическое самовластье должно уступить место советской демократии. Воссстановление права критики и действительной свободы выборов есть необходимое условие дальнейшего развития страны. Это предполагает восстановление свободы советских партий, начиная с партии большевиков, и возрождение профессиональных союзов. Перенесенная на хозяйство демократия означает радикальный пересмотр планов в интересах трудящихся… Молодежь получит возможность свободно дышать, критиковать, ошибаться и мужать. Наука и искусство освободятся от оков».
Але крывавы дыктатар мяняць курс не збіраўся. Ён лічыў, што закручванне гаек, рэпрэсіі і зверствы робяцца «дзеля карысці народа». Так дзейнічалі Іван Грозны і Пётр І, з якіх ён браў прыклад. На крытыку Л. Троцкага тыран адказаў помстай яго сям’і — дачка Ніна, якая пасля высылкі бацькі і арышту мужа засталася абсалютна бездапаможнай, памерла ад сухотаў, другая дачка Зіна ў стане дэпрэсіі скончыла жыццё самагубствам, старэйшы сын Леў памёр у Францыі пры загадкавых абставінах пасля выдалення апендыксу, а малодшы Сяргей загінуў у ГУЛАГу. Сам буйнейшы палітык таго часу быў забіты ў Мексіцы сталінскімі агентамі.
А чым скончыліся маніякальная прага ўлады, экстаз ад царавання для Сталіна? Галоўны ўрач Маскоўскай псіхіятрычнай бальніцы №1, вядомай у народзе пад назвай «Канатчикова дача», які падпісваў урадавыя медыцынскія бюлетэні, у 1953 годзе расказваў, што «…ночами одержимый страхом «вождь и учитель» переходил в своем бункере у Поклонной горы из одного помещения в другое — в каждом его ждала постеленная кровать».
Аўтакраты ў Беларусі, Расіі, Казахстане, Азербайджане, Узбекістане, Туркменістане, Таджыкістане карыстаюцца не толькі вопытам Сталіна, але і тым страхам прад рэпрэсіўным апаратам, які ён пакінуў на абсягах былога СССР. Таталітарная спадчына, якую не ўдалося вынішчыць і якую адкрыта рэстаўруюць, перашкаджае незалежным народам выпрацоўваць і праводзіць цвёрдую лінію паступовага прасоўвання да дэмакратычнага, сацыяльна арыентаванага, гуманнага рынкавага грамадства.
Напрыклад, ва Украіне, якой цяпер нас палохаюць, цяжка адбываецца станаўленне дэмакратыі не таму, што два народныя Майданы парушылі «стабільнасць і парадак». Гнеў людзей быў скіраваны якраз супраць чыноўніцка-алігархічнай бюракратыі і яе «пахана». А стварэнне дысбалансу, разбурэнне нацыянальнай еднасці ўкраінцаў па моўных адзнаках, распал сепаратысцкіх настрояў у Крыме і Данбасе ляжыць на сумленні пуцінскай Расіі. Тым не менш, ацэнка міжнародных экспертаў такая: «Украіна — ужо дэмакратыя», а «Беларусь — аўтакратыя, дзе распраўляюцца з любым іншадумствам».
За час, які прайшоў пасля распаду Савецкага Саюза, аўтакраты стварылі ў сваіх краінах копіі сталінскага бюракратызму. Выканаўчая ўлада ў Беларусі прымяніла паўсюдна адміністратыўны рэсурс, разагнала апазіцыю па закутках, узяла пад кантроль парламент, суды, СМІ і самазадаволена ўпала ў застойны экстаз. На «хурале» кіраўнік краіны прызнаўся: «Мы работаем по-советски» і загаварыў пра ўдасканаленне дзяржаўнага апарату. Але пры аўтарытарызме дэбюракратызацыя ў прынцыпе немагчыма, бо заганная практыка закладзена ў самой сістэме.
Ёсць толькі адно прыкметнае адрозненне — Сталін нячаста выходзіў на публіку, каб надаць уласнай асобе неверагодную значнасць, а цяперашнія ўзурпатары не вылазяць з тэлеэкранаў і пастаянна «сустракаюцца з народам» у суправаджэнні арміі целаахоўнікаў. Гэта падказка паліттэхнолагаў, якія заўважылі, што «бясконцая прысутнасць кіраўніка» спрацоўвае лепш, так маніпуляваць людской свядомасцю больш эфектыўна.
Экстаз узурпатара ўлады перадаецца тым, хто зрабіў яго сваім кумірам. Нават тады, калі гэтыя людзі бачаць яўныя правалы ў кіраванні, спрацоўвае эфект прывыкання да аднаго чалавека. Лепш такі, бо яшчэ невядома, якім будзе новы. Адмова людзей ад пачуцця ўласнай годнасці, ад пазіцыі ў жыцці, ад выбару замяняецца безагаворачным рабствам, бяздумнымі паклонамі таму, хто наверсе.
А ўзарпатары ўвагі на народ не звяртаюць. Яны ведаюць, што ў іх ёсць дастаткова магчымасцяў, каб падкупіць яго маленькай падачкай. Калі ж грошай няма, то ў ход ідуць сілавыя структуры.
Даўным-даўно я экспромтам напісаў чатырохрадкоўе для аднаго сквапнага чалавека, які судзіўся з дзецьмі за маёмасць:
Пакінь, сляпы нябога,
За рэчы весці бой,
Бо на той свет нічога
Не забярэш з сабой.
Гэтыя радкі тычацца і палітыкаў, якія сударгава чапляюцца за ўладу, бо іх значнасць у гісторыі будзе вымярацца не колькасцю гадоў, праведзеных на троне, а важнасцю зробленага для народа і краіны.
Сапраўды, на той свет не забярэш ні палацаў, ні самалётаў, ні лімузінаў, ні грошай, ні жаночых уцех, ні зямной рэальнай або ўяўнай славы. Не забярэш і любімай улады, хоць яна прыватызавана табою. Усё застаецца тут, і не гэта самае важнае. Галоўнае — памяць. На зямлі, сярод жывых, ацэнка кожнаму будзе такая: добрыя словы ўдзячнасці або нянавісць і праклёны.
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»: