TOP

Нулявы кіламетр

Ёсць такая песенька з хітрынкай: «По теории вероятности после радостей — неприятности». Беларусь і Расія пастаянна трапляюць у зону палітычнай і эканамічнай турбулентнасці. Суседка то ўстае з каленяў, то зноў на іх падае. Наша «квітнеючая краіна» нібыта набірае разгон, дасягае кволых вынікаў, а затым паныла вяртаецца на нулявы кіламетр.

Сімвалічны знак «Пачатак дарог Беларусі», які стаіць на Кастрычніцкай плошчы Мінска, якраз і нагадвае пра тое, што мы праз пэўны прамежак часу заўсёды прыходзім да таго, з чаго пачыналі.

У клопатах цяжкага выжывання мільёны беларусаў не задумваюцца: чаму ж так адбываецца? Галоўнае — своечасова атрымаць зарплаты і пенсіі. Праблема пабудовы дэмакратычнай, прававой дзяржавы, наладжвання на грунце Канстытуцыі і справядлівых законаў цывілізаваных стасункаў улады і грамадзян застаецца па-за ўвагай. Яна хвалюе толькі палітычна актыўнае насельніцтва. А між тым ад рашэння гэтай важнай задачы наўпрост залежыць якасць будзённага жыцця, якое кожнаму чалавеку не дае спакою ні на хвіліну.

Наш выдатны паэт Пімен Панчанка, згадваючы цыркавых і рабочых коней, напісаў праўдзівыя радкі, якія, нібы рэнтген, прасвечваюць наскрозь тутэйшую рэчаіснасць:

Мы штодня сабе хлусім…
Ну, а ісціна дзе ж?
Нібы конь той, па крузе
Усё ідзеш і ідзеш.

Нашу краіну да цыркавога, манатоннага хаджэння па крузе ў палітыцы, эканоміцы і сацыяльным жыцці найперш падштурхоўваюць улада і абыякавы стан грамадства. Пры ўсёй бясконцай трыбуннай і прапагандысцкай балбатні пра незалежнасць і свабоду мы застаемся надзвычай залежнымі людзьмі.

Возьмем просты прыклад — абсурднае малпаванне паводзінаў начальства. Варта было прэзідэнту стаць на хакейныя канькі, як адразу ўсе кінуліся ў магазіны па клюшкі. Змяніў клюшку на тэнісную ракетку — бягуць на корты. Прытым магчымасць паўтарыць «спартыўныя подзвігі» кіраўніка мае вузкае кола людзей, астатнія зайздросцяць яму і «багатым шчасліўчыкам». Ва ўсякім выпадку, нягледзячы на будаўніцтва лядовых палацаў, іншых пампезных аб’ектаў, якія стаяць паўпустымі, той масавасці фізкультуры і спорту, што была раней, няма. Ды і рэкордаў у многіх дысцыплінах мелася тады болей, таму што дзецям забяспечвалася сапраўдная даступнасць спартыўных заняткаў.

Ёсць праблемы намнога больш сур’ёзныя. Прыгоннае права хоць адменена 155 гадоў назад, але праз калгасы, ГУЛАГ і сучасны адміністратыўны рэсурс, кабальныя працоўныя кантракты дайшло да нашых дзён.

У пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя мы сталі свабоднымі. Гаварылі без страху тое, што думаем, планавалі рэалізацыю самастойных праектаў. Нам нечага было губляць, амаль з чыстага ліста пачыналася новае жыццё, якое бачылася перспектыўным. Але розуму і волі на тое, каб талковыя задумы здзейсніць, у беларусаў не хапіла.

Трэба прызнаць, што ў нас няма ні грамадзянскай супольнасці, ні народа ў вышэйшым разуменні гэтых паняццяў. Ёсць толькі асобныя разумныя, таленавітыя людзі і незгуртаванае, запалоханае насельніцтва. Аналізуючы сучасную сітуацыю, расійскі пісьменнік А. Бітаў заўважыў: «У нас ведь всё свелось к уровню стада — кто сильнее, тот и важнее. А демократия вылилась в полное беззаконие».

Адміністратыўны рэсурс, які ў аўтарытарнай краіне ўзяў у ціскі кожнага грамадзяніна, давёў залежнасць ад улады да абсалюту. Над людзьмі ёсць і дробны начальнічак, які праводзіць у масы вышэйшыя патрабаванні, не забываючы ў першую чаргу пра ўласныя інтарэсы, і монстр бюракратыі — клан лакейскіх «элітных чыноўнікаў» пад кіраўніцтвам таго, хто «выше бога».

Хто заўжды выйграе ў тупым тупанні па замкнёным коле, вяртаючыся на нулявы кіламетр? Той, хто знаходзіцца ва ўладзе і блізка каля яе! Для чыноўнікаў, дэпутатаў, сілавікоў, суддзяў, пракурораў, прыўладных бізнесменаў, банкіраў, прадстаўнікоў афіцыйных СМІ з кожным адкатам назад нічога не мяняецца. Салідны прыбытак дазваляе не заўважаць пагаршэння дабрабыту, бо для іх — гэта мізэр. Яны закансерваваліся ў камфорце (не толькі па мясцовых мерках!) і добра сябе адчуваюць. За што і як галасуе гэтая публіка на выбарах — таксама вядома. Таму і гучаць з яе вуснаў перлы: «Глава государства, как всегда, наметил нам путь выхода из ситуации». Закончаныя халуі нават не задумваюцца над тым, як такія «салодкія словы» ўспрымаюцца катастрафічна бяднеючым насельніцтвам.

На «хуралах» планы ўрачыста намячаюцца, а затым не выконваюцца, каб зноў вярнуцца на нулявы кіламетр і сабраць чарговую парадную засядалаўку. Як бы ні крытыкавалі апазіцыянеры-ворагі, але прыўладнай «эліце» вельмі прыемна паапладзіраваць кіраўніку, засведчыць яму вернасць, на халяву (ды за нейчы ж кошт!) атрымаць падарункі, паглядзець канцэрт.

А звычайныя людзі кожны адкат адчуваюць напоўніцу. Для многіх сем’яў даўно стала невырашальнай праблемай якаснае харчаванне. Яшчэ больш цяжка тым, у якіх маюцца хранічныя хворыя. Кошт лекаў (як імпартных, так і айчыннай вытворчасці) ўзвінчаны да невераемных вышынь…

Многім беларусам надакучыла рабіць кульбіты з «вечным прэзідэнтам» і вяртацца на нулявы кіламетр. Пра гэта кажуць пахмурныя твары ўдзельнікаў сустрэч з кіраўніком, хоць на іх дапушчаны толькі тыя, хто прайшоў праз адміністратыўнае сіта. Пытанні людзей становяцца больш жорсткімі і патрабавальнымі. А што ўжо казаць пра абмеркаванні ў чэргах магазінаў і аптэк, у інтэрнэце. Тут грамадзяне з нянавісцю гавораць пра няўмек у кіраўніцтве, пра шматлікіх карупцыянераў, якіх прыгрэла ўлада.

Але, на жаль, тых, хто непарушнасць свайго застойнага стану цэніць вышэй, чым рух да лепшага жыцця, чым рост дабрабыту, застаецца шмат. Пакуль яны будуць тупа хадзіць на выбарчыя ўчасткі і бяздумна галасаваць за падсунутыя зверху прозвішчы, нічога добрага нас не чакае.

Што тычыцца кіраўнікоў, то яны не заўважаюць абуранасці грамадзян, не чуюць крытыкі. У адносінах да народа гнуць сваю звыклую лінію сілы. Дарэчы, бачна, што для людзей у іх ніколі не знаходзіцца добрай усмешкі. На сустрэчах з працаўнікамі ўсё выглядае змрочна і сурова. Затое якой радасцю свецяцца вертыкальшчыкі на адкрыцці рэзідэнцый, палацаў, на вайсковых вучэннях, на конкурсах «місак».

Прыкрасць выклікаюць сагнутыя спіны, ліслівыя ўсмешачкі чыноўнікаў у час размоў з прадстаўнікамі Усходу і Захаду, ад каго чакаецца матэрыяльная дапамога, фінансавае ратаванне адыёзнага рэжыму. Людзі рэагуюць на такія лакейскія паводзіны вярхоў грэбліва.

А меркантыльныя дабрадзеі ў Еўропе «купляюцца» на ліслівасць: «Трэба даць шанц беларускай уладзе». Колькі ўжо гэтых шанцаў давалася? Чым усё заканчвалася? Прымяненнем сілы і драконаўскіх штрафаў да мірных людзей! Немагчыма ваўка зрабіць траваядным. Ад вас, шаноўныя еўрапейцы, аўтарытарнаму рэжыму не патрэбны павучанні, як прыйсці да дэмакратыі, акрамя грошай і выгадных эканамічных стасункаў яго нічога не цікавіць. Дык пра што вы будзеце з ім дамаўляцца?

Якую сферу ні вазьмі — усюды адкат на нулявы кіламетр. Не ведаю, можа, знойдзецца нехта, каму падабаецца сённяшняя валтузня, вельмі падобная на сарамлівы занятак недаспелых заклапочаных падлеткаў, але ў радасныя дні, калі незалежнасць стала рэальнасцю, беларусы марылі не пра такую дзяржаву.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

У той ці іншай меры

Наша Перамога

Улада ў экстазе

Веча… без народа

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.