Хочам вярнуцца да вынікаў V Усебеларускага народнага сходу. Вельмі шкада, што ні арганізатары, ні ўдзельнікі не пажадалі абмеркаваць разам з сацыяльна-эканамічнай, яшчэ і нацыянальна-культурную, моўную праблему.
Няспынны працэс сусветнай глабалізацыі з магутнай сілай падмінае пад сябе народы, у якіх штосьці не ладзіцца са станам этнакультурнага жыцця карэннага насельніцтва, развальваецца нацыянальная самасвядомасць, людзі жывуць чужымі духоўнымі каштоўнасцямі. З такой экстрэмальнай сітуацыі, а Беларусь акурат не менш як дваццаць гадоў і знаходзіцца ў ёй, не выйсці праз высілкі нават дзейсных грамадскіх арганізацый. Тут патрэбны непасрэдны ўдзел самой дзяржавы з усімі яе адміністрацыйна-гаспадарчымі, кадравымі, ідэалагічнымі рэсурсамі і СМІ.
Дзяржава сваёй галоўнай дзейнасцю павінна лічыць нацыястваральную. Бясконцае гучанне выразу: «Беларуская дзяржава — ёсць дзяржава сацыяльнай накіраванасці» проста нагнала ўжо многім людзям аскоміну.
Прыкладам для нас можа быць перыяд утварэння ў кастрычніку 1918 года незалежнай Чэхаславакіі, яе прэзідэнта Томаша Масарыка. На гэты час чэхі і славакі былі не менш анямечаны, чым беларусы зрусіфікаваны напярэдадні распаду СССР. Усе палітыкі і інтэлігенцыя, за рэдкім выняткам, размаўлялі толькі па-нямецку. Многія з іх мелі нават нямецкія прозвішчы і імёны. У той экстрэмальнай для маладой незалежнай дзяржавы сітуацыі не разгубіліся цвёрдай нацыянальнай арыентацыі чэхаславацкія палітыкі і інтэлектуалы. У першую чаргу яны канстытуцыйным парадкам пазбавілі нямецкую мову статусу дзяржаўнай, справядліва надаўшы яго чэшскай і славацкай мовам. Аналагічным чынам развязалі моўную праблему і ў адной з самых галоўных нацыястваральных для кожнага народа сфераў — ў адукацыі. Дзякуючы сваёй этнастваральнай дзейнасці Томаш Масарык выратаваў і чэхаў і славакаў ад анямечвання, стаў любімым Бацькам гэтых двух славянскіх нацый.
Менш за ўсё займаўся сацыяльна-эканамічнымі пытаннямі ў надзвычай цяжкі для Францыі пасляваенны час яе палітычны лідар Шарль дэ Голь, справядліва надаючы шмат увагі кансалідацыі народа, якая была моцна падарвана ў выніку нямецкай акупацыі. Мала чые публічныя выступленні вызначаліся такой прыгажосцю французскай мовы, як у гэтага дзяржаўнага дзеяча. У гэтым плане яму зайздросцілі нават артысты драматычных тэатраў.
У нас жа за ўвесь пасляваенны перыяд гісторыі Савецкай Беларусі ніводзін з яе палітычных лідараў не карыстаўся мовай тытульнага народа. Гэтую практыку першым парушыў у 1991 годзе Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч. Затым Мячыслаў Грыб, Сямён Шарэцкі.
Але неўзабаве тая хваля заглухла.
У час працы V Усебеларускага народнага сходу на дзяржаўнай беларускай мове не выступіў ніводны з першай пяцёркі самых высокіх палітычных дзеячоў. Адсутнічалі беларускамоўныя выступы і сярод дэлегатаў сходу ад абласных, раённых, сельскіх органаў улады.
Да крайнасці мала хто карыстаўся беларускай мовай з тых дэлегатаў, прафесійная дзейнасць якіх мае непасрэднае дачыненне да сферы культуры. Лішнім было б тлумачыць, якую карысць апошняя мае ад такіх людзей. Але нават міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў казаў па-руску. Хто-хто, а ён жа ў моц сваёй пасады павінен выдатна разумець, што за межамі беларускай мовы ўжо не існуе, знікае, канчаецца беларуская нацыянальная культура.
Камуністам Савецкай Беларусі такое было недасяжным…
О, як баліць душа за заняпад нацыянальна-беларускай культуры і мовы… І калі ж гэта беларускі народ дачакаецца пазітыўных перамен у дзяржаўнай нацыянальнай палітыцы? Упэўнены, што яны немінуча адбудуцца, бо беларусы як народ з незвычайна багатай гісторыяй і такой жа багатай, арыгінальнай у мінулым культурай не павінны жабракамі сысці з гістарычнай сцэны, выпасці з абоймы цывілізаваных народаў.
І ўсё ж на сходзе гучалі выступы па-беларуску: як правіла, гэта былі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Палітыкі ж яшчэ не дацягнуліся да такога ўзроўню.
Беларусь церпіць не толькі з-за страшэннага нацыянальнага нігілізму бальшыні народа, яго самых элітарных пластоў, але і з прычыны вострага дэфіцыту ў нас смелых людзей, для якіх нацыянальны інтарэс у дзясяткі разоў важней, даражэй за ўтульнае службовае крэсла. У чарговы раз не знайшлося такога чалавека сярод усіх 2500 удзельнікаў сходу…
І ўсё ж маем спадзеў: некалі гэтую неапраўданую традыцыю ўдасца парушыць і ад такіх сходаў пачнём атрымліваць вялікую карысць.
Леанід Лыч, прафесар гісторыі
Мікола Савіцкі, прафесар эканамічнай інфарматыкі
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…