Літару на нейкі час можна спаганіць… Але знішчыць, як і мову, — немагчыма!
Ну што, «полацкі менталітэт», пра які настойліва казаў Уладзімір Арлоў, — перамог: 1 верасня адрэстаўраваны помнік беларускай літары «У нескладовае» быў нарэшце афіцыйна прэзентаваны ўладамі. Адмыслова да Дня ведаў. І напярэдадні свята беларускага пісьменства.
У 2003-м на бульвары Францыска Скарыны з’явіўся ці не самы незвычайны беларускі помнік — прысвечаны 22-й літары нашага алфавіта. А пазалетась здарылася цьмяная гісторыя, якую адны трактавалі актам мэтанакіраванага вандалізма, а іншыя — звычайнай неасцярожнасцю. То бок нехта адмыслова ці выпадкова «скалечыў» радкі Рыгора Барадуліна: «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет».
Каб тое здарылася ў суседніх Польшчы ці Літве, то пакуль бы шукалі вінаватых, улады б папросту ўмомант узяліся за рамонт. Таму што помнік з шэрагу ўнікальных — яго немагчыма абмінуць! А хіба адміністрацыя не зацікаўлена ў турыстах і ў гарадскім патрыятызме?
Аднак у нас па-іншаму…
Пачалася звычайная бюракратычная валтузня. Даўжынёй у два гады — ці не найгоршая ілюстрацыя адносінаў чыноўніцтва да культуры, выхавання нацыянальнай годнасці, патрыятызму?..
А вось грамадская эліта Полацка адразу забіла ў званы. Суполка «Таварыства беларускай мовы» паслала запыт у гарвыканкам, у адказ — «няма сродкаў». Патрабавалася нямала: 80 мільёнаў, бо адліты з адмысловага матэрыялу падмурак не падлягаў аднаўленню. Хоць як удумацца — цалкам пасільная ноша для такога багатага рэгіёна, як Полацк-Наваполацк…
Аднак чыноўнікі абвясцілі пра грамадскі збор сродкаў на рэканструкцыю. Пры гэтым чамусьці не парупіліся пра галоснасць ідэі! І спатрэбіліся дзясяткі зваротаў актывістаў у розныя інстанцыі, каб з банкаўскіх рэквізітаў знялі грыф сакрэтнасці.
Вось і думай: што за тым хавалася? Сорам? Таемны супраціў?
Падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі я двойчы была ў Полацку і кожны раз ставіла адпаведныя пытанні перад уладамі, падтрымлівала высілкі грамадскасці.
У гарвыканкаме абяцалі выправіць сітуацыю, але словы заставаліся «цацанкамі»…
Кажуць: праз помнікі ажывае гісторыя… Дык вось раней у Полацку была славутая беларускамоўная гімназія (былая 7-я школа), былі іншыя школы і садкі, дзе навучалі дзетак па-беларуску… Вынік: адсюль выйшлі вядомыя ўсёй Беларусі знаўцы матчынай мовы, нашай культуры, гісторыі — Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Вінцэсь Мудроў, Лера Сом…
Ну а ў час змагання за аднаўленне «У нескладовага» — ужо аніводнай беларускамоўнай школы, аніводнага беларускага садка… Выпадкова? Не, лагічна.
І так па ўсёй Беларусі. У тым ліку і ў нашай Курасоўшчыне. Вось табе і «цэнтр Еўропы»…
Нядаўна размаўляла з супрацоўніцай Тэатра юнага гледача: «Цалкам згодная з вашымі прапановамі наконт выратавання беларускай мовы. Бо жах: дзеткі прыходзяць на спектаклі, але сярод іх усё больш і больш тых, хто не разумее мовы, — тады смяюцца ды папкорн трушчаць…»
І гэта сумна сімвалічна: НЕ складваецца ў цяперашняй «вертыкалі» з нацыянальнай культурай, з роднай мовай.
Кажу пра тое чыноўнікам, а ў адказ: «Чаму вы толькі да нашага сумлення грукаецеся? Гляньце: паспяшаліся скідвацца полацкія грамадзяне на рамонт? Што да інтэлігенцыі, то гэта ж эліта — усяго купка…»
Толькі рукамі развесці і засталося.
Бо нават калі толькі купка інтэлігенцыі адчувае патрэбу дамагацца справядлівасці, то не сёння дык заўтра паспаліты люд іх абавязкова зразумее. Так было і будзе надалей.
А вось ці падымецца ў сваім разуменні ўлада?
Ну так, 1 верасня яна адкрыла адноўлены помнік «Ў». Што, можа, гэта пачатак перамен і тут?
Дык а хто вам сказаў, што ў вертыкалі спрэс недавукі? Не, зусім не так! Іншая рэч — там у кабінетах пакуль галоўнае — чакаць загад і маршыраваць па статуту…
Больш за тое: шмат дзе баль ладзіцца тымі, каму бліжэй не пеставанне беларушчыны, нацыянальнага, а іх тармажэнне. Полацк — не выключэнне.
Пад гэтыя развагі і тлумачэнне таго, што жыхары не надта шчыравалі з ахвяраваннямі на аднаўленне «Ў»: сапраўды, тое сэрцам патрэбна было найперш інтэлігенцыі, а рэшце — пераважна не балела… Аднак гэта таму, што менавіта ўлады давялі яе да такога стану! Бо ў паспалітым людзе вельмі доўга выбівалася павага да мінулага і веда пра яго — вось адкуль абыякавасць.
Ну а што чыноўнікі за два гады ўрэшце давялі справу да канца, то ці інтэлігенцыя іх задзяўбла, ці зверху патрабуюць паказушнага парадку, а тут у цэнтры помнік пашкоджаны столькі часу… Вось і падстрахаваліся, хоць, магчыма, многім у душы напляваць на яго…
Зноў агаваруся: сказанае не тычыцца літаральна ўсіх. Бо нездарма ж сёння ў нашчэнт зруйнаваным вайной Полацку шмат таго, што жывіць міфы і памяць. На тле беззваротна вынішчанага шматлікія музеі і помнікі ствараюць своеасаблівыя прыпынкі часу ў прасторы. Прастора полацкая напаўняецца тым і тымі, хто яе фармаваў: Чарадзеем, Будным, Скарынам, Еўфрасінняй…
… Вось пра што мне падумалася, як пабачыла здымак адноўленага мемарыяльнага знака ў гонар нашай унікальнай літары Ў.
Для мяне неяк вельмі нязручна называць яе «нескладовай» ці «кароткай», бо насамрэч яна вельмі нават СКЛАДНАЯ і ВЯЛІКАЯ…
Як нашая беларуская, матчына мова.
І хоць гэтаксама, як тую знакаваю літару, мову нашу на нейкі момант можна нават спаганіць, аднак немагчыма знішчыць…
Таццяна КАРАТКЕВІЧ