Нягледзячы на тое, што беларусы заваявалі алімпійскую ліцэнзію па конным спорце, нашых вершнікаў у Рыа мы не ўбачылі. Проста адзіны конь па мянушцы Пасат састарэў, а добры скакун каштуе да мільёна долараў…
О, колькі спрыту, колькі сілы Меў элітарны конь Пасат! Як ногі скакуна насілі Калісьці, дваццаць год назад!Зайздросцілі аўтамабілі
Ягонай хуткасці тады,
Юрліва зыркалі кабылы:
Такі імпэтны, малады…
Пасат з-за хуткасці і спрыту
Быў, так бы мовіць, у цане.
Сам элітарны,
Ён эліту
Вазіў заўсёды на спіне.
Спартсменам аддалі Пасата
Урэшце ўладныя тузы:
Хай ездзіць на чэмпіянаты
І заваёўвае прызы.
Былі давольнымі спартсмены:
— Жарэбчык жвавы, як агонь!
Хоць дарагі, але бясцэнны
Для нас на скачках гэты конь!
Пасат і рупіўся заўзята,
Не шкадаваў ні сіл, ні ног,
Таму не дзіва, што ў Пасата
Было нямала перамог.
Бяда, што на спартыўнай стайні
І для жанчын, і для мужчын
Быў выбар вельмі аднастайны:
Такі харошы конь — адзін.
І ўсе казалі пра Пасата:
— Наш конь, канешне, залаты.
Але якой жа будзе страта,
Калі адкіне капыты…
І конь скапыціўся нарэшце,
Бо ўжо нямоглы і стары.
«Хоць біце, — думаў ён, —
Хоць рэжце —
Ляжацьму брухам дагары,
Бо мышцы драхлыя, старыя,
І цела ўсё баліць ад ран…»
— Пасат, цябе чакае Рыа!
Паедзем, конь, за акіян! —
Яго ўгаворваў палка трэнер
Дый на калені стаў амаль. —
Там поспех зноў цябе сустрэне,
Пачэпяць, можа быць, медаль!
А конь ляжаў, як нецвярозы
Дзяцюк, што бухнуўся пад плот.
— Ты адмаўляешся?! — пагрозы
Спецыяліст пусціў у ход. —
Не буду няньчыцца з табою
І бізуном агрэць магу!
Наогул завязу на бойню —
На фарш пракруцяць, на рагу!
Але й пагрозай не ўдалося
Падняць. Ляжаў, як бервяно,
Нямоглы, састарэлы кося,
І ў галаве было адно:
«Я больш ні блізка, ні далёка
Нікога з вас не павязу…»
І конь з заплюшчанага вока
Пусціў гаротную слязу…
* * *
Хто медалі амаль нязменна
Дае падчас Алімпіяд?
Каго ні ўзяць — таго спартсмена
Узгадаваў савецкі лад.
Яны прыносяць радасць людзям,
Ды ўзрост спартсменаў — на мяжы.
Перамагаць нядоўга будзем
На тым, савецкім, багажы.
А новых «зорак» — небагата
(Шукаюць іх на старане),
Таму наш спорт
Каня Пасата
Нагадвае чамусьці мне…
Алесь Няўвесь
Да ведама чытачоў: зборнік Алеся Няўвеся «Цырк на дроце» можна купіць у мінскай кнігарні «ЛогвінаЎ» ( пр. Незалежнасці, 37а).
Рубрыца «Фельетон»:
Скарыстаем мудра лес, дык не трэба і АЭС
Дэфіцыт на медалі, бо Расіі аддалі
Паявіўся ў каровы гаспадар адмысловы
Абраўшы цётку за нявесту, хлапец не дапусціў інцэсту
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…