TOP

Мова і праўда

З галоўных чыннікаў нацыянальнага і грамадскага жыцця, без якіх мы ніколі не пабудуем суверэнную, устойлівую да знешніх узрушэнняў краіну, не наладзім у ёй дэмакратычны і справядлівы лад, цывілізаваныя, прававыя ўзаемаадносіны, годны, камфортны дабрабыт, я вылучаю мову і праўду.

Звярнуць пільную ўвагу на вечныя катэгорыі гуманістычнай, духоўнай сферы чалавечага існавання падштурхоўвае дынамічнае, часта негатыўнае развіццё міжнародных узаемаадносін і супярэчлівыя падзеі ўнутры Беларусі.

Сёння выстаяць у бурлівым, зменлівым свеце, які неверагодна бязлітасны да людзей, слабых нацыянальным духам, не рэагуючых на жорсткія выклікі часу, можна толькі з’яднанай, маналітнай народнай сям’ёй. У гэтым плане сучасная Беларусь, нягледзячы на тое што карэннае насельніцтва складае ў ёй 83, 4%, нагадвае мітуслівую камунальную кватэру, дзе ідуць баталіі на ідэалагічнай глебе, дзе заўжды знойдзецца той, хто сыпане солі або плюне суседу ў боршч, дзе забыты народныя традыцыі і звычаі, дзе не ствараецца нацыянальная культура, дзе для вусных і пісьмовых стасункаў ужываецца чужая мова.

Многім насельнікам Беларусі здаецца, што адпрэчванне нацыянальных каштоўнасцяў ніяк не ўплывае на самаадчуванне і адэкватнасць нацыі. Гэта абсалютна не так. Беларусы, адлучаныя ад святыняў, падобныя на дрэва з падсечанымі каранямі, якое ў перспектыве немінуча засохне. Мы даўно знаходзімся ў стане цяжкай хранічнай хваробы. Зразумела, што фізічная, разумовая і эстэтычная аддача ад знясіленага, без гістарычнага аптымізму грамадства — зусім мізэрная.

Калі б роднае слова не мела ніякага значэння для здаровага існавання нацыі, то навошта было б так настойліва, апантана змагацца за чысціню і аўтарытэт сваёй мовы французам? Чаму пастаянна станам рускай мовы заклапочаны прэзідэнт, прэм’ер-міністр і парламент Расійскай Федэрацыі? Кіраўніцтва суседняй краіны ўстрывожылася і тым, што цікавасць да рускай мовы ў свеце падае. За апошнія 25 гадоў колькасць людзей, якія яе вывучаюць, зменшылася на 70 мільёнаў: было 350 мільёнаў, а стала — 280. Таму на папулярызацыю рускай мовы Расія штогод выдаткуе велізарныя сродкі.

Толькі ў Беларусі ўлада і сам народ загналі родную мову ў гета і думаюць, што змогуць абысціся без яе. Ды як той казаў: «А дулечку!» Мы пастаянна «целяпаемся» ў балоце нестабільнасці не толькі з-за цаны на расійскі газ, але і па прычыне зацягнутай нявызначанасці ў важнейшых дзяржавастваральных, нацыянальных пытаннях, і ў першую чаргу — у моўным.

У аснове кожнага працэсу ляжыць стымул. Родная мова можа паўнакроўна жыць толькі тады, калі яна запатрабавана грамадствам: выкарыстоўваецца ў адукацыі, культуры, справаводстве, стасунках паміж людзьмі. У Беларусі ўсе стымулы для ўмацавання і развіцця роднага слова бязлітасна знішчаны. Дзікае ў гэтай гісторыі тое, што самую галоўную нацыянальную каштоўнасць агрэсіўна не прымаюць не толькі манкуртызаваныя афіцыйныя асобы, але і некаторыя прадстаўнікі апазіцыі. Яны забыліся на тое, што родная мова — гэта апошні прытулак для свабоды і незалежнасці. Адзін з герояў афганскага пісьменніка Х. Хасейні кажа, што культура — гэта дом, а мова — ключ да ўваходных дзвярэй і да ўсіх пакояў унутры. Не валодаючы ёй, ты заблукаеш, застанешся назаўсёды бяздомным, без паўнавартаснай самаідэнтычнасці.

Дык што? Вяртаемся да роднай мовы, каб свабодна гаварыць, дыхаць ёй, як паветрам, або будзем «целяпацца» далей? Нічога новага вынаходзіць не трэба, яна павінна быць у дзіцячым садку, школе, ліцэі, універсітэце. Дарэчы, хопіць прыкрывацца тым, што засвоіць беларускую мову цяжка. Калі трэба весці за мяжой бізнес, нашы людзі за кароткі тэрмін паспяхова авалодваюць украінскай, польскай, літоўскай, чэшскай, славацкай, нямецкай, англійскай мовамі. Памятаеце ключавое паняцце — «стымул», пра якое я казаў вышэй? Вось так!

Цяпер звернем увагу, як блізка стаяць у нашай рэчаіснасці словы «мова» і «праўда». Тутэйшыя лю­дзі заўсёды палахліва азіраюцца на тых, хто гаворыць па-беларуску або смела і адкрыта выказвае сваю пазіцыю. Ці можна назваць такую краіну нармальнай?

Расійскі журналіст А. Баярскі ў газеце «КоммерсантЪ» піша: «Страх — это то, что не видит турист, но мгновенно улавливает журналист, пытающийся взять интервью. Мы общались в Минске, Бресте, поселках с крупными бизнесменами и рыночными торговцами, с работягами и служащими, крестьянами и креативщиками. И ни один не согласился сказать на камеру то, что рассказывал в ее отсутствие о быте, экономике, выборах и о «том человеке», «за которого они не голосовали, а он почему-то набрал больше 90% голосов».

Сапраўды, у Беларусі круцяцца вакол ды каля праўды, але ніхто не хоча яе агучваць. А яна палягае ў тым, што трэба мяняць неэфектыўную палітычную сістэму, якая вырасла з савецкага таталітарызму і ўвабрала ў сябе яго заганы. Аўтарытарны рэжым рашае эканамічныя праблемы пры дапамозе расійскай халявы і замежных пазык, а таксама бюракратычнай традыцыі, рэгулярнага перасаджвання чыноўнікаў у іншым парадку. Але рускі байкапісец, дзядуля Крылоў, даўно паставіў пячатку на такім стылі кіраўніцтва, на падобных «спецыялістах»: «Как ни садитесь — не годитесь!»

У дзяржавы хапае магчымасці толькі на тое, каб па даволі высокіх мерках спажывання абслугоўваць вузкі правячы клан. Астатняе насельніцтва забяспечваецца па астаткавым прынцыпе, з барскага стала людзям перападаюць крошкі — ураўніцельныя, мізэрныя зарплаты і пенсіі. У большасці грамадзян няма ніякага стымулу шчыраваць. Усё роўна ніколі не атрымаеш заробленае, не забяспечыш сябе годнай пенсіяй у старасці, а таму ўсе працуюць — абы дзень да вечара адбыць. Гэта і ёсць чыстая праўда!

Акрамя таго, афіцыйныя СМІ пастаянна ваююць з рэчаіснасцю. Расійскія і беларускія тэлеканалы сталі рупарамі цынічнай хлусні, дзе першымі скрыпкамі — самі кіраўнікі краін. Людзям гэта настолькі абрыдла, што яны кажуць: «Вы б хоць прыслухаліся самі да таго, што кожны дзень вяшчаеце на краіну, на насельніцтва! Каму гэтая лухта патрэбна? Пэўна, толькі вам самім!»

Спачатку лідары ў адказ на чуткі, якія з’яўляюцца ў грамадстве, заяўляюць, што нічога падобнага няма і быць не можа. А праз нейкі час прызнаюць, што ўсё гэта — праўда. У Расіі так было з вераломным захопам Крыма, а ў Беларусі хлуснёй абгортваецца кожнае павышэнне тарыфаў і коштаў на паслугі, тавары і лекі, любая іншая дзяржаўная акцыя, якая паніжае дабрабыт людзей.

Кіраўнікі хлусяць, затым пачынаюць публічна расказваць, як гэта было ў сапраўднасці, а пасля зноў маняць. Тым не менш, вельмі сімптаматычна, што з нядаўняга часу пэўныя проблескі праўды пачалі з’яўляцца ў выступленнях Д. Мядзведзева, У. Пуціна і нават А. Лукашэнкі. Проста ім дзецца ўжо некуды!

Даўняя мудрасць кажа: «Нішто так не ўпрыгожвае чалавека, як яго сяброўства з уласнай галавой». Адпаведна ёй і трэба жыць, памятаючы, што яднае народ — родная мова, а прачышчае ягоны розум, мабілізуе на правільныя дзеянні — праўда.

Слухаць і далей з шырока разяўленым ротам прымітыўныя фантазіі тутэйшага «мюнхаўзена» і верыць, што пры аўтарытарнай уладзе нешта можа змяніцца ў лепшы бок у палітыцы, эканоміцы і сацыяльнай сферы — гэта проста не паважаць сябе.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Бяруць звышнахабствам

Сяргей Законнiкаў: «Мы маем цудоўную, разнастайную па прыродзе, вялікую краіну. Так-так, вялікую!»

Вершы пішуцца так, як расце трава

Чырвонае святло

 

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.