Нешта ненармальнае адбываецца ў глабальных маштабах з людскім зрокам. Ён катастрафічна пагоршыўся адразу ва ўсіх: у дыктатараў і ў цывілізаваных лідараў краін, у прадстаўнікоў эліты і ў абывацеляў. Ствараецца ўражанне, што афтальмалагічная пандэмія атакавала нашу планету, каб яе насельнікі не заўважалі зла.
Выснова наконт таго, што ў ХХІ стагоддзі зрок паслабеў, негаласлоўная, бо падмацавана рэальнымі фактамі з жыцця. Пачнем з прасцейшага і больш зразумелага. Да масавай узброенасці беларусаў акулярамі прыводзяць не толькі гены, але і школьныя, студэнцкія нагрузкі, празмернае карыстанне інтэрнэтам, шкодныя наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС, што даўно пацверджана медыкамі.
Але гэты роздум прысвечаны не медыцынскай праблеме, якая несумненна патрабуе ўвагі, а значным хібам у сацыяльна-палітычным бачанні рэчаіснасці многімі кіраўнікамі, парламентарыямі, чыноўнікамі, звычайнымі людзьмі. Калі паставіць мэтай, то нават маючы самы выдатны зрок, можна нічога не заўважаць ні ўдалечыні, ні ў сябе пад носам. Або выдаваць чорнае за белае, і наадварот.
Практыка паказвае, што ў Беларусі правяць людзі, якія не бачаць яўных супярэчнасцяў паміж пераможнай прапагандысцкай рыторыкай, што гучыць з трыбун, у афіцыйных СМІ, і нізкім узроўнем матэрыяльнага, культурнага жыцця мільёнаў грамадзян, заганным камандным стылем кіравання. Увогуле, калі паслухаць прэзідэнта, яго лакейскае атачэнне, а затым пастаяць у чэргах на рынках, у магазінах і аптэках з цярплівымі пакупнікамі, то прыйдзеш да высновы, што гэтыя людзі жывуць у розных краінах. Адны — бесклапотна і ў раскошы, а другія — у стане цяжкага выжывання. Але заўважаецца, што просты люд — большы рэаліст, чым чыноўнікі, якія часта шакіруюць сваёй выключнай недасведчанасцю. Самі стварылі ў краіне безліч абсурду, а цяпер дзівяцца.
Што б негатыўнае ні здарылася, кіраўнікі робяць выгляд, што нічога не бачылі і не ведалі. Кожны раз на публіку разыгрываецца спектакль. Прытым іх не турбуе тое, што прад разумнымі людзьмі яны выступаюць у ролі няўдалых клоўнаў, бо ў шчырасць «начальніцкага няведання» вераць толькі закончаныя зомбі і дэбілы.
Апошнім часам прэзідэнты Беларусі і Расіі раптам «горка заплакалі» над «няшчаснай доляй» настаўнікаў, якую да гэтага ва ўпор не бачылі. Думаеце, што яны ўсур’ёз заклапаціліся дабрабытам педагогаў і павышэннем якасці адукацыі? Памыляецеся! Ім трэба было звярнуцца да настаўнікаў з іншай прычыны — падзякаваць за дапамогу ў захаванні аўтарытарызму. В. Пуцін — прафесійны разведчык — на сустрэчы дапытваўся ў маладога выкладчыка, які заваяваў ганаровы тытул «Учитель года-2016»: «Я не отстану, скажите сразу, сколько вы получаете?» Прэзідэнт «здзівіўся», калі нарэшце вырваў «страшэнную таямніцу» — 26 тысяч рублёў, або 417 долараў. У параўнанні з зарплатай дэпутата Дзярждумы Расіі, якая складае 28 тысяч долараў у месяц, гэтая лічба, безумоўна, выглядае цынічным здзекам. Яна не дацягвае нават да сярэдняга заробку расійскіх бюджэтнікаў — 33 тысячы рублёў. Спадзявацца на тое, што зарплата падрасце, настаўнікам не выпадае. Скончылася сустрэча такімі словамі: «Я вам завидую хорошей завистью и желаю успехов».
Кіраўнік Беларусі секануў з пляча, выказаўся з сялянскай непасрэднасцю: «Возьмите парламентские выборы, недавние президентские выборы: кто составлял основу политического ядра, которое проводило главную политическую кампанию? Учителя, врачи, государственные служащие. И сегодня эти категории граждан, которые обеспечивают стабильность в нашем государстве, необоснованно, наверное, обижены. Но, прежде всего, учитель». Тое, што дзяржаўныя служачыя пакрыўджаны ў грашах, — гэта махровая хлусня, але сутнасць выказвання зразумелая. Які статус настаўніка?! Якая якасць адукацыі?! Галоўнае — захаваць уладу, забяспечыць «магільную» стабільнасць! Тым не менш, і ў нас павышаць зарплату верным служкам аўтарытарызму не спяшаюцца. Настаўнікам дадзена парада зарабляць болей грошай шляхам павелічэння нагрузкі…
Дарэчы, метадаў, якімі дасягаюцца «элегантныя перамогі» на выбарах, сёлета сапраўды мог не бачыць толькі сляпы: загон на датэрміновае галасаванне, масавыя прыпіскі, запіханыя ў чорныя пакеты празрыстыя урны, спіны, якія шчыльна засланялі сталы, дзе вёўся падлік галасоў. Мандражыравала нават загартаваная фальсіфікацыямі Л. Ярмошына, бо давялося астранамічна завышаць працэнт яўкі на выбары. А гэта магло скончыцца катастрофай і ў краіне, дзе «все схвачено». Адсюль крыўда: «Балованные они, жители города Минска, и ничего другого. Никаких поводов для того, чтобы выборы игнорировать, у минчан нет». Але не дапамаглі ні канцэрты, ні буфеты, ні бясплатныя дэгустацыі. На ўсе «клопаты» ўлады жыхары сталіцы адказалі: «Самі ешце!» А таму на многіх выбарчых участках патрэбнай яўкі не было…
Наша грамадства закрывае вочы на прорву паміж багатымі і беднымі, на сацыяльную несправядлівасць, якая пануе ў краіне. Безумоўна, кепска, што «учитель в хороших, средних хозяйствах имеет половину зарплаты от механизатора, доярки». Але ці добра, калі выкладчык ВНУ атрымлівае значна менш, чым настаўнік мінскай школы? Трэба сказаць адкрыта — аўтарытарны рэжым у сферы зарплат і пенсій нагарадзіў такога, што нават чорт ногі зломіць. Толку няма і ніколі не будзе, калі плацяць не за якасную працу, не за заслугі, а за халуйскія паслугі, прытым парушаючы законы. Канфрантацыя ў грамадстве на гэтай глебе расце і абавязкова прывядзе да выбуху.
Акрамя таго, чаму не заўважаецца, што людзей не прывучаюць зарабляць грошы сумленна, а пастаянна паказваюць, як можна ўкрасці, пакарыстацца службовым становішчам для павышэння дабрабыту? А затым выдзеліцца прэстыжным спажываннем: шыкоўным катэджам, лімузінам, гадзіннікам, у Расіі — яхтай, самалётам. Пад дыктатам грошай усюды нарастае маральная дэградацыя.
Ні ўлада, ні насельніцтва Беларусі не бачаць, што русіфікацыя — гэта не толькі знішчэнне роднай мовы, культуры, але і разбурэнне нацыянальнай свядомасці, чалавечай годнасці.
Мне трывожна, што ў цынічны гандаль спаўзаюць міжнародныя адносіны, хоць палітыкі стараюцца не звяртаць на гэта ўвагі. Для замежных аматараў наладжвання цесных стасункаў з узурпатарамі ўлады падказваю яшчэ адзін варыянт паводзінаў: калі пазіраеце на аўтарытарную Беларусь, то наогул заплюшчвайце вочы. Сціснулі павекі, змружылі вейкі — і ўсё ў парадку, вам прымроіцца, што тут дасягнута дэмакратыя вышэйшага гатунку.
А калі гаварыць без жартаў, то заходнія партнёры пад дыктоўку адыёзнага рэжыму кідаюцца ў голую прагматыку — гандаль, фінансы, сумесныя прадпрыемствы, не бачаць таго, што ў Беларусі, паводле слоў Я. Гордзіна, які пісаў пра эпоху расійскага цара Пятра І, хочуць «вырастить рабов с деловыми качествами свободных людей». Але такая мэта, як было раней, скончыцца поўным правалам.
Паспяховае развіццё краіны пойдзе тады, калі мы будзем мець грамадства, якое здольнае падтрымліваць прагрэс. Нельга аддзяляць новыя тэхналогіі, мадэрнізацыю, увогуле ўсю эканоміку ад сацыяльна-палітычнай сістэмы.
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:
Сяргей Законнiкаў: «Мы маем цудоўную, разнастайную па прыродзе, вялікую краіну. Так-так, вялікую!»
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…