Знае кожны і любы: косім мы касой грыбы!
Беларусь вывезла ў Расію ў 5 разоў больш яблык і грыбоў, чым, згодна з дадзенымі Мінсельгасхарчу, вырасціла… Смяюцца людзі кожны раз І ўраду адрасуюць кпіны, Пачуўшы, што растуць у нас Папайя, манга, апельсіны,
Што мы экзотыкай такой
«Закідалі» расійскі рынак,
Яна туды цячэ ракой —
Ад фінікаў да мандарынак.
Махлярства яўнае відно
Бабульцы векавечнай самай:
Краіна стала ўжо даўно
Бяздоннай прадуктовай ямай,
Куды іх прэ заходні свет,
Каб пераправіць у Расію.
Ну, словам, гэта не сакрэт.
Ды разумею я насілу,
Адкуль грыбоў такая цьма
У «нашу яму» прываліла?
У лесе столькі дрэў няма!
Дык дзе ж яна, «грыбная жыла»?
Раней лічылася, бадай
(І гэтым мог я ганарыцца),
Што мой старадарожскі край —
Грыбная нашая сталіца.
Куды там ні пайдзі — лясы,
Дубоў, бяроз і сосен шаты.
Быў сапраўды ва ўсе часы
Куток мой на грыбы багаты.
Дык, можа, сярод тых дубоў
Для нас і сёлета таксама
Ад пуза нарасло грыбоў,
І стала поўнай «наша яма»?
З надзеяй на ўраджай грыбны
Закінуў у аўто карзіны
(Аж падпіралі дах яны),
Падаўся ў родныя мясціны.
Бары абшастаў і гайкі
І абхадзіў дзяцінства сцежкі…
А што знайшоў? Два маслякі
І тры-чатыры сыраежкі.
Адно што ногі збіў за дзень.
Мне патлумачыў дзед Даніла:
— Такая сёлета сухмень!
Грыбніцу ўсю яна спаліла…
Звычайна цёткі ўздоўж шашы
Стаялі з поўнымі кашамі,
А тут праехаў — ні душы:
Відаць, грыбы паелі самі…
І зараз я, цурбан нібы,
Хаджу і думаю панура:
Адкуль прывезлі к нам грыбы —
З Фінляндыі ці з Сінгапура?
* * *
Напэўна, на наступны год
Мы труфеляў здабудзем тоны,
Хоць і не возьмем самі ў рот
Далікатэс такі хвалёны…
Алесь Няўвесь
Да ведама чытачоў: зборнік Алеся Няўвеся «Цырк на дроце» можна купіць у мінскай кнігарні «ЛогвінаЎ» ( пр. Незалежнасці, 37а).
Рубрыца «Фельетон»:
Чаму ж службоўцам неўспадоб, што хлопцы вырылі акоп?
Тым, хто не ўкінуў бюлетэнь, патрэбна соўгаць у каршэнь!
Хоць конь, як кажуць, залаты, але адкінуў капыты
Скарыстаем мудра лес, дык не трэба і АЭС