Пасля сёлетніх парламенцкіх выбараў многія палітычныя аглядальнікі і журналісты звярнулі ўвагу на паводзіны і выказванні моладзі. На крытыку ў свой адрас за рабскую паслухмянасць, хаджэнне строем на датэрміновае галасаванне юнакі і дзяўчаты бадзёра заявілі: «Мы верим в честные выборы!».
Безумоўна, тое, што чалавек можа ў нешта шчыра верыць, — гэта неблагая рыса характару. Але падставы для такога ўспрыняцця канкрэтнага дзеяння павінны быць сапраўднымі і неабвержнымі. А што з сябе ўяўляюць выбары ў тутэйшым выкананні?
Практыка правядзення выбараў і рэферэндумаў у аўтарытарнай Беларусі засведчыла, што на ўсіх этапах пастаянна маюцца парушэнні дэкларуемага заканадаўства і нормаў. Гэта несправядліва сфарміраваныя і залежныя ад выканаўчай улады выбарчыя камісіі, ненармальныя агітацыйныя кампаніі, адсутнасць дэбатаў, абсалютна беспадстаўнае масавае датэрміновае галасаванне, якое не кантралюецца, злачынныя «каруселі» і ўкід бюлетэняў, непразрысты падлік аддадзеных галасоў. Рэгулярна незалежнымі назіральнікамі выяўляецца і фіксуецца безліч парушэнняў. Але сумленны кантроль ёсць толькі на невялікай колькасці выбарчых участкаў. А колькі яшчэ агіднасцяў застаюцца схаванымі! Прытым выбары паказваюць, што іх арганізатары і канкрэтныя выканаўцы, маючы падтрымку з самага верху, дзейнічаюць нахабна і цынічна. Сведчанне гэтага — лаянка, грубыя адказы членаў выбарчых камісій на справядлівыя, крытычныя заўвагі выбаршчыкаў і назіральнікаў.
У такіх умовах гаварыць пра сумленнасць выбараў можа толькі той, хто ставіцца да свайго ўдзелу ў палітычным жыцці краіны гранічна абыякава або свядома падтрымлівае аўтарытарную ўладу, якая дзейнічае пры дапамозе махінацый, фальсіфікацый і прыпісак.
Удзел моладзі ў галасаванні мае велізарнае значэнне, бо юнакі і дзяўчаты сваім канкрэтным выбарам наўпрост вырашаюць уласны лёс, будучыню Беларусі. Яны — сіла, якая неўзабаве стане галоўнай, будзе будаваць і рухаць айчынны прагрэс.
Якраз грунтам нацыянальнай бяспекі заўсёды лічыцца актыўнасць моладзі, фарміраванне яе грамадзянскай і жыццёвай пазіцыі, жаданне ўдзельнічаць у прыняцці дзяржаўных рашэнняў. Але рэаліі паказваюць, што ва ўмовах аўтарытарызму юнакі і дзяўчаты, акрамя яўных угоднікаў, прыстасаванцаў і кан’юнктуршчыкаў, баяцца раскрывацца, «засвечвацца».
Паводле сацыялагічных апытанняў, значная частка моладзі (61%) лічыць сябе сапраўднымі патрыётамі Беларусі. Але яе патрыятызм не ідзе далей удзелу ў палітычных і сацыяльных акцыях, якія арганізоўваюць чыноўнікі, што ў сапраўднасці скіравана на апраўданне і ўмацаванне рэакцыйнага рэжыму, на далейшы ўціск грамадства. Маладыя людзі не ведаюць гісторыі Айчыны, роднай мовы, народных традыцый, слаба выяўляюць самастойнасць, ініцыятыўнасць. У нас не дастаткова развіта, як гэта практыкуецца ў ЗША і іншых заходніх краінах, валанцёрства.
Сацыялагічныя даследаванні сярод самой моладзі (ад 18 да 30 гадоў) на тэму, як юнакі і дзяўчаты ўспрымаюць сябе і аднагодкаў, выявілі пяць найбольш характэрных рысаў: новы менталітэт, погляды на жыццё — 17%, бесцырымоннасць, нявыхаванасць — 7%, разбэшчанасць, эгаізм — 5%, залежнасць ад кампутара, інтэрнэта, мабільнай сувязі — 6%, прасунутасць, валоданне новымі тэхналогіямі — 5%. Прытым 50% апытаных упэўнены, што яны значна адрозніваюцца ад тых, хто на 10 — 15 гадоў старэйшы.
Я не хачу і не стану агулам ганіць сучасную моладзь. У яе шэрагах ёсць юнакі і дзяўчаты, якія заяўляюць сябе культурнымі, выхаванымі людзьмі, маюць годную мэту ў жыцці, сумленна стараюцца яе дасягнуць. Вялікі аптымізм выклікаюць маладыя людзі, якія не ў самы спрыяльны для гэтага час ідуць у фундаментальную навуку, займаюцца разнастайнай творчасцю, эксперыментатарствам і дасягаюць выдатных вынікаў. Але нельга не заўважаць у масе моладзі агульныя негатыўныя тэндэнцыі.
Успамінаю свае маладыя гады, мы — пасляваенныя дзеці — ехалі ў ВНУ, каб стаць добрымі спецыялістамі, атрымаць веды і выкарыстаць іх на карысць свайго народа. На паўгалодным пайку стараліся вучыцца, сціпла, выхавана сябе паводзілі. Цяпер жа для студэнтаў вучоба — не самае істотнае. Галоўнае — займець дыплом і ўладкавацца на «хлебным месцы», каб без намаганняў розуму, фізічных і душэўных сіл атрымаць багацце, якога няма ў іншых.
Новае пакаленне беларусаў адрозніваецца ад старэйшага люду радыкальнай сацыяльнай размежаванасцю, эканамічнай, адукацыйнай, спажывецкай, стылёвай дыферэнцыяцыяй.
Я ніколі не быў супраць здаровага прагматызму. Зарабіць болей грошай, каб стварыць належны дабрабыт сабе і сваёй сям’і — хто стане аспрэчваць такі падыход да жыцця? Сам праз увесь лёс стараўся выкарыстаць свае здольнасці для папаўнення сямейнага бюджэту, нягледзячы на не надта спрыяльныя ўмовы, частую неаплату выкананай працы. Але зарабляць трэба сумленна, не парушаючы законаў.
Сёння перамагае ўстаноўка, якая выпрацавана ў канцы ХХ стагоддзя ў час радыкальнай сацыяльнай трансфармацыі савецкага грамадства — любымі спосабамі нахапаць багацця з дзяржаўнага бюджэту або здабыць павышаны аклад і пенсію не толькі згінаючы спіну перад начальнікам, але і аблізваючы яго. Прыклад маладым чыноўнікам у цынічным рабаванні суверэннай дзяржавы паказваюць прадстаўнікі старэйшых пакаленняў наменклатуры, якія, дзякуючы сваёй бесхрыбетнасці, дагэтуль аціраюцца наверсе, не выпадаюць з «абоймы патрэбных»…
Вялікая частка моладзі ніяк не можа засвоіць таго, што прававой дэмакратычнай дзяржавай кіруюць самі грамадзяне ў адпаведнасці з законам, і кожны чалавек мае ў яго межах надзейную абарону. У сваім разуменні якаснай улады многія юнакі і дзяўчаты сыходзяцца з сівымі дзядамі і бабулькамі, якія лічаць цяперашні аўтарытарны лад і яго стваральніка лепшымі ў свеце. Гэта зразумела — быць рабамі намнога лягчэй, чым браць на сябе абавязацельствы і выконваць іх. Маладыя людзі пацяшаюцца з прыкольнасці «гаспадара», але падтрымліваюць яго .
Кардынальна памянялася стаўленне да культуры, адкідаюцца прэч мараль, агульнапрынятыя нормы паводзін. Прывяду прыклад. Напэўна, жыхары Мінска заўважалі, як мяняецца горад, калі ў верасні з канікулаў вяртаюцца на вучобу маладыя людзі. У грамадскім транспарце адразу павышаецца градус хамства, на вуліцах гучыць болей нецэнзурнай лаянкі.
А культура ў яе шырокім разуменні (маральная, працоўная, палітычная) — гэта грунт жыццядзейнасці грамадства. Лічу важным меркаванне вядомага расійскага артыста, чалавека, які за свой 101 год жыцця пабачыў многае, Уладзіміра Зельдзіна: «Я знаю и уверен в одном — примирить и сплотить людей способна культура. Это не пустые слова, а правда! И когда государственные умы делят бюджет, в первую очередь они должны думать о культуре. Как сказал академик Лихачев: «Культура — это душа нации». Высокий уровень культуры в обществе способен победить коррупцию, халатность, преступность и прочие неприятные явления».
Вяртаючыся да выказвання моладзі: «Мы верим», — хачу нагадаць, што бяздумная вера неаднойчы прыводзіла народы да глабальных катастроф. Дык навошта наступаць на старыя граблі?
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…