Аляксандр Быкаў жыве ў райцэнтры Мядзел, у самай што ні ёсць беларускай глыбінцы, хаця нарадзіўся ў Барысаве. Шмат год адпрацаваў журналістам у мясцовай раёнцы, але галоўнай справай яго жыцця стала паэзія. Пра гэта сведчыць, у прыватнасці, літаратурная прэмія «Залаты Купідон».
— Дзе, калі і як ты адчуў сябе прафесійным літаратарам?
— Нягледзячы на ўсе вонкавыя прыкметы (наяўнасць паэтычных кніг, членства ў пісьменніцкім саюзе, рэспубліканскую ўзнагароду, у рэшце рэшт), у поўнай меры так і не ўсведамляю сябе прафесійным пісьменнікам. Нечага, здаецца, не хапае. Тут якраз уплывае «перыферыйнасць» майго існавання, і не толькі геаграфічная. Не хапае, магчыма, «раскруткі», большай вядомасці. Добра, канешне, быць першым хлопцам на вёсцы, але… Я заўсёды сумняваюся ў вартасці таго, што напісаў. І часам думаю, што ўжо ўсё сказаў, што хацеў і як здолеў. Ды на шчасце, наступны дзень сумненні гэтыя адкідвае прэч і нараджаюцца новыя радкі. А якія яны, судзіць тым, хто бярэ ў рукі кнігу.
— Як жывецца паэту ў глыбінцы? Ці бракуе творчых зносін?
— Вонкава жыццё паэта ў глыбінцы не адрозніваецца ад жыцця іншых. Калі, напрыклад, прыязджае ў райцэнтр альбо ў вёску творца са сталіцы — гэта зрэшты падзея. Ва ўсялякім разе для яго самога. Калі гэта не запрашэнне з нагоды, а паездка прыватная, усё абмяжоўваецца сустрэчай са сваякамі, нейкай дапамогай па гаспадарцы састарэлым бацькам. Вярнуўшыся ў сталіцу паэт можа выдаць нізку настальгічных вершаў, пашкадаваць пра незваротныя змены і г. д. Але наўрад ці калі вернецца назаўсёды. А назіраючы штодзень жыццё глыбінкі, проста заблытваешся, як у павуціне, у гэтых турботах, шматлікіх праблемах і праблемках. Існаванне амаль без падзеяў можа падыходзіць хіба манаху.
— Ёсць вакол цябе твае чытачы, аднадумцы?
— Ведаю, у нашым райцэнтры (і не толькі) ёсць людзі, якім падабаюцца мае вершы. Ёсць і такія, што могуць адрозніць уяўнае графаманства ад сапраўднага твора. А вось з аднадумцамі цяжэй. Я ўсё жыццё збіраю іх па свеце па кроплі, а жыццё адсейвае непатрэбных. Таму, хаця б у жаданнях сваіх, я заўсёды некуды імкнуся. а лёс пакідае тое, што магу асіліць…
— Як змянілася моўная сітуацыя ў Нарачанскім краю, адкуль сам Танк, за тыя гады, што ты там жывеш? Ці не атрымала і там наша мова паразу ад расейскіх серыялаў?
— Прайшло больш за трыццаць год, як я прыехаў з сям’ёй на Мядзельшчыну. Сітуацыя з беларускай мовай была тады лепшай. Цяпер жа Максім Танк, пэўна, не ўзрадаваўся б. Старэйшае пакаленне адыходзіць, вёска вымірае, карэнныя жыхары разбавіліся прыхаднямі, сучаснае тэлебачанне і газеты таксама не дапамагаюць утрымацца мове на плыву. Хаця наўрад ці правільна пераводзіць стрэлкі на шматлікія серыялы і ўвогуле рускамоўныя тэндэнцыі. Як бы сябе няўтульна не пачувала родная мова, яна ж таксама дзяржаўная! І хто нам перашкаджае гаварыць паміж сабой па-беларуску? Неяк у сваёй краме я рашыў купіць кілаграм цыбулі, дык прадавец адразу не магла ўцяміць, чаго я хачу. А гэта я ж не ў кітайскую краму завітаў!
— Сумная карціна… Што, на твой погляд, трэба рабіць, каб захаваць мову і культурныя традыцыі Беларусі?
— Ёсць і станоўчае. Мядзельская раёнка да гэтага часу выходзіць пераважна на беларускай мове, чаго не скажаш пра большасць іншых рэгіянальных выданняў. Мо, і не ўсім падабаецца, але нічога, разумеюць пры неабходнасці без перакладу. І песні народныя ў застоллі ў нас яшчэ спяваюць, і культурныя мерапрыемствы ладзяцца на мове. Прыемна, што і бібліятэчныя работнікі не цураюцца беларускасці. Дарэчы, нямала імі арганізавана сустрэч з беларускіми (а не тымі, хто жыве ў Беларусі) пісьменнікамі, паэтамі, артыстамі, мастакамі, у тым ліку і знакамітымі землякамі. Што бракуе, дык гэта, на мой погляд, жаданне выглядаць «цывілізаванымі», каб, як кажуць, адпавядаць часу. А ці варта азірацца на некага, калі ты жывеш і працуеш на сваёй роднай зямлі, нараджаеш тут дзяцей і ўнукаў, калі ўзвышаюцца на пагосце крыжы тваіх родных і блізкіх?! Упэўнены, што нягледзячы на ўсе варункі нашага складанага і супярэчлівага жыцця, беларуская мова не знікне. Вядома ж, патрэбны пэўныя высілкі. Няхай гэтаму паспрыяюць і мае сціплыя паэтычныя радкі.
— Ты адчуваеш сябе шчаслівым?
— У маёй хатняй бібліятэцы ёсць кніга з аўтографам Васіля Быкава. Подпіс лаканічны: «А. Быкаву на шчасце». Гэта быў далёкі цяпер ужо 87-ы год. Наперадзе мяне чакала шмат невядомага: прыемныя сустрэчы і расчараванні, поспехі і памылкі, нечая зайздрасць і здрада, адданасць і любоў маёй пажыццёвай абранніцы. І кнігі паэтычныя таксама былі наперадзе. Думаю, што рука ў Васіля Быкава аказалася лёгкай. Светлага аказалася больш. Больш не ў фізічным вымярэнні, а па якасці. Таму з нястомнай надзеяй зноўку буду сустракаць заўтра сонца, якое ўрэшце рэшт усіх нас і нарадзіла. А ноч няхай застаецца пацукам, як сказаў аднойчы мой зямляк-барысавец таленавіты і празорлівы пісьменнік Юры Станкевіч.
Павел Магiлін
Читайте также:
Белорусам надо готовиться к страховой медицине
Борисов в «поясе бедности»: временно или…
«Джили»: телега пока впереди лошади
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…