TOP

Маральная апазіцыя

Падзеі разгортваюцца так, што настала пара мабілізаваць на супраціўленне аўтарытарызму значную сілу, якая ёсць у грамадстве. Маецца на ўвазе маральная апазіцыя, яна пераўзыходзіць палітычную па ўстойлівасці перакананняў і колькасна.

Нехта скажа — такая з’ява і яе ўплыў на прасоўванне краіны ў бок дэмакратыі нерэальныя, бо нашы людзі моцна прыціснуты, запалоханы адміністратыўным рэсурсам і нястачай, душэўна і маральна апустошаны. Але такое меркаванне — павярхоўнае.

Нягледзячы на доўгае панаванне ў СССР палітычнага і фізічнага тэрору, татальнае прапагандысцкае абалваньванне, на спробы новага рэжыму сваімі жорсткасцю і гвалтам растаптаць дарэшты чалавечую годнасць, у незалежнай Беларусі маюцца сумленныя людзі з моцным маральным стрыжнем. Яны супраціўляюцца, стараюцца жыць не паводле паняццяў лагернай зоны, якія выпрацоўвае і навязвае грамадству адыёзная ўлада, а па прынятых цывілізаваным чалавецтвам маральных правілах і нормах.

Апошнім часам у свеце адбываецца прымітывізацыя народнага быцця, заняпад маралі, грубае і згубнае спрашчэнне суіснавання людзей. Глабальная дэградацыя ўплывае і на палітычныя, грамадскія працэсы. У Беларусі многія людзі здрабнелі ў маральным плане да такой ступені, што не здольныя зрабіць нават адзін крок насустрач свабодзе і нармальнаму, цывілізаванаму жыццю. Яны лічаць, што можна задаволіцца мінімальнай апекай начальнікаў, дробнымі сацыяльнымі падачкамі, сціплым наборам харчу і тавараў, абысціся без свядомай адказнасці за ўласны лёс і сям’ю, за Айчыну, без высокіх мэтаў, якія дазваляюць звычайнаму чалавеку адчуць сябе стваральнікам рэчаіснасці, важным героем гісторыі. А самыя беспрынцыпныя, амаральныя індывіды, якіх у нас таксама хапае, заўжды гатовы стаць тымі, кім загадаюць, — хлусамі, фальсіфікатарамі, садыстамі і нават забойцамі.

Але яшчэ застаюцца людзі, якія не мяняюцца пад прыгнётам любой улады і абставін, бо ім не дазваляе сямейнае выхаванне, прыстойнасць, годнасць і ўрэшце — проста культура. Гэта і ёсць маральная апазіцыя.

Рэаліі ў Беларусі такія, што немагчыма дакладна вызначыць тэмпературу палітычнага стану грамадства. Напрыклад, я хацеў бы ведаць сапраўдныя вынікі галасавання на ўсіх прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах, якія прайшлі за 22 гады. Мяне не надта засмуціў бы нават такі факт, што большасць насельніцтва падтрымлівае аўтарытарызм. Ну што ж, калі людзі не саспелі для разумнага жыцця, хай застаюцца пад узурпатарам. Але ж гэта трэба даказаць сумленным падлікам галасоў! На вялікі жаль, праўдзівых лічбаў няма і ніколі не будзе. Усё цынічна і бясследна пахавана падтасоўшчыкамі!

Калі з-за афіцыйнага падману нельга праверыць палітычнае непрыняцце аўтарытарызму, якое выяўляецца праз выбары ў лічбах, то параметры нідзе не рэгіструемай маральнай апазіцыі наогул не падлягаюць вымярэнню. Але яна існуе, што паказваюць шматлікія лакальныя, індывідуальныя пратэсты супраць парушэння аўтарытарным рэжымам Канстытуцыі і законаў, супраць разбэшчанасці праваахоўных органаў, пастаяннага падаўлення правоў і свабод.

Больш за ўсё сумленных і дасведчаных людзей абурае тое, што нахабныя начальнікі трымаюць іх за дурняў. Улада адкрыта падманвае народ і яшчэ дазваляе сабе над ім насміхацца, здзекавацца. Гэта тычыцца як сацыяльных, бытавых варункаў, так і палітычных, грамадзянскіх.

Можна прывесці канкрэтныя прыклады. Няма ніякай яснасці з аплатай жыллёва-камунальных паслуг. Гадамі яна рэгулярна павышалася, а чыноўнікі дурылі галовы людзям самымі рознымі паказчыкамі, якія зводзіліся да таго, што насельніцтва аплачвае мізэрны працэнт сабекошту. Па загаду правіцеля над праблемай доўга працавала прадстаўнічая рабочая камісія, але лічбы, як сведчаць незалежныя эсперты, зноў бяруцца са столі. Хутка дойдзе да таго, што беларусам, маючы жабрачыя зарплаты і пенсіі, давядзецца плаціць за «камуналку» такія ж сумы, як у Англіі, Германіі і Францыі.

Грамадзяне не могуць прымірыцца з несправядлівай пенсійнай сістэмай. Яны пытаюцца: чаму здзеклівай ураўнілаўкай пакрыўджаны старанныя працаўнікі з вялікім стажам, чаму павышаныя пенсіі прызначаюцца па-валюнтарысцку, калі пры аднолькавых пасадах і заслугах адзін атрымлівае ў шмат разоў больш, чым другі? Абурае людзей і недапушчальна гіганцкі разрыў у зарплатах чыноўнікаў, дэпутатаў, розных кіраўнікоў і простага працаўніка.

Маральная апазіцыя чуйна рэагуе на глупства і цынічную ўсёдазволенасць у паводзінах начальнікаў. Яна складаецца з незамбіраваных, разумных асобаў, якія не хочуць быць вінцікамі ў дзяржаўнай машыне любога кшталту — дэмакратычнага або аўтарытарнага, якія не вераць хлуслівай прапагандзе, самастойна аналізуюць падзеі. Калі яны чуюць параду прэзідэнта сваім служкам наконт здабывання грошай — «Украдите, откопайте!», або бачаць, як да яго прыезду фарбуюць не толькі сцены, платы, але і дрэвы, а з трыбуны адначасова гучыць пахвальба пра «неиссякаемую творческую энергию», «мощный импульс», то якая можа быць павага да такой улады?

Мае доўгія назіранні за сацыяльнымі і грамадскімі працэсамі, якія адбываюцца на беларускай зямлі, дазваляюць зрабіць выснову, што пасля набыцця незалежнасці ў нас рэальна мог адбыцца масавы разумовы і маральны прарыў, каб забяспечыць у далейшым стабільнае развіццё дэмакратыі, прававой краіны. Я памятаю, як беларусы шчыра паверылі ў перамены да лепшага, у магчымасць жыць па-іншаму — праўдзіва, справядліва, сумленна. Але ў 1994 годзе яны дапусцілі, што наверх вылез узурпатар, а за ім — шматлікія прыстасаванцы, пустадомкі, жулікі і махляры. Аўтарытарны рэжым затаптаў прыстойных людзей, загнаў іх у падполле.

А што адбываецца цяпер? Стала яшчэ горш, чым было пры савецкай уладзе. Значна вырасла бюракратыя. Карупцыя ўслед за чыноўніцкімі кабінетамі выдатна асвоілася ў праваахоўных органах, службе дзяржаўнай бяспекі. Цяпер звычайнаму чалавеку дамагчыся праўды, справядлівага рашэння надзённых пытанняў проста немагчыма.

Спадзяванні на палітычную апазіцыю, якая хоча змабілізаваць народ на імкненне да пазітыўных змен, не спраўджваюцца. Тут у першую чаргу прычынай інертнасць грамадства. Але не менш перашкаджаюць руху да дэмакратыі асабістыя негатыўныя рысы палітыкаў, іх пастаянная раз’яднанасць, легкадумная непадрыхтаванасць да змагання з аўтарытарызмам.

У заходніх краінах у значных палітычных праектах удзельнічаюць як сябры партый, так і звычайныя грамадзяне. На вуліцы і плошчы ЗША, Англіі, Германіі, Францыі, Італіі з пратэстам супраць несправядлівых дзеянняў улады выходзяць не толькі палітыкі і іх прыхільнікі, большасць у калонах — гэта прадстаўнікі маральнай апазіцыі, а таму выступленні становяцца такімі масавымі і выніковымі.

Беларускія палітычныя партыі не могуць пахваліцца ні колькасцю сяброў, ні поспехамі, але не наладжваюць кантакты з немалымі пластамі маральнай апазіцыі, якія ёсць у кожным рэгіёне краіны. Размоў вялося шмат, а выніку няма.

Пара сумленным людзям займацца не толькі прыватнымі, хоць і важнымі жыццёвымі дробязямі, але і вялікімі задачамі. Патэнцыял маральнай апазіцыі трэба задзейнічаць напоўніцу!

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Сіла незалежнасці

Шантаж

Змарнаваны час

Ахвяры падмены

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.