TOP

Смех за кадрам

Чалавечае існаванне ўладкавана так, што як да добрага, так і да кепскага мы прывыкаем хутка. Маладыя беларусы нават прыблізна не могуць уявіць ранейшы аскетызм — не толькі прымітыўнае жыллё, мэблю, дэфіцыт харчавання, адзення, абутку, але і мізэрнасць інфармацыі, якая прыходзіла да людзей. 

Мне давялося выконваць школьныя заданні яшчэ пры карасінавай лямпе пад бясконцыя бравурныя сталінскія маршы і канцэрты класічнай музыкі, што ліліся з радыёпрыймача, які вісеў на сцяне прыбудовы да вясковай школы.

Трэба аддаць належнае агульначалавечаму прагрэсу, бо ён зняў «жалезную завесу», якая аддзяляла СССР ад астатняга свету, каб затым хутка запоўніць постсавецкія краіны ніколі не бачанымі аўтамабілямі, бытавой тэхнікай, таварамі лёгкай прамысловасці, харчаваннем. Шкада, што такімі тэмпамі ў Беларусі не ўкараняюцца новыя тэхналогіі, але добра, што ёсць магчымасць, безумоўна, калі маеш дастаткова грошай (гэта тэма іншай гаворкі!), купіць неабходнае для сябе і сям’і.

Калі з харчам і таварамі сітуацыя гранічна зразумелая — выбраў, купіў і спажыў, то з ідэалагічнай і культурнай прадукцыяй, як кажуць на тутэйшым тэлебачанні, «трэба разабрацца». Лабавая і надакучлівая прапагандысцкая апрацоўка людзей засталася, яна не адышла далёка ад савецкай. Новае толькі ў тым, што, напрыклад, ведамства Г. Давыдзькі, маючы непараўнана лепшыя тэхнічныя магчымасці, праводзіць яе з дапамогай розных візуальных і гукавых хітрыкаў. Праўда, ад такіх маніпуляцый часта патыхае замшэлай правінцыйнасцю і пошласцю. Гледачу выбраць з мясцовага тэлеменю нешта талковае надта цяжка, асаблівай пустатой, халтурай і паўторамі чамусьці вызначаюцца дні адпачынку — субота і нядзеля.

Што тычыцца паўтораў, то тут лідзіруе «смех за кадрам». У савецкі час нас задушылі «бурными, продолжительными аплодисментами, переходящими в овацию», а цяпер хочуць даканаць штучнай, амаль вар’яцкай «весялосцю».

Насельніцтва краіны дзеліцца на тры ўзроставыя групы, якія спецыфічна спажываюць любую інфармацыйную прадукцыю. Згодна з гэтым іх удзел у палітычным і грамадскім жыцці таксама розніцца.

Многія прадстаўнікі старэйшага пакалення бавяць час толькі з афіцыйнымі газетамі і ля тэлевізара, яны не сябруюць з кампутарам, не чытаюць пазнавальную і мастацкую літаратуру. Гэта непахісны электарат рэжыму. Але немалы пласт людзей пенсійнага ўзросту асвойвае новыя інфармацыйныя тэхналогіі, сябруе з літаратурай, стаіць на дэмакратычных пазіцыях.

Сярэдняе пакаленне далучаецца да розных крыніц інфармацыі, тут —абавязковыя ідэалагічныя заняткі на працы, радыё, тэлевізар, дзяржаўныя і незалежныя газеты, кнігі, інтэрнэт. Спектр палітычных і культурных прыярытэтаў у яго шырокі.

Што тычыцца моладзі, то яна аддае перавагу інтэрнэту, адкуль чэрпае веды пра падзеі ў краіне і ў свеце, выкарыстоўвае яго для кантактаў, вучобы і гульняў. Пакуль невядома, як паўплывае на культурнае развіццё, на псіхіку юнакоў і дзяўчат «запойнае», шматгадзіннае сядзенне за кампутарам, але гэта іншая гісторыя.

Значная частка моладзі пад уздзеяннем адміністратыўнага рэсурсу загнана ў палітычныя структуры, што створаны рэжымам для ўласнай падтрымкі. Але ёсць шмат юнакоў і дзяўчат, якія рашуча не прымаюць аўтарытарызм, выступаюць супраць яго.

Безумоўна, пералічанае мною — гэта схема, у рэальнасці сітуацыя больш складаная. Кожная ўзроставая група мае розныя адступленні. Але гаварыць пра ўсенародную падтрымку ўлады, як гэта робяць афіцыйная прапаганда і СМІ, нельга. Наадварот, незадаволенасць рэжымам, які не можа забяспечыць нармальнае развіццё краіны і грамадства, расце з кожным месяцам. Але, на жаль, яна хаваецца «на кухнях»…

У афіцыйных і незалежных СМІ вядуцца гаворкі пра значную кампутарную прасунутасць, масавы выхад беларусаў у сусветны акіян інфармацыі. Аднак у мяне з гэтай прычыны падстаў для трыумфавання няма. Кампутарызацыя слабавата дапамагае развіццю палітычнай культуры і актыўнасці грамадства.

Насуперак палітолагам, журналістам, якія спісалі блакітны экран ва ўтыль, сцвярджаю, што асноўным ідэалагічным наркотыкам, на якім «сядзіць» больш паловы насельніцтва Беларусі, застаецца тэлебачанне.

Па патрэбе, бо без звестак нельга аналізаваць рэчаіснасць, я ненадоўга ўключаю мясцовыя тэлеканалы. Яны запоўнены прапагандысцкімі, нецікавымі шоў, бандыцка-міліцэйскімі серыяламі, расійскімі і тутэйшымі гумарыстычнымі праграмамі. Нябачныя дырыжоры, прызначаныя рэжымам, падсоўваюць ідэалагічную ежу, паказваюць гледачам, дзе і як трэба смяяцца. Чуючы дзяжурны, штучны рогат за кадрам, я згадваю іншы смех.

Шмат людзей, і не толькі з атачэння ўзурпатара ўлады, лісліва падхіхіквае любому абсурднаму абвінавачванню, з якім А. Лукашэнка абрынаецца на знешніх і ўнутраных «ворагаў» або апанентаў. Не менш і тых, хто злараднічае з прычыны жорсткага разгону пратэстных мітынгаў і дэманстрацый: «Так ім і трэба!» А ў выніку выходзіць, што гэты смех — цемрашальскі, згубны. Ненавідзець неабходна не змагароў за свабоду і лепшае жыццё, а канчаткова ахамелы, цынічны рэжым.

Ёсць вялікая грамада «смяшліўцаў» іншага кшталту. Пастаянна ў чэргах магазінаў, аптэк, у грамадскім транспарце чую саркастычныя заўвагі на адрас «нязменнага правадыра», яго абсурдных рашэнняў і прызначэнняў. Што ж, можна хіхікаць або рагатаць у «завуголлі» колькі заўгодна, але аб’ект смеху на гэта ніяк не рэагуе і будзе вас спакойна гвалціць далей. «Смех за кадрам» нічога не дае.

У беларусаў кароткая памяць. Яны забыліся, як пад уздзеяннем тэлебачання смяяліся над палякамі, літоўцамі, латышамі, эстонцамі, якія «паміраюць з голаду», «замярзаюць у халодных кватэрах», бо няма грошай. Чым скончыўся гэты смех? У каго дабрабыт лепшы? Варта зазірнуць у новыя камунальныя плацёжкі, а затым параўнаць зарплаты і пенсіі суседзяў з уласнымі, і ўсё стане ясна.

Чытаючы навіну, што «белорусы сделали сатирическую игру про выборы в США», падумалася: а чаму б вам, «смельчакі», не зварганіць тое ж самае пра «смешную» дзейнасць ведамства Л. Ярмошынай? Гэта, відаць, было б больш прыкольна!

Над намі ў свеце смяюцца часта. Мне даводзілася перажываць вялікі сорам за кіраўнікоў краіны, за ўсіх нас у Берліне, Франкфурце-на-Майне, Варшаве, Кіеве, Вашынгтоне. Ніякія тлумачэнні складанасці сітуацыі не дапамагаюць. Выснова ў суразмоўцаў адназначная: «Так жыць, шаноўныя беларусы, нельга!»

Праўду кажуць людзі. Давайце ўважліва глянем на нашы гарады і вёскі. Вечарамі і ў выхадныя дні яны як быццам выміраюць. Усе сядзяць па сваіх закутках. Ніхто, як раней, не гуляе, не спявае, не танцуе, выходзім толькі па камандзе на арганізаваныя святы.

Мы даўно не ўсміхаемся адзін аднаму, сталі запалоханымі, змрочнымі. Мы перасталі гневацца або радавацца адкрыта і свабодна, смяемся спадцішка, «за кадрам», плачам у падушку, а таму выйшлі ў лідары па ўжыванні алкаголю і колькасці суіцыдаў.

Усмешкі на абліччах, вясёлы смех — гэта выразнікі светлага настрою, высокай якасці чалавечага жыцця. Мне так хочацца бачыць суайчыннікаў радаснымі і шчаслівымі.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Маральная апазіцыя

Сіла незалежнасці

Шантаж

Змарнаваны час

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.