TOP

Засілле прафанацыі

Слова profanation у перакладзе з лацінскай мовы азначае  —  апаганенне святыні. У незалежнай Беларусі татальная прафанацыя пачалася тады, калі была адкінута прэч ідэя пабудовы  дэмакратычнай, прававой краіны, растаптаны парасткі дэмакратыі. 

Злавесным сімвалам наступу прафанацыі, якая прывяла краіну і грамадства ў тупік, стала канкрэтнае, фізічнае апаганенне высокіх нацыянальных святыняў. Уладныя цемрашалы дэманстратыўна разарвалі на шматкі бел-чырвона-белы сцяг, выкінулі герб (славутую «Пагоню») і зняважылі родную мову. Затым пачалі знікаць людзі, нязгодныя з палітыкай аўтарытарнага рэжыму.

Калі новае жыццё пачынаецца з падгону пад узурпатара ўлады Канстытуцыі і невыканання законаў, якія чыноўнікам не падабаюцца, з разбою, то толку ў ім ніколі не будзе.

Раней я закранаў тэму размнажэння ў нашай краіне прафанаў, але тады яна не мела такой актуальнасці, як сёння. Людзі яшчэ былі пад аўтарытарным гіпнозам.

У сучасным ужытку пад словам «прафанацыя» разумеецца  апашленне, скажэнне чаго-небудзь непрафесійнымі дзеяннямі, зняважлівым стаўленнем. Прафан  —  гэта чалавек, які не валодае патрэбным для плённай працы багажом ведаў, прасцей кажучы, невук.

Сама сутнасць прымітыўнага аўтарытарызму прадугледжвае непазбежнае панаванне прафанацыі. Прыход на вышэйшую пасаду чалавека з невялікай агульнай дасведчанасцю і нізкай культурай, якія, нягледзячы на наяўнасць нейкіх дыпломаў, выяўляюцца ў яго выказваннях і ўчынках, заканчваецца бясслаўна.

Аўтарытарны кіраўнік не плануе, не прадугледжвае стратэгічных мэт, якіх трэба дасягнуць нацыі. Ён заклапочаны тым, як дажыць дзень да вечара, як не зляцець з трона сёння, а што будзе заўтра  —  час пакажа. 

Такога правіцеля не цікавяць гісторыя і будучыня народа. У яго няма жадання знаёміцца са спецыяльнай навуковай літаратурай, з праўдзівымі фактамі. Яму здаецца, што аб’ёму заснаваных на міфах ведаў, атрыманых у савецкі час, дастаткова. Улада і пастаянныя захады па яе ўтрыманні (бессаромная хлусня, інтрыгі, шантаж, запалохванне, рэпрэсіі) засланяюць усё астатняе. А таму не ўзнікае імкнення да самаадукацыі, у паводзінах бяруць верх пыха, агрэсіўнае дылетанцтва, невуцкае павучальніцтва.

Кіруючыя кадры падбіраюцца не з улікам адукаванасці, высокага прафесіяналізму і вопыту працы ў пэўнай галіне, а адпаведна вернасці рэжыму і асабістай адданасці (хоць бы на словах!) правіцелю. Такім чынам працэс прафанацыі дзяржаўнай службы запускаецца з самага верху, і спыніць яго без змены палітычнай сістэмы немагчыма.

Народ, які тэарэтычна (паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь) з’яўляецца наймальнікам чыноўнікаў, у тым ліку і «вышэйшага менеджара»  —  прэзідэнта, свае паўнамоцтвы ў аўтарытарнай схеме страчвае. Выкананне службоўцамі абавязкаў падпарадкавана не карысці грамадзян, а толькі амбіцыям аднаго чалавека, які лічыць, што дзяржава  —  гэта ён.

Пры аўтарытарным рэжыме, нягледзячы на асобныя лакальныя дасягненні, адбываецца дэградацыя навукі, адукацыі, культуры, СМІ. У нас не працуюць нармальна дзяржаўныя інстытуты  —  парламент, суды, выканаўчыя органы. Неабходная зваротная сувязь насельніцтва з уладай ператварылася ў суцэльную прафанацыю. Дэпутаты на сустрэчах з выбаршчыкамі не могуць адказаць па сутнасці ні на адно вострае пытанне, яны пыкаюць, мыкаюць, бо без інструкцый зверху не маюць што сказаць. Такімі ж паводзінамі вызначаюцца «паходы ў народ» чыноўнікаў. Заўсёдная аглядка на правіцеля, адсутнасць самастойнасці ў думках і дзеяннях службоўцаў прыводзяць сістэму вывучэння народных меркаванняў  і выкарыстання іх у кіраванні краінай да элементарнай фікцыі, да бюракратычнага пшыку.

Скаргі людзей, што прыходзяць у высокія кабінеты, спускаюцца тым, на каго яны напісаны. А на месцах з чалавекам, які абараняе свае правы, адразу вяршыцца расправа. Адміністратыўны рэсурс, міліцыя, спецслужбы і суды вынікова запускаюць шчупальцы ў любы куточак, знаходзяць і душаць кожнага, хто ўзняў голас за праўду і справядлівасць.

Практыка паказвае, што цяперашнія аўтарытарызм або дыктатура падаўляюць народы не менш жорстка, чым гэта было раней. Шмат разоў я пісаў пра тое, што працэс паўзучай дыктатурызацыі свету, які лічу вельмі небяспечным для ўсіх зямлян, хутка набірае сілу. Добра, што палітыкі нарэшце звярнулі ўвагу на гэтую акалічнасць. Былы дзяржсакратар ЗША Д. Керы, выступаючы на саміце АБСЕ ў Гамбургу, з трывогай казаў пра ўздым аўтарытарызму ў Еўропе і па ўсім свеце. Ён заўважыў, што распаўсюджанне аўтарытарнага мыслення суправаджаецца пагаршэннем сітуацыі ў сферы правоў чалавека, абмежаваннем свабоды СМІ і нарастаннем праяў нецярпімасці і злачынстваў на глебе нянавісці. Палітык засцярог: «Нецярпімасць, рэпрэсіі і падаўленне іншадумства не могуць стаць новай нормай для нас. Кожны ўціск фундаментальных свабод, па сутнасці, уяўляе сабою чарговы пачварны камень  —  той, якімі вымашчана дарога да тыраніі».

Заўвагі Д. Керы важныя, бо многія еўрапейскія палітыкі дзеля ўласных інтарэсаў, якія практычна заўсёды звязаны з камерцыяй, з абагачэннем, часта ідуць на згодніцтва з аўтакратамі і дыктатарамі, паблажліва глядзяць на спаўзанне некаторых дэмакратычных краін у прорву гвалту і рэпрэсій.

Асаблівую небяспеку ўяўляюць постсавецкія  «дворовые ребята», якія прарваліся наверх, «в мир неограниченных возможностей». Яны не прытрымліваюцца маральных нормаў, выкарыстоўваюць для знаходжання ва ўладзе і ўласнага абагачэння любыя, нават крымінальныя спосабы. Гэта тычыцца не толькі часткі алігархату, прадстаўнікоў жульніцкага бізнесу, але і прэзідэнтаў, прэм’ер-мініст­раў, міністраў, дэпутатаў, сілавікоў.

Аўтарытарныя краіны на ўсіх кантынентах планеты не маюць стабільных, пазітыўных дасягненняў ва ўсіх сферах гаспадарання. Спачатку жорсткая ўлада натужна ўтрымлівае на плыву эканоміку, збольшага рашае сацыяльныя пытанні, але затым абавязкова настае катастрафічны абвал.

Мы ведаем, чым скончылі гітлераўская Германія, сталінскі СССР, франкаўская Іспанія, піначэтаўская Чылі, кастраўская Куба. Праект «Аўтарытарная Беларусь», які рэалізуецца з 1994 года, выявіў сябе бесперспектыўным, неэфектыўным і шкодным для нашага народа. З самага пачатку гэта была прафанацыя ў глабальным маштабе. 

У мяне, гледзячы на сваю краіну, даўно склалася ўражанне, што беларусы нібыта бясконца, тупа мяняюць, перакладваюць плітку на адным і тым жа тратуары. Мы вяртаемся да таго, з чаго пачыналі. Доўгая валтузня насельніцтва па абслугоўванні непадрыхтаванага ва ўсіх адносінах правіцеля скончылася нічым. Раздураны ўсёдазволенасцю і раззлаваны няўдачамі, ён робіць памылку за памылкай. У апошні час для папаўнення схуднелага дзяржаўнага бюджэту выданы дэкрэты, якія пакрыўдзілі і абурылі грамадства, і таму на вуліцы, плошчы гарадоў выйшлі пратэставаць тысячы людзей.

Армія незадаволеных як уласным нягеглым жыццём, так і ў цэлым аўтарытарным ладам, пры якім кіруюць невукі і няўмекі, будзе імкліва расці. Але бяда ў тым, што прафаны ніколі дабраахвотна, без драматычных эксцэсаў уладу не аддаюць.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Пазіцыя пісьменніка

Ганебная валтузня

Глабалізацыя і «глыбінка»

Крах выжывання

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.