Хоць рэклама — ад спявачкі, не дастане люд заначкі
Падчас прэзентацыі беларускіх «брыльянтаў», якія «па сваіх характарыстыках і ўласцівасцях не адрозніваюцца ад прыродных», спявачка Ірына Дарафеева ў якасці рэкламы паказала тыя «брыльянты», як кажуць, на сабе. Калі грошай вельмі мала У дзяржаўнае казне, Калі вельмі цяжка стала Іх шукаць на старане,
Спосаб ёсць надзейны ўсё-ткі
(Ён правераны, стары),
Каб знайсці дзяржаве сродкі:
Іх нямала і ўнутры!
Люд купляе ежу, транты —
То ж капейкі і рублі…
Куш адваляць за брыльянты
Нашы людзі-куркулі!
Хоць скупыя нашы нетры
На рубін або алмаз,
«Настругалі» іх з паветра —
Ёсць майстры такія ў нас.
Без харошае рэкламы
(Гэта, мусіць, не сакрэт)
Не рвануцца людзі ў крамы
Па калье ці бранзалет.
Як пачуюць ад спявачкі
Пра «брыльянты»,
Дык, дальбог,
Павыцягваюць заначкі
З-пад матрацаў і з панчох.
І дала спявачка згоду.
— Шчыра мне, народ, павер,
Што брыльянты нашы ў моду
Увайшлі паўсюль цяпер. —
Так даводзіла кабета. —
Я вось іх нашу й сама…
Ды яна ўтрапёна гэтак
Распіналася дарма.
Кашалёк дыктуе моду,
Што б спявачка ні пляла,
І даступная народу
Біжутэрыя са шкла…
Алесь Няўвесь
Да ведама чытачоў: новы зборнік Алеся НЯЎВЕСЯ «Была б свіння, а лужа будзе» яшчэ можна купіць у мінскай кнігарні «Логвінаў» (пр. Незалежнасці, 37а).
Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:
Працуем, як валы. Чаму ж даход малы?
Каб добрым быў душэўны стан, на выбарах не ўводзь у зман
Мы пазбавімся, вядома, ад пахмельнага сіндрома!
А кожны з нас гатоў лавіць сабак, катоў?