Вайна супраць народа
Гісторыя вучыць, што той, хто асмельваецца пачаць вайну супраць свайго народа, ніколі не перамагае, а сыходзіць з ганьбай прэч. Але кожны аўтарытарны рэжым наступае на старыя граблі, бо пераацэньвае ўласныя сілы і магчымасці. Беларускі ўзурпатар і яго сямейна-сяброўскі клан — не выключэнне.
Падзеі апошніх тыдняў у Беларусі сапраўды нагадваюць ваенныя дзеянні. Праведзена татальная «зачыстка» кіраўнікоў і актывістаў апазіцыі, наладжаны ператрус у офісах грамадскіх арганізацый. На вуліцы і плошчы сталіцы выйшлі ўзброеныя да зубоў аўтаматчыкі, затым яе запалоніла незлічоная зграя «чорных людзей» і нарэшце выехала нябачаная раней магутная тэхніка падаўлення пратэстных дэманстрацый.
Паказальная «аперацыя», якую спецслужбы ўчынілі з беларускім палітыкам Мікалаем Статкевічам. Ён бясследна знік, на працягу некалькіх дзён пра аднаго з галоўных арганізатараў святкавання Дня Волі і пратэстнага шэсця не было ніякіх звестак. Датычнасць да яго арышту адмаўлялі міліцыя і КДБ. Але ж нарэшце праўда выплыла, хоць яе ўлада зноў хоча спавіць хлуснёй.
Гледзячы на масавы вар’яцкі хапун, які наладзіў рэжым на вуліцах Мінска 25 і 26 сакавіка, склалася ўражанне, што на кожнага грамадзяніна краіны прыпадае па амапаўцу і «чалавеку ў цывільным». Не так даўно ў СМІ вялася дыскусія пра неабходную колькасць праваахоўнікаў, у ходзе яе міліцэйскае начальства так і не назвала канкрэтныя лічбы, не рассакрэціла сваю армію. Затое цяпер яна паказала сябе ва ўсёй «красе».
За жыццё бачыў шмат агідных учынкаў з боку праваахоўных органаў падчас святкаванняў Дня Волі. Былі жорсткія «кардоны», «клеткі» для ўдзельнікаў мерапрыемства, аднойчы спавілі плошчу Я. Коласа скруткамі калючага дроту, на маніфестацыях даводзілася разам з іншымі грамадзянамі нейтралізоўваць міліцэйскіх або кадэбісцкіх «ціхушнікаў», якія разбівалі шкло ў будынках, наладжвалі бойкі, каб справакаваць разгон, але такога цынічнага здзеку над годнасцю людзей яшчэ не было.
Расійскі журналіст С. Ержанкоў дакладна абмаляваў «особую породу людей», выведзеную рэжымам: «Гримасы ненависти, оскаленные морды. Втроем-впятером они избивали стариков и женщин. Не знаю, как их дрессируют, чем их накачивают, но это страшное зрелище».
У Беларусі спецыяльна на заканадаўчым узроўні праведзена ўмацаванне і легалізацыя брутальных рэпрэсіўных дзеянняў супраць грамадзян. Ад усёдазволенасці і бескантрольнасці ў «вартаўнікоў» парадку і бяспекі «сарвала страху». А таму іх ганебныя паводзіны атрымлівалі адпаведную ацэнку людзей на вуліцах: «Усё свята сапсавалі!»; «За нашыя грошы нас б’юць!»; «Што вы вочы хаваеце свае? Не хавайцеся!»; «Колькі грошай народных ідзе на мардаваротаў!»; «Мы іх не пракормім!» А больш дасведчаны ў палітыцы чалавек выдаў рэпліку: «Чаго вы хацелі? «Цёплы чалавек» спусціў з ланцуга цэрбераў!»
Чым даўжэй мы жывем пры аўтарытарызме, тым больш узрастае віна тых, хто прывёў узурпатара ўлады на трон. Маю на ўвазе як хуткаспечаных палітыкаў і грамадскіх дзеячаў з надта вялікімі амбіцыямі, якім ён быў патрэбен толькі ў якасці «бульдозера», так і звычайных выбаршчыкаў. Наіўнасць беларусаў, што «прастой парань» вывядзе да выдатнага жыцця, вылезла бокам. Ён пастаянна кідае супраць мірных людзей узброеных садыстаў. Якраз старэйшыя пакаленні загналі ўласных дзяцей, унукаў і праўнукаў у пастку тыраніі, у безвыходнасць, калі няма сродкаў спыніць зло.
Сваю руку да ўсталявання рэакцыйнага рэжыму прыклалі ўлады Расіі, еўрапейскія чыноўнікі, кіраўнікі міжнародных фінансавых арганізацый. Гэта на іхнія грошы так пачварна разросся і атрымаў сучасную экіпіроўку рэпрэсіўны апарат. Марна яны чакаюць пазітыўных перамен у Беларусі. Садысты ў форме і ў цывільным адзенні абараняюць не спакой і парадак, не народ, а ўзурпатара і прыкормленую ім вярхушку. Ёсць у кожнага з іх і ўласны інтарэс — лычкі і зорачкі, шчодры дзяржаўны паёк.
Я маю права на бязлітасную крытыку, бо напярэдадні першых прэзідэнцкіх выбараў у масавым друку і ў публічных выступленнях перасцярагаў суайчыннікаў ад трагічнай памылкі, змагаўся супраць тых, хто быў нацэлены «зрабіць Беларусь бананавай рэспублікай з усімі яе пачварнымі атрыбутамі». На жаль, дурноту і наіўнасць, якія сядзяць у людзях, перамагаць цяжка. Як бачым, спатрэбілася амаль 23 гады…
Калі аўтарытарны рэжым не дазваляе беларусам святкаваць гадавіну Беларускай Народнай Рэспублікі (Дзень Волі), то гэта не проста неразуменне таго, на якім свеце і ў якім часе ён жыве. Я знаходжу ў гэтым паталагічную нянавісць да непахіснага імкнення нашых гераічных продкаў мець свабоду ў незалежнай краіне. У людзей, якія намі доўга кіруюць, няма адчування беларускасці і павагі да яе. Яны не ведаюць ні айчыннай гісторыі, ні роднай мовы, ні народных традыцый, не зведваюць гордасці за нязломны нацыянальны дух. Наадварот, мэтанакіравана вынішчаюць усё святое для нас.
Гаварыў гэтыя словы не раз і буду паўтараць — трэба шчыра, сардэчна любіць сваю краіну і народ, а не ўласную высокую пасаду і вялікую зарплату. Без такога неабходнага, моцнага пачуцця заўсёды рушацца маральныя нормы, памірае сумленне, пачынаецца злоўжыванне службовым становішчам, невыкананне законаў, татальны крадзеж, гвалт над людзьмі, што прыводзіць да поўнага развалу спакойнага жыцця.
Цяперашні рэжым па вялікім рахунку мала чым адрозніваецца ад сталінскай тыраніі. Тады масава прэсавалі і знішчалі народ таму, што адчувалі яго ўнутраны пратэст супраць таталітарнай улады, якая падаўляла самастойнасць і ініцыятыўнасць, прымушала жыць па камандзе. Грамадзянская вайна, якая пачалася з прыходам да ўлады бальшавікоў, практычна не спынялася.
Змаганне аўтарытарнага рэжыму супраць беларускага народа вялося ціхай сапай, прыхавана, але няспынна. Успомніце хоць адзін дэкрэт або ўказ, скіраваны на стварэнне належных умоў для свабоднай працы, на рэальнае паляпшэнне дабрабыту большасці грамадзян. Іх няма, ёсць толькі падмарафечванне прыгнёту, прапагандысцкае пераконванне ўласных людзей і іншаземцаў, што «Беларусь — страна для жизни».
Вайна — гэта не проста канфлікт, а спосаб вырашыць канфрантацыю шляхам гвалту, які звычайна заканчваецца крывёю. Улада бяздумна правакуе людзей. Яна забываецца на тое, што партызанская вайна, якая выдатна паказала сябе ў нашых краях, застаецца і сёння канкурэнтназдольнай у змаганні з вялікай падрыхтаванай сілай, з сучаснай зброяй і суперскладанымі сістэмамі.
Спадзяюся, што мой верш «Ні слова!» перадае сённяшні стан і пачуцці мужных беларусаў:
Тут хлусаў тусоўка правіць,
Тут сэнсу хістаецца цвердзь.
Пакуль не пануе праўда —
Ні слова пра смерць!
За слова на бой суровы
Выходзьце — і ратнік, і смерд.
Пакуль не паўстала мова —
Ні слова пра смерць!
Надзея залечыць раны,
Не страшна і новыя мець.
Пакуль сцяг і герб забраны —
Ні слова пра смерць!
АМАП грозны крок паволіць,
Сціхае бравурная медзь…
Пакуль не займелі волю —
Ні слова пра смерць!
Імкненне беларусаў да свабоднага жыцця не спыняць аўтаматы, вадамёты, аўтазакі і дубінкі. Узурпатар улады мае сілавую, але не маральную перавагу. Можна адолець каго заўгодна, толькі не народ. Перамога будзе за ім!
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»: