Гляджу на краіну, на суайчыннікаў, выжываючых з апошніх сіл у бедным побыце, і не магу пазбыцца злавеснай метафары, якая пранізвае болем душу. Мы падобныя на пабіты корпус рэактара БелАЭС, які да пары будзе трываць, але ўсё роўна выбухне.
Узрушэнне адбудзецца, бо беларусы так нахлябаліся гора ў глабальных пераваротах і крывавых войнах, у час сталінскіх рэпрэсій, у калгасным і заводскім прыгоне, пасля Чарнобыльскай катастрофы, пры новым аўтарытарызме, што нават цягавітыя гены продкаў не здольныя трываць важкі груз. Акрамя таго што на нас ціснулі смерць і рабства, мы яшчэ гвалтоўна пазбаўлены роднай гісторыі і мовы, страцілі амаль да канца нацыянальную свядомасць і знаходзімся як бы ў прастрацыі, невядома на якім свеце. Сітуацыя, у якой народ даўно тузаецца, нібы муха ў сетцы павука, тэрмінова патрабуе разрульвання.
Мы — дзіўныя людзі. Калі ў межах уласнай сям’і яшчэ нешта плануем, з пераменным поспехам рашаем, гадуем дзяцей, унукаў, то ў маштабах краіны выяўляем сябе бездапаможнымі, абыякавымі. Спадзяемся, што нехта іншы будзе за нас займацца лёсам роднай Беларусі, наладжваннем у ёй свабоднага і прыстойнага жыцця. А час патрабуе, каб мы былі гаспадарамі не толькі ў кватэры або ў хаце, але і ў Айчыне.
Думалася, што пасля рукатворнай Чарнобыльскай катастрофы нашы людзі стануць больш абачлівымі, крытычнымі, смелымі. Штуршок да зменаў быў бяспрыкладна моцным. Але імкненне да свабоды і здаровага сэнсу жыцця, грамадзянская смеласць не нараджаюцца з-пад палкі. Іх выпрацоўваюць сэрца і душа чалавека. Сёння я зноў пытаюся ў сябе: няўжо яны ў мільёнаў беларусаў так і не абудзяцца?
Брытанская газета «The Guardian» напісала: «Для большасці з нас на Захадзе Чарнобыль запомніўся як тэхналагічны кашмар, кадры з фільма жахаў. Людзям, якія жылі ў гэтым рэгіёне, ён прынёс не толькі жахлівыя фізічныя наступствы, але і кардынальныя палітычныя змены, якія да гэтага часу не ўвянчаліся поспехам. Рэальная логіка дыктуе, што дэмакратычна настроеныя ўкраінцы і беларусы павінны атрымліваць усю тую еўрапейскую падтрымку, якую яны заслугоўваюць».
Што тычыцца маральнай і матэрыяльнай падтрымкі з Еўропы, то яна была і ёсць. За ўсё зробленае ў плане медыцынскай, харчовай і іншай гуманітарнай дапамогі мы сардэчна дзякуем кожнаму еўрапейскаму народу, грамадзянам ЗША, Канады, Японіі (усяго ў бядзе пасабляла 101 краіна!), замежным валанцёрам, якія і дагэтуль нясуць высакародную службу.
Але дэмакратычны свет верыў у палітычнае і грамадзянскае прасвятленне беларусаў, у тое, што ім удасца вырвацца на свабоду, не зваліцца ў новы гвалт, а мы надзей не спраўдзілі. Ды сорамна нам павінна быць у першую чаргу не перад Захадам, а прад гераічнымі продкамі, якія набліжалі незалежнасць Айчыны.
Прарыў да свабоды саміх людзей вельмі зацягнуўся, бо беларусаў у СССР напаткаў не адзін, а некалькі Чарнобыляў. Першымі былі —палітычны, сацыяльны, інфармацыйны, этнічны, духоўны і маральны, а затым, як іх вытворнае, на галаву зваліўся яшчэ і радыеактыўны.
Не сакрэт, што пры аўтарытарнай уладзе цэлыя калектывы службоўцаў працуюць на тое, як лепш схлусіць народу, як яго больш спрытна абдурыць. Усё, што ні робіцца ў краіне, ахутана таемнасцю і падманам. А жыць у хлусні не лягчэй, чым за калючым дротам.
Так атрымалася і з будаўніцтвам БелАЭС, якое персанальна запусціў і апякае правіцель. Прытым зроблена гэта наперакор грамадскай думцы, назло суседзям: раз вы супраць, то атрымлівайце! Такая манера паводзін А. Лукашэнкі выяўляецца пастаянна.
У нашых умовах, калі ад Чарнобыля пакутуе практычна ўсё насельніцтва, прытым хваробы прагрэсіруюць (цяпер стронцый б’е па касцях, па суставах нават маладых людзей!), павінна быць народнае абмеркаванне будаўніцтва любога аб’екта, які нясе небяспеку. Толькі згодна яго вынікаў можна прымаць рашэнне. Але для аўтакрата ўтрыманне ўлады намнога важней, чым здароўе народа.
Грамадская экалагічная экпертыза прыйшла да высновы, што будоўля каля Астраўца мае эксперыментальны характар, «несет недопустимо высокие риски для жителей Беларуси, пострадавших от аварии на ЧАЭС, и соседней Литвы, неприемлема экономически и опасна для энергетической системы страны». Назіраючы за працай, якая разгарнулася, незалежныя эксперты адзначаюць «длительное безответственное отношение заказчиков и подрядчиков Белорусской АЭС к ее радиационной безопасности».
Напрыклад, злашчасны корпус рэактара, які трапіў у ЧП, стаў адным з першых, якія выпускае «Атаммаш». «Мышамі», на якіх будзе выпрабоўвацца эксперыментальны ўзор, зрабілі беларусаў. Нягледзячы на пратэсты партыі «зялёных» і грамадскасці, пабіты корпус рэактара на станцыі ўсё ж усталявалі. Вырашылі нас дабіць канчаткова.
У час узвядзення АЭС ужо адбылося 3 смерці і 10 інцыдэнтаў, пра якія паведамлялася толькі пасля ціску на ўладу незалежных СМІ і суседніх краін. Нездарма на будоўлю не пусцілі еўрапейскіх парламентарыяў.
Здзіўленне і абурэнне выклікае рэпрэсіўнае стаўленне рэжыму да правядзення «Чарнобыльскага шляху», на які, калі гэта рабіць па-людску, чыноўнікі павінны выходзіць разам з народам.
Увогуле, на мітынгах і маніфестацыях, якія скаланаюць краіну, гучыць думка: што гэта за ўлада, якую грамадзянам кожную хвіліну трэба кантраляваць, каб яна не нарабіла памылак і злачынстваў, у тым ліку знішчальных для нацыі?
Мне давялося ўбачыць і перажыць жахі Чарнобыля ў 1986 годзе ў Хойніцкім раёне, затым за мяжой зарабляць грошы для набыцця медыцынскага абсталявання, лекаў для бальніц. Я ведаю глыбіню бяды, якая для беларусаў расцягваецца на стагоддзі.
Думаю, што ў роздуме да месца будзе апошні раздзел з маёй паэмы «Чорная быль» (1988), які называецца «Палыновая зорка»:
Ой, палын мой, палыночак,
Палын — горкая трава,
Гарчэй цябе, палыночак,
Ва ўсім полі ды няма.
З народнай песні
Накатам сівая трава,
Як дым, наплывае пад ногі…
Бялее мая галава,
Не можа пазбыцца трывогі.
Як волі,
Паветра глыну,
Ды стане не светла, а горка.
Паўсюль даўкі пах палыну
І ў небе — распятая зорка.
Глядзіць Беларусь на мяне,
Чарнеюць кругі пад вачыма.
Народ можа верыць мане,
Зямлю падмануць немагчыма.
Нібы да грудзей немаўля,
Да родных пагоркаў тулюся.
Збалелая маці-зямля,
Я толькі табе павінюся.
Не хочацца класціся ў дол,
Не маючы ў сэрцы надзеі,
Што ты саўладаеш з бядой
І верай нашчадкаў надзеліш,
І стануць яны гаварыць
Прыветліва моваю наскай:
«Дзень добры!
Заходзьце, сябры,
У хату да нас.
Калі ласка!»
…Маўчыць, нібы камень,
Зямля,
Палын невядомасцю свеціць…
Што будзе,
Што будзе пасля? —
Не скажа ніхто ў гэтым свеце.
Ёсць праўда адна —
Праўдай жыць,
Няхай і суровай, і горкай…
У небе над намі стаіць,
Як зніч,
Палыновая зорка.
На працягу стагоддзяў жыццё мясіла беларусаў так заўзята і жорстка, нібы руплівая гаспадыня цеста, каб выпечы, зрэшты, добры хлеб. Пакуль нічога талковага не атрымалася.
Мы здольныя ўзняцца на ўзброеныя паўстанні, ваяваць за волю, што засведчыла гісторыя, але ў мірны час жыць свабодна, разумна не ўмеем. Няўжо так будзе заўсёды?
Здаецца, што нацыянальнаму нядбальству надыходзіць канец, народ проста на вачах смялее і сталее…
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…