Адданасць беларушчыне
Сяржук Бахун — вядомая асоба: грамадскі актывіст, былы сустаршыня «Маладога фронту», жыве ў Брэсце. Мае тут свой малы бізнес, уваходзіць у рады культурна-асветніцкага руху «Дзея».
— Я нарадзіўся на Гомельшчыне, але пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС наша сям’я была вымушаная пакінуць тыя прыгожыя мясціны… А жылі мы каля Прыпяці, недалёка ад старажытнага Турава.
Вышэйшую адукацыю, па спецыяльнасці «настаўнік геаграфіі», я атрымаў ужо ў Брэсце. Там і адбылося маё грамадзянскае сталенне. Пачаў размаўляць па-беларуску. Два гады кіраваў падлеткавым клубам. Пакінуў працу па некалькіх прычынах: малыя заробкі, ідэалагічны і адміністрацыйны ціск, шмат незразумелай і непатрэбнай папяровай працы.
— Як даўно вы «сябруеце» з апазіцыйнымі рухамі і арганізацыямі?
— У 1996 годзе падчас аднаго з рэферэндумаў мы з сястрой Аленай самі малявалі ўлёткі, памнажалі іх на прынтары і распаўсюджвалі з заклікам абараняць Канстытуцыю і дэмакратыю. А пазней далучыліся да дзейнасці «Маладога фронту», дзе было шмат аднадумцаў і адданых беларускай справе асобаў.
— Крама ў Берасці, да якой вы маеце дачыненне, таксама мае нацыянальны каларыт. Якія рэчы там можна набыць і ці багата пакупнікоў?
— Ідэя ў стварэнні крамы нацыянальных вырабаў ў Брэсце была ў мяне даўно.
У нашым горадзе няма беларускамоўных школ. Тут вельмі мала месцаў, дзе можна набыць беларускія сувеніры, вопратку і падарункі.
Крама працуе толькі месяц, але ўжо відавочна: гэта папулярнае месца як для берасцейцаў, так і для турыстаў. Кошты ў краме не адрозніваюцца ад мінскіх, і таму зараз нашым людзям няма сэнсу ехаць у сталіцу за адпаведнымі пакупкамі.
— Вы перанеслі цяжкую хваробу ў сувязі з гэтым? Можа, сапраўды, трэба жыць толькі пазітыўна і не траціць нервовыя клеткі на бясконцае змаганне?
— Натуральна, пасля цяжкай хваробы ты на жыццё глядзіш трошкі па-іншаму. Магу дакладна сказаць: зараз я ўдзячны за кожны пражыты дзень і навучыўся цаніць кожнае імгненне.
А змаганне — яно нікуды не падзелася. Мы не мусім дазваляць гандляваць суверэнітэтам нашай Беларусі і рабіць з нашага грамадства паслухмяную і абыякавую масу.
— Такіх, як вы, называюць нацыянальна-свядомымі беларусамі. Як тое стасуецца з захапленнем творчасцю расійскага паэта Уладзіміра Высоцкага?
— Сапраўдны талент не мае нацыянальных межаў, як і змаганне за правы чалавека і яго свабоду.
Калі я вучыўся ў школе і на ўроках чытаў вершы Высоцкага, то мне тады было незразумела, чаму настаўнікі гэтаму не рады. А я любіў паэта. І пра змаганне ў яго таксама ёсць:
«Если мяса с ножа
Ты не ел ни куска,
Если pуки сложа
Наблюдал свысока,
И в боpьбу не вступил
С подлецом, с палачом, —
Значит, в жизни ты был
Ни пpи чем, ни пpи чем!»
— Вас абралі сябрам Рады грамадскай ініцыятывы «Дзея». Чым яна прывабіла?
— Наяўнасцю пазітыўных і крэатыўных актывістаў, якіх я смела магу назваць паплечнікамі і аднадумцамі. Менавіта ў такой арганізацыі і з такімі сябрамі бачу магчымасць максімальна рэалізаваць свае задумы і ідэі. А ідэяў сапраўды шмат. Перакананы: «Дзея» дапаможа вырашыць шмат грамадскіх праблемаў і рэалізаваць новыя крэатыўныя планы.
Зінаіда Цімошак
Чытайце таксама:
Не 90, а лишь 5 раз по 18 лет!
«Орден мне не вручили, а просто отдали. С букетиком…»
Шукаць не ворагаў, а аднадумцаў