Крах «візажыстаў»
Жаночая палова чалавецтва ведае, як макіяж, зроблены класным спецыялістам, можа прыхаваць усе ўзроставыя або іншыя хібы аблічча, падаць яго на публіку ў выдатным выглядзе. Такога ж выніку прагнуць дасягнуць тутэйшыя «візажысты» ад ідэалогіі, хоць іх высілкі — марныя.
Чалавечая прырода сапраўды ўладкавана так, што кожны індывід хоча выглядаць у вачах сабе падобных як мага найлепш. Тычыцца гэта не толькі аблічча, але і знешняга выгляду ў цэлым: адзення, абутку, паводзінаў.
У нашым выпадку гаворка пойдзе пра іншае. Перад ідэалагічнымі «візажыстамі» Беларусі, якія ўтульна сядзяць на схуднелым карку падаткаплацельшчыкаў, стаіць больш хітрая задача. За народныя грошы ім трэба ўбіць у свядомасць кожнага чалавека думку, што аўтарытарны лад — гэта для беларусаў шчасце, крыніца дабрабыту, бяспекі і спакою.
Рэжым кінуў на замбіраванне і абалваньванне насельніцтва вялікія сілы і сродкі.Трэба прызнаць, што на працягу многіх гадоў «візажысты» мелі поспех. Ім удалося стварыць з экс-дырэктара саўгаса вобраз «месіі», «мудрага і ўсемагутнага правіцеля», які паводле меркавання абываталяў «накорміць скваркай, напоіць чаркай, апране і абуе». Але тут спрацавала не столькі нахабная прапаганда, як даўняя традыцыя «правадырства», вера ў «добрага цара», якая жыве ў славянскіх краях.
Прыўладныя «візажысты», у шэрагах якіх і цяпер маюцца былыя і сучасныя камуністы, сталі аплёўваць калектыўнае праўленне ЦК КПСС, барскія замашкі партыйных функцыянераў і ўзвялічваць «цара», які «выйшаў з народа». А той са слязьмі на вачах расказваў, як у яго баліць, разрываецца сэрца за простага чалавека, калі згадвае шыкоўныя кватэры, дачы, аўтамабілі, сталы заказаў і курортныя пуцёўкі начальнікаў.
Але няма нічога нязменнага. Час веры ў «добрага цара» нарэшце мінае. Сутнасць позняга расчаравання насельніцтва нават не ў тым, што правіцель з прыходам ва ўладу пачаў вальяжна раскатваць на шыкоўных «мерседэсах» і лятаць на персанальных «боінгах», што новыя начальнікі па крадзяжах, па злоўжыванні службовым становішчам пераплюнулі партыйных бонзаў у сотні разоў. Беларусы нарэшце зразумелі, што нармальнае жыццё не можа трымацца на адным чалавеку, хоць ён пыхліва заяўляе: дзяржава — гэта я, не будзе мяне — не будзе дзяржавы!
Следам за правіцелем «візажысты» дэмагагічнымі тэлевізійнымі перадачамі, газетнымі публікацыямі стараюцца даказаць, што аўтарытарызм — не зло, што і пры жорсткім камандным праўленні можна мець развітую эканоміку, інстытуты дэмакратыі, грунт для абароны правоў і свабод чалавека. Гэта абсалютная лухта, якую штодзённа абвяргае само жыццё.
У аўтарытарных Беларусі і Расіі, якія аб’явілі сябе саюзнай дзяржавай, даўно ажыццяўляецца ручное кіраванне. Правіцелі выкарыстоўваюць для гэтага ў першую чаргу карупцыю. Яны трымаюць на кручку падначаленых, бо ведаюць — у кожнага рыльца ў пушку.
Сістэма, якая склалася пасля прыходу аўтарытарызму, трымаецца на тым, што чыноўнікі і астатняя «царская чэлядзь», у тым ліку «візажысты», захоўваюць усталяваныя правілы гульні, кожны корміцца з таго ўчастка, які яму даручаны.
Начальнікі прыйшлі ва ўладу не дзякуючы прафесіяналізму і высокім маральным якасцям, а толькі ўгодніцтву і халуйству. Яны разумеюць, што пасадай абавязаны асабіста правіцелю, які іх заўважыў і выцягнуў, таму стаяць за яго гарой, падпарадкоўваюцца, як у арміі. Але ў крытычнай сітуацыі спадзявацца на іх не выпадае, адразу прададуць гаспадара і перабягуць да мацнейшага.
Тэлевізійныя і газетныя «візажысты» ніколі не аналізуюць якасць кіравання ў Беларусі, не выказваюць крытычных заўваг. Яны маўчаць пра тое, што ў краіне, дзе бясконца ўладарыць аўтакрат, немагчыма забяспечыць верхавенства канстытуцыі і законаў, прагрэс у развіцці.
Дэспатыя, хай сабе і ў «мяккім» варыянце, заўжды дапамагае ўзурпатару правіць, але яна не можа прынесці краіне поспехі як на ўнутраным, так і на сусветным рынку. Гэта абвергнуць немагчыма, аднак «візажысты» любымі метадамі і спосабамі зацята змагаюцца з праўдай, прытым дзейнічаюць агрэсіўна, нахабна і цынічна. Яны замоўчваюць масавыя пратэсты грамадзян, фабрыкуюць паклёпніцкія матэрыялы на іншадумцаў, перапісваюць школьныя падручнікі, падчышчаюць фільмы, кнігі, знімаюць з расійскіх телеканалаў крытычныя перадачы пра Беларусь, кастрыруюць трыбунныя фантазіі, «экстравагантнасць» прамоў правіцеля.
Прызнаюся, што мне, як і многім іншым беларусам, жыць столькі гадоў у аўтарытарнай дзяржаве і назіраць, як яе вылізваюць, падмарафечваюць дэмагогіяй і хлуснёй, абрыдла да ванітавання. Навошта гэта рабіць, траціць на пустое сілы і грошы, калі прасцей жыць і працаваць паводле праўды і разумнага сэнсу?
Такі прыклад падае Фінляндыя, якая сёлета адзначае 100-годдзе сваёй незалежнасці. Як і Беларусь, яна была правінцыяй Расійскай імперыі, а стала адной з самых багатых, высокатэхналагічных і інавацыйных краін свету, уваходзіць у пяцёрку лідараў. Амбасадар Фінляндыі ў Беларусі К. Мікельссон лічыць, што скандынаўская мадэль развіцця грунтуецца на выдатнай сістэме адукацыі і даверы грамадзян да ўлады. Ён кажа: «Верхавенства закону — гэта аснова. Таму людзям і хочацца працаваць. І, канешне ж, вялікую ролю адыгрывае наш нацыянальны дух. Плюс упартая праца, таму што без яе нічога не бывае. Я перакананы, што багатую і камфортную краіну можна пабудаваць і без карысных выкапняў. Фінляндыя гэта даказала».
Ці зможа Беларусь паўтарыць вопыт Фінляндыі? Упэўнены, што гэта нам па сілах. Але толькі тады, калі выберам уладу, у якой у фаворы будуць не хакеісты, не міліцыя, спецслужбы і армія, а патрыятычныя, адукаваныя, умелыя спецыялісты ва ўсіх галінах жыццядзейнасці, што забяспечыць развіццё эканамічнага, навуковага і культурнага патэнцыялу краіны, рост дабрабыту насельніцтва.
У Беларусі ёсць яшчэ людзі, якія хочуць схавацца ад надзённых праблем у сваім закутку, якія думаюць, што калі жыць ціхенька толькі для сябе і сям’і, не заўважаць хлусні «візажыстаў», чыноўніцкіх цынічных махінацый і крадзяжоў, міліцэйскага дзікунства, то некалі яны знікнуць самі сабою і да нас прыйдзе справядлівае, заможнае жыццё. Але так не бывае.
Верыць трэба не «правадыру» і ягоным падхалімам, а ўласным вачам. Неабходна бачыць наша жыццё такім, якім яно ёсць — з маленечкімі плюсікамі і велічэзнымі мінусамі, параўноўваць яго з дасягненнямі суседзяў, разважаць, рабіць разумныя высновы і правільны выбар.
Зрух у бок дэмакратычнага развіцця зроблены, яго належыць замацоўваць. Важнейшы паказчык сучаснай сітуацыі ў Беларусі — адсутнасць у людзей страху. Яны адкрыта рэжуць «праўду-матку» ў вочы чыноўнікам і сілавікам пры асабістых кантактах, выказваюцца на пратэстных маніфестацыях, мітынгах, у сацыяльных сетках.
Грамадзяне без боязі рагочуць, кпяць з чарговых дэбільных «вынаходніцтваў» улады, з няўклюдных апраўданняў міліцыі і спецслужбаў за агрэсіўныя дзеянні, з бляклых «фігавых лісцінак», якімі дзяржаўныя СМІ спрабуюць прыкрыць маштабны рэгрэс.
Гэты разняволены масавы смех, які гучыць па ўсёй Беларусі, і азначае крах ідэалагічных «візажыстаў».
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»: