TOP

Нейкі злыдзень спадцішка выпіў тоны малака

Кіраўніцтва кампаніі «Мілкавіта» падало ў суд на 205 супрацоўнікаў (тым лікам і былых) прадпрыемства. Пры рэвізіі высветлілася, што некуды прапала малочная прадукцыя амаль на 100 тысяч долараў! Рэвізія зафіксавала, Што ў «яме» сёння камбінат, Бо там украдзена нямала, Апроч вытворчых звыклых страт.

Прапала гэтулькі смятаны!
І столькі сыру, малака!
А хто ж ён, злыдзень той паганы,
Што ўсё выносіў спадцішка?
Каб выкрыць злыдня-супастата,
Што ў агарод залез, казла,
Уся вярхушка камбіната
Абмеркаванне правяла.
Крадзеж такі несуразмерны
Учынены за цэлы год,
Што хтось, хутчэй за ўсё, цыстэрны
Вазіў праз нейкі «чорны ход».
Аднак сур’ёзная размова
Пайшла, на жаль, не ў гэты бок,
І не належная ахова
Вярэдзіла начальству клёк.
А хто ж нанёс так многа шкоды?
Шукаць зладзюг патрэбна дзе?
Прыйшлі да згоды верхаводы,
Што персанал увесь крадзе.
Таму дырэктар камбіната
Дастаў усіх працоўных спіс
(А іх, само сабой, багата)
І стаў зачытваць зверху ўніз.
— Давайце будзем мець на мэце, —
Сказаў пры гэтым кіраўнік, —
Тых, хто сядзіць у кабінеце,
Мы браць не будзем у разлік.
Яно, прынамсі, зразумела,
Бо быццам так заўжды было:
Той, хто бліжэй за ўсіх «да цела»,
Празрыста-чысты, быццам шкло.
Жыве ён з аднае зарплаты,
Няма ў яго выгод-даброт,
Хоць і працуе як пракляты,
Як пад зямлёй увішны крот.
Астатнія крадуць — і хітра
(Прычым без выключэння, ўсе):
Хто вып’е малака паўлітра,
Хто сыр «хамячыць» пакрысе.
Згадзіліся: зусім магчыма,
Што ёсць і проста несуны.
Злаўчаюцца аховы міма
Пранесці слоікі яны.
Наконт рабочае эліты
(І брыгадзіраў, і майстроў)
Няма сумнення: апетыты
Такія ў іх, што будзь здароў!
А цэх для іх — накшталт сталоўкі.
І сыр ядуць
Не па чуць-чуць,
А пхаюць цэлыя галоўкі.
Яшчэ й дадому валакуць.
А дармаеды-лабаранты?
А аператараў гайня?
Даць можна сто пудоў гарантый:
Жаруць яны тварог штодня
І наядаюцца смятаны.
Ды так, што ў горле — цераз край.
У іх ва ўсіх такія станы,
Што вагі зломяцца, бадай.
Бухгалтары, эканамісты,
Наогул бюракратаў раць…
Яны таксама «дух нячысты»
І прагнуць штось сабе ўварваць.
У цэх бягуць галопам зранку,
Затым алюрам — у абед,
Каб выжлукціць смятаны шклянку,
Прынесці масла ў кабінет.
Пра грузчыкаў няма й гамонкі:
Урон наносяць немалы.
Ці ж ёсць у штаце грузчык тонкі?
Укормленыя, як валы!
Ну, словам, не знайшлося ў спіску,
Хто быў бы чыстым на руку.
Здавалася б, пара і рыску
Падвесці ўжо кіраўніку,
Ды нехта з іх
(Ці дзеля смеху,
Ці гаварыў сур’ёзна ён)
Агучыў:
— У малочным цэху
Знайшоў прытулак кот Мірон.
Расказваць доўга я не буду,
Хто прывалок яго тайком.
Ды людзі кормяць жа прыблуду
Смятанаю і малаком.
І не ўваходзяць мышы ў планы —
Ляжыць нагамі дагары.
Яно й не дзіва, бо смятаны
За дзень з’ядае літры тры.
Чаму сядзіць у нас на шыі
Гультай і дармаед Мірон?
Аднагалосна парашылі:
Ката Мірона выгнаць вон!
Астатнім жа, рашылі, можна
Не проста выказаць дакор —
Няхай цяпер заплаціць кожны,
За ўсё, што вынес ён ці зжор!
Хто ж дабрахоць заплаціць грошы?
Патрэбна, каб адбыўся цуд!
Ды толькі спосаб ёсць харошы —
Падаць на ўсіх заявы ў суд.
І дадаткова прапанова:
Таго, хто й звольніўся даўно,
Патрэбна пакараць грашова.
Кіраўнікі стрымалі слова —
Канца працэсам не відно…
Аднак жа вось што падазрона:
Судзіцьмецца працоўны люд,
І аднаго ката Мірона
Чамусьці не завуць у суд…
* * *
Урад бярэ й бярэ крэдыты,
Бы ненажэрны цмок які…
Не дасталося нам нібыта,
Ды ўсе мы сёння — даўжнікі.

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Хоць кантралёраў — цьма, ды толку з іх няма

І ўяўная міна ўзарвацца павінна

Як хакею ў нас капут, дык надзеі на батут

Збіраюць людзі камяні, але зарплат няма ані

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.