Урывак з аповесці 28 чэрвеня — 75 гадоў як не стала Янкі Купалы. Ягоная смерць у гатэлі «Масква», дзе ён зляцеў у лесвічны пралёт, дасюль загадка. Разгадаць яе ў рэальным свеце, колькі разоў ні спрабаваў я гэта зрабіць, мне не ўдалося. І мяркую, што наўрад ці ўдасца некаму іншаму. Цяпер я нават думаю, што яно й не трэба, бо сама па сабе таямніца заўсёды вышэй за яе разгадку. Але «таямнічых» матэрыялаў набралася багата, шкада было іх губляць, таямніца вярэдзіла, таму я вырашыў разгадаць яе ў тым свеце, у які перайшоў Купала са свету гэтага, і дзе нічога іншага для нас, апроч таямніцы, няма.
(Заканчэнне. Пачатак «НА КРЫЖЫ»)
А яны пернікі з цукеркамі, якімі спакушалі, клалі ўсё бліжэй да краю прорвы, якая ў пекла абрывалася…»
«А хто пекла прыдумаў? Сатана?..»
«Не. Усё Бог стварыў. Пекла таксама».
«А нашто?»
«Як нашто? Некуды ж трэба было Сатану падзець… І Сатана сядзеў у пекле, чакаў, пакуль Ян у прорву сарвецца. Божыя анёлы казаць Яну стаміліся, каб не хадзіў па адной дарозе з чарцямі, бо падмануць. Паабяцаюць рай, а зацягнуць у пекла. Ды Ян іх не чуў. Схіліўся, каб цукерку ўзяць на крайку прорвы — і ў прорву паляцеў. Сатану ўслаўляць. Сатана зарагатаў і закрычаў з пекла да неба: «Божа! Як я магу пакланяцца таму, каму Ты талент даў, а ён гнецца, каб цукерку ўзяць? Як ён можа быць вышэйшы за мяне?..»
І Бог прамаўчаў.
«Прамаўчаў, бо талент даў, а Ян захацеў яшчэ нечага?»
«Ну, мусіць, так… З той пары Сатана і спакушае людзей. Абяцае, абяцае, абяцае… Але абяцае толькі для падману. А ўсе вераць».
«Таленавіты ён…»
«Хто?»
«Сатана».
Пясьляк, па голасе было чуваць, здзівіўся.
«Ад цябе першага такое чую… Бадай што. Абяцаць і падманваць так, каб усе верылі, гэта талент… Талент…»
Пясьляк засоп. Заснуў пад стогам.
Над стогам, на скошанай лугавінай, над Вячай, над Прудзішчамі, над усёй зямлёй і вадой плыў месяц і ўсё ясней роіліся зоркі. Вялікі Воз, на які можна было сесці і паехаць, пакаціўся па Млечным шляху, і колькі пасля ні спрабаваў Купала ўспомніць, адказаць сабе самому, што было далей: сон, трызненне, ці на яве ўбачыў ён недзе ў сярэдзіне Млечнага шляху дзіўнай прыгажосці твар, пра які й гадаць не трэба было, чый ён? — бо гэтакі твар мог быць толькі Божы, і ён наплываў, набліжаўся, усміхаўся ва ўсе нябёсы, нібы радуючыся таму, што бацька з Янкам і Пясьляком высушылі сена, склалі такі ладны стог, на якім можна ляжаць і глядзець на зоркі, мроіва якіх — ён раптам гэта адчуў, калі ўзняўся над сабой — было Божым целам, часцінкай якога былі месяц і зямля, і ён сам, лятучы хлопчык, самы маленькі з усяго, што мігцела і свяцілася, што было Божым целам, Божым светам, у якім самым дзіўным з усяго, што ён адчуваў, была роўнасць яго, наймаленькага, усяму найвялікаму, усё гэтае найвялікае неверагодным чынам мясцілася ў ім, мясціўся ў ім, маленькім, Бог, чаго, вядома, не магло быць, але адчуванне было менавіта такім, і яно напоўніла яго бязмежнай, здольнай спыняць і зноў пачынаць рух Сусвету, сілай, якая так працяла, што зрок замгліла, і ён спалохаўся, ускрыкнуў: «Божа!..» — а Бог усміхнуўся ў ім самім ва ўсе нябёсы і сказаў: «Не бойся…»
— Прыбівайце! — падаў Несцярэнка малаток з цвікамі Маякоўскаму, які стаяў каля крыжа, нібы прымяраючыся да яго, і адступіў назад: «Я паэт, а не кат!»
Несцярэнка паглядзеў на Сталіна, той падышоў, узяў цвікі і стаў раздаваць кожнаму па адным. «Усе ўсё бралі?.. Прэміі, званні, ордэны… Дык і цвікі возьміце… Трэба было раней не браць… А цяпер позна… Не выйдзе так, каб нехта не… Вялікі Воз нагружаны цвікамі».
Апошнюю фразу сказаў ён, пэўна, для Купалы, і ніхто яе, апроч Купалы, не зразумеў.
— Але патрэбныя ўсяго тры цвікі, — узяўшы свой цвік, пакруціў яго ў пальцах Кіраў. — Як у Хрыста: па адным у рукі і ў ногі адзін, — а святы Серафім устрапянуўся: «Калі ўжо як у Хрыста, дык два крыжы яшчэ трэба. Для двух разбойнікаў».
— Які Хрыстос? Якія разбойнікі?.. — выхапіў малаток з рук Несцярэнкі і замахаў ім Кашкадамаў. — Вы тут казкі папоўскія не расказвайце, а рабіце, што суд пастанавіў! Вырак суда па пратаколе нумар адзін выконваюць асуджаныя па пратаколе нумар два! Дык выконвайце!..
Горкі, Куйбышаў, Маякоўскі, усе, каго прыгаварылі да расстрэлу, моўчкі глядзелі на Кашкадамава, на Купалу, адзін на аднаго… Некаму трэба было ўзяць малаток і ўвагнаць першы цвік.
Доўга стаялі…
— Як выконваць?.. — нарэшце плаксіва спытаў Горкі. — Я не ўганяў цвікі ніколі…
— Не ўганяў! — стукнуў касцяшкамі пальцаў сабе ў лоб Кашкадамаў. — Карціны ніколі не вешаў?.. Хто першым быць хоча? — павярнуўся ён да старых могілкаў, дзе выйшлі з Малога сабору і наблізіліся да брамы трое русявых, у зрэбнае апранутых, з шэра-блакітнымі вачамі моцных мужчын. — Можа, нехта з вас?
Тыя запераміналіся з нагі на нагу, пра нешта перагаварылі паміж сабой, адзін ступіў наперад.
— Нельга нам. Гэта Купала. Некалі жрацы казалі, што з’явіцца чалавек з іменем бога — і павядзе нас, і зратуе. Дык, можа, ён гэта. З іменем бога. Так што нам нельга.
Кашкадамава, як на спружыне, падкінула.
— Якія яшчэ жрацы? Якога бога? Я сам і жрэц, і жнец, і на дудцы грэц! А вы хто?
Падскокі ягоныя ні на аднаго з русявых ніяк не паўздзейнічалі, і той, які ступіў наперад, сказаў спакойна: «Я Круглец. Яны, — паказаў на паплечнікаў, — Кумец і Няжыла. Жрацы нашы — крывіцкія, а імя бога — Купала. Ён бог сонца, праз якое жывем, і агню, праз які ачышчаемся. І якраз на Купалу, у дзень бога нарадзіўся чалавек з ягоным іменем, якога вы збіраецеся раскрыжаваць. Але гэта без нас, гэта вы самі, калі ваш суд…
— Ды што іх слухаць! — не вытрываў маршал Тухачэўскі. — Бог агню, бог сонца! Мы ў якім часе?.. Давай, Кашкадамаў! — махнуў ён, як малатком ударыў, правай рукой, і Кашкадамаў увагнаў цвік у правую руку Купалы. Спрытна, адным ударам, кінуўшы малаток пад ногі Горкаму. — На!..
Дарма Спагада сказала, што балець не будзе. Яшчэ як забалела! Але не так, каб не стрываць. Трываць можна было.
Боль быў не такі, як апёк чырвонага каменьчыка ў левай далоні. Не гарачы. Халодны.
«Заторгаўся…» — працадзіў Кашкадамаў, а палкоўнік Несцярэнка, насмешлівым позіркам змераўшы ўсю расстрэльную кампанію, падняў з-пад ног Горкага малаток, паклаў адну на адну, левую на правую, да крыві нацёртыя ступні Купалы: «Што гэта ў вас? Стыгматы?.. — І, выбраўшы найдаўжэйшы цвік, увагнаў яго на чвэрць. — А цяпер давайце кожны па чарзе, па адным разе…»
На гэты раз болем працяла, як токам. «Калі так, — скрозь боль падумалася, — патрыярха працінала, якога токам катавалі, дык не дзіва, што не вытрываў. І падпісаў паперу — і пачалі маліцца ў храмах за тых, хто знішчаў храмы. «За краіну нашу і ўлады яе…» Перад раскрыжаваным Хрыстом — за Сталіна.
Як лёгка вінаваціць… — яшчэ падумаў. — І як не проста павінаваціцца. Цяжэй, чым боль стрываць».
Рубін на медальёне зноў горача кальнуў далонь.
— Давайце-давайце… Сяргей Міронавіч, пакажы прыклад, ты ж ва ўсім першы хацеў быць, — узяў Сталін малаток у Несцярэнкі і падаў Кіраву. — Давайце, усе давайце… Цюк, цюк… Ці ўсе вы думаеце, як трое гэтых паганцаў, што можна глядзець, як некага катуюць, забіваюць, і заставацца чысценькімі? Праваслаўнымі святымі? Маўляў, мы тут не пры чым… А хто пры чым, калі не вы? Калі вы тут?
Яны пастаялі адзін перад адным, Сталін і Кіраў, вочы ў вочы, і апошні не стрываў, адвёў позірк, узяў малаток. «Цюк» — цюкнуў па цвіку Кіраў, хуценька падаўшы, нібы яму руку апякло, малаток Куйбышаву, той таксама хуценька цюкнуў, і Горкі за імі, прамахнуўшыся і ўдарыўшы Купалу па пальцах, за што прабачыўся, а Купала кіўнуў: «Нічога, Аляксей Максімавіч, бывае…» — і Маякоўскі, і таварыш Коган, і ўсе, хто быў асуджаны, і хто проста быў на судзе, адзін за адным падыходзілі, бралі адзін у аднаго малаток: цюк, цюк, цюк, цюк, цюк…
Калі ты тут, дык ты тут.
Уладзімір Някляеў
Читайте также:
НА КРЫЖЫ – Часть 1
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…