TOP

Уцёкі ад сябе

Міграцыйны працэс, які ахапіў значныя рэгіёны планеты, дае штуршок для роздуму пра долю майго народа. У ХХ стагоддзі ён зведаў рэвалюцыі, войны, бежанствы, перасяленні. Але для будучыні беларусаў самым небяспечным быў і застаецца сыход ад саміх сябе. 

Пагроза трэцяй сусветнай вайны, што паступова набывае абрысы рэальнасці, разгул крывавага тэрарызму, глабальныя экалагічныя пытанні, жорсткае змаганне краін і народаў «за месца пад сонцам» засланяюць мясцовыя праблемы. Маю на ўвазе не матэрыяльнае выжыванне, не здабыванне кавалка хлеба, якое таксама стала складанай задачай. У мяне не проста трывогу, а глыбокі адчай выклікае нізкі ўзровень свядомасці беларусаў, іх абыякавасць, негатоўнасць адказваць за захаванасць нацыі.

У ХХІ стагоддзе наш растурзаны, спакутаваны народ увайшоў, маючы галоўны атрыбут — суверэнную краіну. Здавалася, што гістарычны набытак адразу мабілізуе беларусаў на напаўненне жыцця не толькі цывілізацыйным, але і цёплым, родным нацыянальным зместам. Але замест адраджэння прыйшло прыхаванае выраджэнне. Цяпер ёсць асцярожны выхад на лакальныя пытанні этнічнага характару, ды важныя нацыянальныя праблемы па-ранейшаму замоўчваюцца. Практычна нічога не рашаецца, мы таўчэм ваду ў ступе.

У 90-х гадах ХХ стагоддзя беларусы былі ў стане эйфарыі з прычыны дэмакратычных палітычных перамен, але чым яна скончылася? Аўтарытарызмам, які пануе ў краіне амаль 23 гады!

Тое ж адбылося з нацыянальным адраджэннем, якое мела выдатныя вынікі. Пасля дзікунскага рэферэндуму 1995 года і валюнтарысцкага курсу на русіфікацыю яно надоўга заглохла. Сёння ў нас зноў выклікаюць захапленне маладыя людзі, якія шануюць беларускасць, авалодваюць роднай мовай, гісторыяй, культурай. Але колькі іх? Акрамя таго, якую перспектыву ім прапануе дзяржава? Дзе школы, гімназіі, ліцэі і ВНУ з беларускай мовай навучання і нацыянальным зместам?

Зацікаўленая моладзь, знаходзячыся ў акіяне абыякавасці, не адчуваючы падтрымкі, губляе веру ў нацыянальны рэнесанс. З дасягненнем даросласці нялёгка здабытая ёю беларускасць размываецца і прападае.

Калі народ жадае існаваць вечна, то складаная сістэма яго жыццядзейнасці павінна быць нацыянальнай. З чаго складаецца англійскасць, французскасць або нямецкасць? На першым месцы стаіць родная мова, а яшчэ маюцца сотні тонкіх традыцыйных нюансаў побыту, культуры, чалавечых стасункаў, з якіх вылеплены англічанін, француз, немец… Мы — не выключэнне!

У нашай краіне храм беларускасці разбураны. Яго трэба ўзнімаць з руінаў, а не кансерваваць мізэрныя рэшткі, як гэта робіцца цяпер. Засвойваючы карыснае чужое, у тым ліку іншыя мовы, беларусам трэба не ўцякаць ад крэўнага невядома куды, а вяртацца да яго. Пакуль што ніякай беларусізацыі, пра якую абурана трубяць расійскія палітыкі і СМІ, абвінавачваючы нас у «здрадніцтве» (?!), няма. Ёсць эклектычны этнічны макіяж, разлічаны на безгустоўнага абываталя. Але культурным людзям добра бачна, наколькі ад усёй цяперашняй «нацыянальнай» мітусні патыхае штучнасцю і няшчырасцю.

Наадварот, вынікі сыходу ад саміх сябе — скандальныя. СТВ пад рубрыкай «Залатая калекцыя беларускай песні» паказала канцэрт з Салігорска, які пакінуў сумны настрой. У тэкстах песняў — памылка на памылцы. Складваецца ўражанне, што непісьменныя абсалютна ўсе — і аўтары, і рэдактары, і стваральнікі праектаў, і вышэйшае тэлевізійнае начальства. У нашай мове няма выразу «горкая палынь», а ёсць «горкі палын» (муж. род), беларус не кажа «скача конь на паваду» і г.д.

Здаецца, ёсць сімпатычныя спевакі з неблагімі галасамі, уборы, больш-менш прыстойнае афармленне сцэны, але непісьменнасць, няправільнае вымаўленне перакрэсліваюць усё станоўчае.

Многія тутэйшыя спевакі звычайна не размаўляюць па-беларуску, а таму з іх вуснаў на сцэне гучыць толькі завучаны тэкст, прытым з бясконцымі памылкамі ў вымаўленні асобных слоў. Калі ў інтэрв’ю яны кажуць: «Мы за возрождение белорусского языка, белорусской песни», то паверыць цяжка. Іхняя «беларускасць» — не для сябе, а толькі напаказ!

З рускай мовай сітуацыя не лепшая. Пра што можна казаць, калі публічныя асобы — правіцель краіны або вядучы гульні «Что? Где? Когда?» А. Мухін — не ведаюць, дзе ставіцца націск у слове «средства». Я ўжо не кажу пра міністраў, губернатараў, іншых службоўцаў з іхнімі блытанымі, коснаязыкімі выступленнямі ў СМІ. Такія публічныя пасажы сведчаць, што ў грамадстве адбылася культурная, моўная дэградацыя.

Мне ж вельмі хочацца, каб рознамоўная, рыхлая народная маса не расцякалася, не рассейвалася, не асімілявалася ў «русский мир», а цвярдзела, крышталізавалася ў незалежным родным Доме, каб наш хаатычны чалавечы кангламерат, у якім маюцца супярэчнасці, варожасць і нават нянавісць, яднаўся, нарэшце набыў належны парадак — не толькі дзяржаўны, але непахісны нацыянальны і духоўны лад.

У будзённае жыццё абавязкова павінны вярнуцца родная мова, гістарычныя сімвалы — бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Што тычыцца дзяржаўнага гімна, то ўпэўнены ў магчымасці вырашыць і гэтую праблему. Улічваючы, што многія грамадзяне не згаджаюцца з рэлігійнымі тэкстамі і музыкай, трэба вярнуцца да стварэння новай свецкай версіі гімна. Яшчэ раз можна перагледзець тыя творы, што прапаноўваліся ранейшымі конкурсамі. (Адразу кажу — я ў іх не ўдзельнічаў.)

Расійскі пісьменнік А. Бітаў неяк сказаў: «Общество — это коллективная неискренность». Я разумею сутнасць гэтай думкі, бо нават у паэзіі самай важнай якасцю лічу шчырасць. Тое, што мы называем сябе беларусамі, яшчэ нічога не азначае. На адным толькі найменні (дарэчы, спрэчным) далёка не паедзеш. З боку грамадства выразна адчуваецца няшчырасць у стаўленні да беларускасці.

На «апошнім званку» чыноўніца з адміністрацыі Савецкага раёна сталіцы пажадала выпускнікам гімназіі № 23 «оказаться в нужном месте в нужное время», прасцей кажучы — добра ўладкавацца. Гэта не здзіўляе, бо сёння службоўцы зацыклены толькі на кар’еры і вялікіх грашах. Ім няўцям, што ўся Беларусь — гэта «патрэбнае месца», што даўно прыйшоў час яе адраджэння, што без прававой, прыстойнай і заможнай краіны шчасліва не спраўдзяцца асабістыя лёсы яе грамадзян.

Нягледзячы на дэмагагічную балбатню, у краіне няма належных умоў, каб юнакі і дзяўчаты не на ўзроўні білбордаў з зацяганым «сэрцайкам», а па-сапраўднаму любілі свой край, яго гісторыю, родную мову, культуру, хацелі жыць, вучыцца і працаваць дома. Заўважце, з якой лёгкасцю за нядоўгі час тысячы беларусаў назвалі сябе рускімі або палякамі.

Геніяльны вучоны Д. Мендзялееў бачыў развіццё чалавецтва ў тым, што заведзены парадак, заснаваны на барацьбе краін, народаў, людзей паміж сабой, на няспынных войнах, павінен змяніцца іншым, пры якім «все сводится на добровольный обмен, на соглашение, союз, объединение, понимание общего в личном».

Але да жаданай пары, калі яна ўвогуле магчымая, яшчэ трэба дажыць. Ці захаваецца наша нацыя, улічваючы надзвычай моцныя асіміляцыйныя і міграцыйныя працэсы?

З такім абыякавым стаўленнем да беларускасці, якое пануе цяпер, можна разлічваць толькі на цуд. Ды вядома, што цуды здараюцца рэдка. Ганебныя ўцёкі трэба рашуча спыняць і вяртацца да сябе.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Ці патрэбна праўда?

Вяртанне дабраты

Дар валанцёраў

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.