Раней амаль у кожнай вёсцы былі дзівакі, якія займаліся рознымі прыдумкамі і пацяшалі або раздражнялі землякоў. Іх так і называлі — манюкі. Шкоды ад творчасці манюкаў не было. Хочаш — вер, хочаш — не, справа твая. Зусім па-іншаму выглядае хлусня, калі ёй займаюцца прадстаўнікі ўлады.
Да слова ўлады, якая яна ні ёсць — легітымная або нелегітымная, грамадзяне ўсё роўна мусяць прыслухвацца, выконваць указы, дэкрэты, якія няспынным папераспадам ліюцца зверху. Кіраўніцтва краіны звяртаецца да насельніцтва яшчэ з трыбун, праз электронныя і друкаваныя СМІ. Калі браць пад увагу прыведзеныя акалічнасці, то можа здавацца, што і ў аўтарытарнай Беларусі ёсць кантакт, узаемны давер паміж уладай і грамадзянамі. Але гэта — толькі ілюзія, якую прапаганда выдае за сапраўднасць.
Большасць беларусаў бачыць, якая глыбокая прорва пралегла паміж маёмасным і маральным станам прадстаўнікоў уладнага клана і звычайных грамадзян, бо адны пад апекай бессаромна шыкуючага правіцеля парушаюць законы, сквапна багацеюць і страчваюць рэшткі сумлення, другія — спаўзаюць у абразлівую беднасць, а ў іх душах абуджаюцца не толькі вялікая крыўда, гнеў, але і самасвядомасць, імкненне адстойваць сваю годнасць.
Узурпатар злосна рэагуе на любую крытыку знізу, ужо не кажучы пра народныя пратэстныя акцыі. Нягледзячы на мілітарысцкую рыторыку, закуп зброі і ваенныя парады, ён выдатна ведае, што знешнія сілы адбіраць у яго ўладу не будуць. Правіцеля палохае незадаволенасць насельніцтва, таму маханне кулакамі адрасавана найперш яму. Нездарма ў інтэрнэце з’яўляюцца такія водгукі: «Народ — это единственный враг, которого боится авторитарный режим!»
Беларусы жывуць як бы ў двух вымярэннях. Многія «сядзяць» у насычаным інфармацыяй інтэрнэце, іншыя пабылі за мяжой, убачылі лад быцця ў свабодных, развітых краінах, а таму і ім хочацца такой жа рэчаіснасці, як у заходніх суседзяў. Дэмагогія пра паступовы рост дэмакратыі, павышэнне дабрабыту і ў нашай краіне, якая няспынна ліецца з прапагандысцкіх рупараў, унушае ўяўнае адчуванне, што надзеі на лепшае жыццё памалу збываюцца. Гэта ўздзейнічае на псіхіку людзей да такой ступені, што нехта нават забываецца, у якой краіне жыве, і таму нечакана для сябе трапляе ў бяду. Нас усюды чакае бязлітасная рэпрэсіўная машына, для якой ні законаў, ні свабод і правоў чалавека не існуе.
Аўтарытарная дзяржава трымае грамадзян у напрузе, у стрэсавым стане, расслабляцца нельга. Кожнае дзеянне трэба добра абдумваць, каб яно не прынесла шкоды не толькі табе, але і родзічам. Гэта тычыцца як дарослых, так і моладзі, дзяцей, бо нікому паслабкі няма.
Беларусы яшчэ раз змаглі пераканацца ў тым, што прынцып існавання аўтарытарнай дзяржавы — гэта планавыя правакацыі і цынічная хлусня, якая іх абавязкова суправаджае, калі ўпершыню за час незалежнасці была заведзена крымінальная справа з грозным абвінавачваннем: «создание незаконного вооруженного формирования».
У 2006 годзе перад прэзідэнцкімі выбарамі старшыня КДБ расказваў, як баевікі хацелі кінуць здохлага пацука ў сістэму водазабеспячэння і атруціць увесь Мінск. У 2010 годзе спецслужбы прыдумалі, што лідары апазіцыі закуплялі для ўчынення масавых беспарадкаў металічныя пруты і ледарубы. А ў 2017 годзе перад Днём Волі ў беларускім пасольстве ў Берліне з’яўляецца фраў А., якая ўцірае нос нашым спецслужбам, бо раскрывае «маштабную змову». Гэтая «гераіня» нібыта «напісала ліст» на імя А. Лукашэнкі, які заканчваўся забойчай фразай: «Эти события в Беларуси должны стать последним шансом для фашистского переворота» (?!). Фраў А. абаяла пільнасцю не толькі правіцеля, які заявіў пра яе публічна, але і падкантрольных яму кіраўнікоў тэлебачання і галоўнай афіцыйнай газеты. Узняўся вэрхал на ўвесь свет, прайшлі арышты, невінаватыя маладыя людзі трапілі за краты.
А што ж цяпер? Затрыманыя па крымінальнай справе выйшлі на свабоду. У чарговы раз хлусы селі ў лужыну.
Пра фраў А. ужо ніякай гаворкі няма. Яна растаяла, як увесну снегавік, злеплены дзецьмі. Бясконцыя прымітыўныя прыдумкі «людзей у чорным» якраз і нагадваюць гульні дашкольнікаў.
Спецслужбы павінны, па-першае, змагацца не з іншадумцамі і палітычнымі апанентамі, а з сапраўднымі ворагамі незалежнай краіны, па-другое, працаваць заўсёды далікатна і тонка. Ва ўмовах аўтарытарызму, калі ім усё дазволена, яны хутка губляюць прафесіяналізм, дзейнічаюць дэманстратыўна, нахабна і груба.
Дык хто ж распальвае варожасць у грамадстве? Мабыць, усё-ткі «асобы ў чорным», якія на «Чарнобыльскіх шляхах» білі шкло ў будынках паабапал праспекта Незалежнасці ў Мінску, каб выклікаць беспарадкі, тыя «спяцы», што паказвалі па тэлебачанні паклёпніцкія фільмы або прывозілі да палатак пратэстуючых на Кастрычніцкай плошчы дзяўчат сумніўных паводзінаў з пляшкамі гарэлкі, здымалі п’яныя вычварэнні і затым дэманстравалі сюжэты, як «доказы амаральнасці апазіцыі». Такі пералік не змесціцца і ў сто тамоў!
Дзеля каго стараюцца спецслужбы і прапагандысты? Найперш дагаджаюць «правадыру», які 23 гады сядзіць на троне і марыць утрымліваць уладу бясконца, а яшчэ клапоцяцца пра саміх сябе — любімых, бо ў дэмакратычнай, прававой краіне, дзе знікнуць аўтарытарныя завядзёнкі, яны будуць прафесійна непрыгоднымі.
Расійскі эксперт Г. Папоў заўважае: «Все авторитарные режимы погибают из-за одного — один человек, как бы ни был он гениален, не в состоянии эффективно переработать весь объем информации, который сходится на нем как на единственном центре принятия решений. К тому же окружение авторитарного лидера, как правило, не рискует предоставлять ему точную информацию, если она не содержит позитивных аспектов — диктатор начнет искать виновных, и этими виновными вполне могут стать лица из его ближайшего окружения. Авторитарные режимы хуже перерабатывают научно-техническую информацию, где требуется коллегиальность в принятии решений. Также надо учесть, что вокруг диктаторов часто образуется круг посредственностей — хороших «политиков», но плохих специалистов».
Надзвычай павучальная для беларускіх сілавікоў вестка прыйшла з Чылі. Суд прыгаварыў да розных тэрмінаў турэмнага зняволення 106 былых супрацоўнікаў спецслужбаў і ваенных за выкраданні і забойствы ў сярэдзіне 1970-х гадоў у час праўлення дыктатара А. Піначэта. Тады зніклі без вестак 119 апазіцыянераў. Усяго за 1973 — 1990 гады ў Чылі зніклі або загінулі каля 3 тысяч чалавек, шмат грамадзян уцяклі за мяжу. Навіна з Паўднёвай Амерыкі сведчыць, што рана ці позна, але расплата за злачынствы надыходзіць!
А ці хацеў бы хто-небудзь, як правіцель, спецслужбы і СМІ, пачуць або ўбачыць «немку беларускага паходжання»? Калі так, то хай набярэ ў лёгкія паболей паветра і крыкне: «Фраў А., а-у-у!» Адказу не будзе, бо «гераіні» можна, як кажуць, толькі «солі на хвост насыпаць».
Рэжым усчыніў фейкавы тарарам, насмяшыў свет, але хто адкажа за хлусню і нагнятанне варожасці ў нашым грамадстве, за пераслед невінаватых людзей? Дзе крымінальныя справы на канкрэтных манюкаў і парушальнікаў, што прадугледжвае заканадаўства?
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…