Categories: Фельетон

Жадаюць нашыя бабулі, каб іх пачулі, прыгарнулі

У Мінску 84-гадовая бабуля пазваніла ў банк і паведаміла, што збіраецца ўсіх атруціць. Да яе прыехалі спецназаўцы з аўтаматамі. Высветлілася, што бабулі проста хацелася з кім-небудзь пазносіцца: яна пачуваецца вельмі адзінока, бо дзеці і ўнукі не наведваюць…

Перапалох адбыўся ў банку, Мазгі, як кажуць, набакір У персанала, Калі ўранку Пачуў са слухаўкі банкір:

— Прызнаюся, панове, шчыра:
Я ўсіх вас сёння атручу…
Ледзь не хапіў удар банкіра —
Хоць ты хутчэй звані ўрачу.
Пайшлі здагадкі і размовы:
— Каму ж мы насаліць змаглі,
Што ён нас атруціць гатовы,
Каб мы гнілі ў сырой зямлі?
Банкір падказку даў, дарэчы,
Чым большы выклікаў раздрай:
— У трубцы голас быў старэчы —
Бабуля нейкая, бадай…
Акрэсліўся малюнак ярка,
І стала ясна грамадзе:
Ды гэта ж, мусібыць, вядзьмарка!
Яна атруту й падкладзе!
Касірка «кінула» на грошы,
Ці мо з-за доўгае чаргі
Намер з’явіўся нехарошы —
Адпомсціць — у старой каргі.
У міліцэйскім райаддзеле,
Куды адразу ж быў званок,
На ўсё сур’ёзна паглядзелі:
Хто ж жартавацьме так знарок?
І прагучаў сігнал трывогі,
Як і бывае кожны раз.
Не ўздзіў, што паднялі на ногі
Не шарагоўцаў, а спецназ.
У іх шаломы, аўтаматы,
Браня цяжкая на грудзях…
Ну, словам, арсенал багаты,
Каб на кагось навесці жах.
Застыў спецназ каля кватэры…
Ды не прыйшлося мацаку
Сваім плячом выносіць дзверы —
Яны былі не на замку.
Байцы спецназа, быццам кулі,
Пераадолелі парог!
Нікога, акрамя бабулі,
Маёр нідзе знайсці не змог.
Ён на старую зыркнуў люта
І ў наступ рушыў, быццам танк:
— Паказвай, дзе твая атрута,
Што хочаш ты занесці ў банк!
Старая, адуванчык Божы,
Бы прыляпілася к сцяне
І дрыжыкі стрымаць не можа.
— Яе нямашака ў мяне…
— Дык і чаму ж людзей пужала,
Казала ў слухаўку пра яд? —
Пытанне вострае, як джала,
І, як у тыгра, злы пагляд.
— Чаму, пытаешся, званіла?
Бо ўжо заныдзела адна.
Такі адчай, што свет не мілы,
У скрусе зранку да цямна.
Не ходзяць да мяне суседзі,
Што разагнаць маглі б нуду…
Разлічвала, што хтось прыедзе
І з ім душу я адвяду,
Паразмаўляю хоць пра штосьці…
Зніякавеў крыху маёр,
Няма ў яго ранейшай злосці
І не выказвае дакор.
— А дзе ж, бабуля, дзеці, ўнукі?
— Не йдуць чамусьці і яны.
Калісьці брала іх на рукі,
Гайдала, вартавала сны…
У іх цяпер свае турботы,
Я лішняй стала ў іх жыцці…
— Больш не рабі такой дурноты,
Людзей харошых не «труці», —
Маёр сказаў бабулі строга
І ўжо падаўся за парог,
Ды раптам ён пачуў з парога:
— Сынок, а як жа мой пірог?
Здыміце, дзеткі, аўтаматы,
Шаломы пакладзіце ў кут.
Мы пасядзім, пап’ём гарбаты…
Хоць трошачкі пабудзьце тут.
І гэткая ў вачах пакута!
— Ды не, бабуля, не магу.
А раптам сапраўды атрута, —
Пажартаваў, — у пірагу?..
* * *
Напэўна, нехта пасмяецца,
Кагосьці апануе злосць…
Ды перш за ўсё, як мне здаецца,
Задумацца падстава ёсць:
А мо і нашыя бабулі,
Што з Богам стрэнуцца вось-вось,
Каб іх пачулі, прыгарнулі,
Збіраюцца «труціць» кагось?..

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Вярнуў чужую рэч — гара зляцела з плеч

А бюджэт з БРСМ узгадняюць недарэм!

Міліцыянераў — цьма. Можа, кормім іх дарма?

Не той «навар» дае даляр

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023