Кожны раз, калі чую, што школьнікаў, студэнтаў або настаўнікаў, медыкаў адрываюць ад асноўных заняткаў і пасылаюць ратаваць вырашчаны ўраджай, успамінаецца ўласны вопыт такой працы ў гады маёй маладосці.
Шчыраваць у маленстве і юнацтве «на бульбе, ільне і бураках» давялося на палетках саўгаса «Глыбачаны», які нядаўна засвяціўся ў СМІ ў сувязі з прыездам туды чыноўніцы высокага рангу, і саўгаса «Ждановічы», куды кожнай восенню пасылалі студэнтаў БДУ. Пра тое, якую карысць мы прыносілі сельскай гаспадарцы, ці варта аўчынка выдзелкі, тады не думалася. Гаспадаркам трэба было закрыць праблему ўборкі, каб на палях, асабліва ля дарог, па якіх ездзіць начальства, стала пуста. А юнакі і дзяўчаты радаваліся рамантычнай магчымасці пабыць разам, завесці знаёмствы, павесяліцца, нягледзячы на тое, што мерзлі пад ветрам, дажджом і нават першым снегам. Згадваюцца скалелыя, чырвоныя рукі, якія адаграваліся дыханнем.
Пасля бачыў сельскагаспадарчы «фронт» у іншых месцах. Драматычнае ўражанне пакінуў Таджыкістан, які наведваў неаднойчы, бо як сябра Савецкага камітэту міру ўдзельнічаў у зборы сродкаў для пабудовы школ, бальніц у месцах, якія трапілі пад знішчальны сель, прысутнічаў на іх адкрыцці. Помняцца не толькі гэтыя падзеі. Прад вачыма стаяць палі бавоўны, а на іх маленькія дзіцячыя постаці з закінутымі на спіну мяхамі. Бачу іхнія далікатныя пальчыкі, зрэзаныя да крыві калянымі каробачкамі з вострымі краямі, з якіх вылушчваецца «белае золата». Мужчыны не вытрымліваюць такой надакучлівай працы, бо неабходна пастаянна згінацца, баліць спіна. Традыцыйна працаёмкі і нізка аплачваемы збор бавоўны ляжыць на плячах таджыкскіх жанчын і дзяцей. Акрамя таго, на палетках прымяняліся таксічныя хімікаты, што адбівалася на здароўі людзей, іх нашчадкаў.
Час масавых атручванняў мінуў, але як напамін пра яго ў Вахшскім і Канібадамскім раёнах засталіся могільнікі шкодных рэчываў.
Успамінаючы эпізоды «ўсенароднай бітвы за ўраджай» у СССР, бачу, што незалежная Беларусь не адышла далёка ад былога. Зноў традыцыйная сялянская восеньская праца аб’яўляецца вялікім змаганнем, гераічным прыкладаннем сіл. Гаспадаркі, якія дыхаюць на ладан, не спраўляюцца, а таму на дапамогу едуць школьнікі, студэнты, настаўнікі, медсёстры, санітаркі, рабочыя, інжынеры. Ці палічыў хто, у якія сродкі выліваецца арганізацыя аўральнай кампаніі і што яна дае сельскай гаспадарцы? Асобна трэба памятаць пра трагічныя выпадкі, калі ў недастаткова кантралюемай вытворчай мітусні на палях гінуць дзеці.
На маю думку, раздзьмутае ўладай змаганне за ўраджай кожны год дыскрэдытуе дзяржаўную сельскую гаспадарку і прыводзіць да высновы, што яе рэфармаванне непазбежнае. Чым хутчэй гэта адбудзецца, тым менш дэфіцытных грошай закапаецца ў зямлю. Нідзе ў развітых краінах практыкі выкарыстання працы дзяцей няма. Фермеры, калі самі не спраўляюцца з аб’ёмам вырашчанага, наймаюць сезонных працаўнікоў, але гэта сітуацыя іншага плану. Сваімі праблемамі яны не турбуюць дзяржаву, дзейнічаюць самастойна і паспяхова.
У беларускай вёсцы сітуацыя іншая. Многія калгасы і саўгасы, раскрадзеныя пад вэрхал пераходнага перыяду ў 90-х гадах ХХ стагоддзя, так і не акрыялі, не падняліся. Мой саўгас «Глыбачаны» быў некалі ў лідарах. А цяпер кіраўніца Адміністрацыі Прэзідэнта Н. Качанава дае яму наступную ацэнку: «Сказать, что это проблемное хозяйство, значит, не сказать ничего. Действительно, ситуация очень сложная, несмотря на то, что здесь нет проблем с топливом, есть две зерносушилки, хозяйство укомплектовано механизаторами, хотя 50% — это привлеченные люди из других организаций. Вместе с тем здесь абсолютно нет культуры производства, все в заброшенном состоянии».
Як жа будзе выпраўляцца незайздроснае становішча? Старымі метадамі! Дзіўна слухаць пра знойдзенае «выйсце» ў выглядзе «штурхачоў», вядомых з савецкага часу: «Сегодня переговорю с министром сельского хозяйства, с вице-премьером, который курирует эти вопросы, подключим всех сюда, губернатору будет поставлена задача. Надо наводить порядок». Чытаючы такія пасажы, з усмешкаю ўспамінаю, як сам быў «штурхачом» ад Ушацкага РК КПБ у саўгасе імя Л. Даватара. Але ў мяне хапала розуму не лезці са сваімі «каштоўнымі парадамі», а даць людзям спакойна працаваць, дапамагаў толькі дырэктару здабыць патрэбныя запчасткі да тэхнікі і паліва.
З тым, што ў сельгаспрадпрыемстве «Глыбачаны» патрабуецца «в первую очередь навести элементарный порядок» і тады «у людей будет больше желания и стремления работать на результат», пагадзіцца можна. Але няўжо гэтым павінны займацца віцэ-прэм’ер, міністр і губернатар?
З часу арганізацыі калгасаў і саўгасаў усё на вёсцы рабілася па камандзе. Зверху загадвалі, калі вывозіць гной, калі сеяць, калі пачынаць жніво. Паспрабуй толькі выбіцца з зацверджанага графіку, усе перуны абрынуцца на тваю галаву. Такі стыль кіравання прывёў да таго, што людзі сталі вінцікамі і гайкамі таталітарнай сістэмы, страцілі імкненне і здольнасць працаваць многа і добра, усклалі адказнасць за ўласны дабрабыт на дзяржаву.
Мне, чалавеку, які пабачыў за жыццё шмат эксперыментаў у вёсцы, ясна адно — выправіць становішча можа толькі сапраўдны гаспадар, які зацікаўлена адказвае за ўсё, чым займаецца. Гэта тычыцца як фермераў, так і дзяржаўных сельгаспрадпрыемстваў, якія абавязкова не мінуць рэформаў. Без гаспадарскай увагі, якая ніколі не павінна змяншацца, нічога талковага не можа атрымацца ў любой сферы чалавечай дзейнасці, а тым больш — на зямлі.
З цікавасцю назіраю за гаспадарамі, калі яны прывозяць прадукцыю ў гарады і без пасрэднікаў яе рэалізуюць. Многія з іх маюць пастаянных пакупнікоў, якія з большым даверам ставяцца да апрабаванай гародніны, чым да таго, што прапануюць магазіны і рынак. У гаворцы вяскоўцы сцвярджаюць: нават прысядзібны ўчастак можа даць неблагі прыбытак, калі яго выкарыстоўваць па-гаспадарску.
Аб’ём прадукцыі, што вырошчваецца на невялікіх кавалках зямлі, уражвае. Гэта адказ тым, хто лічыць стратныя калгасы і саўгасы, якія існуюць пад змененымі шыльдамі, падмуркам «харчовай бяспекі дзяржавы».
Надуманае змаганне за ўраджай дае штуршок да абмеркавання праблемы працоўнага навучання моладзі. Дзіўлюся, як часта ў незалежнай Беларусі чыноўнікі любяць выцягваць запыленыя старыя ідэі і спрабаваць прыладжваць іх да новага часу і ўмоў.
Некалі я, як і тысячы аднагодкаў, атрымаў пасведчанне механізатара-жывёлавода,але ні дня ім не працаваў. Паперка пыліцца ў архіве. Патрачаныя школьны час і праца выкладчыкаў пайшлі ў пясок.
Лічу, што элементарныя працоўныя навыкі чалавек павінен атрымліваць не ў школе, а ў сям’і, якая з’яўляецца важнейшым складнікам жыцця грамадства, асновай дзяржавы. Школа дае базавую падрыхтоўку па розных ведах і не павінна вырашаць задачу прафпадрыхтоўкі спецыялістаў. Для гэтага ёсць сістэма каледжаў. Што тычыцца атрымання нейкіх працоўных навыкаў у школе — можна выкарыстоўваць факультатывы.
Калі мы навучымся жыць згодна здароваму сэнсу, з асабістай адказнасцю, а не па камандзе, то весці змаганне на палях і фермах не будзе патрэбы. Усе стануць спакойна і паспяхова працаваць.
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…