Даўнія тэорыі і цяперашнія рэаліі
23 лістапада а 19:00 у БІП-Інстытуце правазнаўства (вул. Кастрычніцкая, 5, аўд. 102, уваход праз Малую залу к/з «Мінск») адбудзецца вялікая прэзентацыя кнігі «Тэорыі літаратуры ХХ ст». Уваход вольны. Падзея пройдзе ў межах Месяца польскай літаратуры.
Ну а толькі што ў Прэс-клубе адбылася дыскусія з нагоды перакладу на беларускую мову акадэмічнага выдання Анны Бужыньскай і Міхала Паўла Маркоўскага «Тэорыі літаратуры XX ст», якое змяшчае найбольш поўнае апісанне ўсяго, што адбывалася ў сусветнай гуманістыцы за апошнюю сотню гадоў і дзе грунтоўна прааналізаваны 17 інтэлектуальных плыняў мінулага стагоддзя.
Дыскусія ў Прэс-клубе – першае з серыі мерапрыемстваў, падставу для якой дала грунтоўная праца групы вядомых беларускіх перакладчыкаў – Марыны Шоды, Святланы Рогач, Марыі Пушкінай, Таццяны Нядбай.
Падчас дыскусіі размова вялася не столькі пра літаратуру, колькі пра спалучэнне ідэяў літаратуразнаўства, філасофіі, культуралогіі, псіхалогіі, гісторыі, пра тое, як міждысцыплінарны падыход і новыя тэорыі могуць памяняць погляд на адвечныя ці злабадзённыя падзеі, як звыклыя факты і з’явы набываюць новыя інтэрпрэтацыі, сучаснае асэнсаванне.
Вядоўца Андрэй Хадановіч, панелісты культуролаг Вольга Раманава, філосаф Вольга Шпарага, гісторык Аляксей Братачкін разважалі над тым, як псіхааналіз, фенаменалогія, структуралізм, семіётыка, дэканструкцыя, посткаланіялізм ды іншыя тэарэтычныя плыні уплываюць на перспектывы сузірання рэчаіснасці, дапамагаюць рэканструяваць мінуўшчыну, адкрываць новае ў традыцыйных сітуацыях і мадэляваць наступныя працэсы, перспектывы.
Напрыклад, Вольга Шпарага на пераканаўчых прыкладах даводзіла: прааналізаваныя ў кнізе тэорыі дапамагаюць перавынаходзіць мадэлі грамадскіх паводзінаў. У звязку з чым нагадала: сённяшнія гарачыя дыскусіі аб правах чалавека пачаліся некалі менавіта з мастацкага твора, гэтаксама як з літаратунай публічнасці з’явілася іншае – палітычная публічнасць.
Працягваючы тэму, Аляксей Братачкін заўважыў:
«Як адбываецца культурны трансфер ведаў цяпер, як прыходзіць у гісторыю канструктывізм? Паглядзіце, праз плённае супрацоўніцтва розных групаў грамадства і даследчыкаў з’явіўся і няспынна ўдасканальваецца такі феномен, як Вікіпедыя. Пад уплывам новых форм рэпрэзентацыі гістарычных ведаў мяняецца наш погляд на гісторыю».
Вольга Раманава:
«Я вось лічу сябе не кінаведам, а культуролагам – гэта і ёсць разрыў паміж традыцыйным поглядам і новай практыкай, новай метадалогіяй. Я здабываю розныя сэнсы фільмаў рознымі наборамі ключоў. Карціна сучасных метадалогій, даследаванняў – надзвычай стракатая. Міждысцыплінарнасць – гэта набор розных метадаў.
Беларускі кінематограф патрабуе пераінтэрпрэтавання, якое цалкам праецыруецца на метадалогіі, прадстаўленыя ў «Тэорыях». З такім падыходам лопаецца пашыранае ўяўленне, нібыта савецкая культура – суцэльна шэрае поле. Але калі яго «разасобіць» з дапамогай апісаных у кнізе тэхналогій, то вымалёўваюцца іншыя, фрагментаваныя структуры».
Лявон Баршчэўскі:
«Мы існуем, па сутнасці, у бясконцым тэксце, бярэм з яго фрагменты і вывучаем. А тэкст — структура універсальная, якая дазваляе будаваць і праўду, і няпраўду. Пра тое шмат гаворыцца ў кнізе, яна дае бачанне выхаду за межы тэорый літаратуры».
Падсумаваў размову Андрэй Хадановіч:
«Новая тэрыя, новы інструментарый – засёды здорава, але яшчэ лепш, калі ізаляваныя сферы знаходзяць паразуменне, запазычваюць адно ў аднаго, і тады ўжо атрымліваецца, як кажа Фоер, поўная ілюмінацыя».
Аляксандр Байчун