TOP

Шэрая зона

Займаючыся пасля распаду СССР элементарным выжываннем ва ўмовах матэрыяльнай і фінансавай нястачы, мала звяртаючы ўвагу на грамадскае жыццё, беларусы і не заўважылі, як трапілі ў шэрую зону паміж дабром і злом, якая надта нагадвае лагерную.

Добра вядома, што за калючым дротам існуюць нормы паводзін і звычаі, што адрозніваюцца ад жыцця на свабодзе. Напрыклад, у гітлераўскіх і сталінскіх канцлагерах спрацоўвала галоўнае правіла: «Не высоўвайся. Не прыцягвай да сябе ўвагі. Трымайся ў сярэдзіне строю і апускай галаву. Тады бяда абыдзе цябе».

Шэрая зона, якая ўзнікае пры панаванні аўтарытарызму, таксама прымушае людзей паводзіць сябе адпаведным чынам. У ёй адразу размываюцца крытэрыі дабра і зла, праўды і няпраўды… Сітуацыя становіцца хісткай, таму чалавеку трэба жыць двайным жыццём: унутры — для сябе, а знешне — на ўладу і на публіку, лавіраваць, хітрыць, выкручвацца, што разбурае душу, выпальвае сумленне. Я даўно зрабіў выснову: пабудаваць гарманічныя, справядлівыя стасункі ў грамадстве, якое знаходзіцца пад пятой аўтарытарнага гвалту, немагчыма. З моманту ўзурпацыі ўлады краіна з такой сістэмай хоць пэўны час існуе, але няўхільна сунецца да краху. Адвакацкія апраўданні з боку заангажаваных палітолагаў і экспертаў рэакцыйных рэжымаў не вытрымліваюць крытыкі. Як сведчыць гісторыя, фінал кожнай дыктатуры і аўтакратыі драматычны або трагічны — і для правіцеля, і для народа.

Людзі ў шэрай зоне — несвабодныя. У першую чаргу яны баяцца страціць нешта з таго, што яшчэ пакуль маюць. Напрыклад, працу, а з ёй і сродкі для жыцця. У дадатак несвабода нараджаецца з негатыўных рэалій: законы дзейнічаюць выбарачна — асобна для «сваіх» і для «чужых», суды не становяцца на бок праўды, пратэстныя пікеты і маніфестацыі жорстка разганяюцца, смелыя, актыўныя людзі не вылазяць са штрафаў і адсідак у турмах.

У шэрай зоне папулярнасцю карыстаецца не чалавечая годнасць, а абстрактны гонар, які нагнятаецца ўладай і афіцыйнымі СМІ. Шчыра сказаў пра гэта расійскі акцёр Л. Ярмольнік: «Думаю, утрата таких понятий, как «мораль», «честь», вкупе с квасным патриотизмом делает людей поверхностными, а нашу жизнь превращает в какие-то комиксы. Есть картинки жизни, но за ними нет глубины, содержания. Политика, массовая культура, СМИ превращают людей в быдло. Я думаю, мы наблюдаем сегодня тотальное обездаривание нации». Гэтая драматычная праблема тычыцца як расіян, так і беларусаў.

Акрамя таго, у людзей кардынальна змянілася ўспрыняцце свету, які, нягледзячы на асобныя трагічныя здарэнні, раней здаваўся непарушным, прыгожым і светлым, а цяпер выклікае душэўную трывогу і маральнае атупенне. Плынь разнастайнай інфармацыі, якая за апошнія гады вырасла ў геаметрычнай прагрэсіі, захліствае, прыціскае чалавека, ён абыякава рэагуе на тое, што побач людзі варагуюць, ненавідзяць і забіваюць адзін другога, што падаюць самалёты і сыходзяць з рэек цягнікі, што мільёны зямлян не маюць прытулку і галадаюць.

Ва ўсім свеце становіцца намнога менш чалавечнасці, сардэчнасці і спачування, а ў шэрай зоне гэты працэс выяўляецца яшчэ больш прыкметна. Я балюча ўспрымаю тое, што многія з нас страчваюць здольнасць суперажываць, прабачыць, пакаяцца, задумацца пра ўласны лёс і важныя агульначалавечыя праблемы. Мы маўкліва замыкаемся ў сваім куточку, рашаем пераважна бытавыя праблемы і спадзяемся, што маштабныя зрушэнні, якія адбываюцца ў свеце, нас не зачэпяць. Але гэта марная надзея.

Шэрая зона мае спецыфічныя сродкі масавай інфармацыі. З мясцовага блакітнага экрана сыходзяць прапагандысцкія перадачы пра тое, як кепска жывецца краінам, насельніцтва якіх не мірыцца з аўтарытарным гвалтам, смела і мужна змагаецца за дэмакратыю. Асаблівым нападкам падвяргаецца Украіна, бо яе драматычны прыклад з аднаго боку дапамагае беларускаму рэжыму запалохваць малаадукаваны пласт насельніцтва, а з другога — ён натхняе дасведчаную, актыўную і смелую частку грамадства на барацьбу за лепшае жыццё.

Побач з прымітыўным і брудным палітычным эрзацам стаяць жудасныя гісторыі пра п’яныя і наркатычныя разборкі на самым дне сучаснага жыцця. Часта ўзнікае ўражанне, што многія журналісты спецыяльна смакуюць неверагодную жорсткасць, садызм, лютую нянавісць людзей, у тым ліку і родных, блізкіх. Зразумела, гэтыя жахлівыя малюнкі з’яўляюцца часткай агульнай сістэмы запалохвання насельніцтва, падаўлення яго свядомасці і ініцыятыўнасці.

У многіх людзей, нягледзячы на інтэрнэт, які кардынальна змяніў светаўладкаванне і з вялікай тэхналагічнай падзеі даўно стаў будзённасцю, адзінай крыніцай інфармацыі застаецца тэлевізар. А з яго дыхае нянавісць, там акапаліся «людзі вайны». Папулярны спявак Ю. Шаўчук з гэтай прычыны пажартаваў: «Если тратить время и впитывать негатив, это чревато разводом с женой и полной потерей контакта с соседями по лестничной площадке».

Вывучаючы сацыяльныя пытанні ў Даніі, Швейцарыі, Францыі, Германіі, я з прыемнасцю заўважаў, як дзяржава і яе законы з павагай ставяцца да людзей і скіраваны на тое, каб зрабіць жыццё звычайнага грамадзяніна годным, культурным і камфортным. А ці мае каштоўнасць асоба чалавека ў нашай краіне? Нягледзячы на прапагандысцкае, агульнае ўслаўленне народа з трыбун і ў СМІ, улада, як рабілася і раней, на практыцы выказвае абсалютную абыякавасць, грэблівасць да канкрэтнага чалавека, не раіцца з ім. Калі б гэта было не так, то ў нас праводзіліся б сумленныя выбары і рэферэндумы, а кіраўнік краіны галаслоўна, без вывучэння грамадскай думкі не спіхваў бы адказнасць за ўласныя рашэнні і дзеянні на народ, бо «он так хочет».

Вялікае значэнне для годнага развіцця краіны мае аўтарытэт улады. Так было заўсёды. Калі ва ўладзе знаходзяцца сумленныя, адукаваныя і культурныя людзі, то насельніцтва іх паважае, бярэ прыклад, само хоча быць такім жа. А на каго цяпер можна раўняцца у Беларусі? На асобаў, якія публічна выстаўляюць сябе невукамі, карыстаюцца лексікай крымінальнікаў, валодаюць толькі арыфметыкай, каб падлічваць накрадзеныя грошы?

Выйсці з шэрай зоны на бок дабра няпроста. Значна прасцей з большасцю скаціцца разам у прорву зла. Каб такое не здарылася, кожны чалавек павінен мець унутраны маральны стрыжань, разумець сябе і сваё месца ў складаным, няўстойлівым свеце.

Слушна кажа пра гэта расійскі кінарэжысёр У. Грамацікаў: «Человеческое достоинство — это очень важно. Каждый человек может попасть в очень сложные жизненные ситуации, с каждым может случиться беда и несчастье, но все это нужно переносить достойно, нужно стараться быть человеком. Не превращаться в животное, агрессивного мерзавца. Потому что о человеческом достоинстве негде говорить, нет среды: в семьях не успевают, в школе как-то забыли».

Калі пытаешся ў знявераных людзей, чаму яны згаджаюцца з несправядлівасцю і здзекам, чаму апускаюць рукі, то ў адказ чуецца: «Такія цяпер абставіны, а мы нічога не можам зрабіць».

Безумоўна, шэрая зона можа зняважыць, растаптаць, знішчыць нават самага сумленнага, высакароднага і прынцыповага чалавека. Але гэта не вызваляе нас ад адказнасці за захаванне годнасці і маральнай чысціні беларускага роду і Айчыны.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Надуманае змаганне

На крывой казе

Зайграная кружэлка

Чаму змоўклі саветы?

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.