TOP

«Новая беднасць»

Пражытыя мною гады дазваляюць шмат чаго з айчыннай гісторыі памятаць і параўноўваць. Маленства прайшло ў перыяд «старой беднасці», калі сяляне ўкалвалі практычна за «палачку» ў кантычцы калгаснага брыгадзіра, бо на працадзень выдавалі жменьку збожжа, а ў горадзе напаўгалодныя рабочыя выстойвалі змену каля станкоў. 

Сучасная моладзь не можа ўявіць бытавы аскетызм пасляваенных гадоў. «Старая беднасць» помніцца нягеглай вопраткай і абуткам, дзе ўладарылі ватоўка і гумовыя боты, нястачай харчу за выключэннем бульбы, капусты і гуркоў, вырашчаных на прысядзібных участках. Для дзяцей было святам, калі бацькі адорвалі іх таннымі цукеркамі — «падушачкамі».

Трэба праўдзіва канстатаваць, што савецкі час — гэта дэфіцыт і чэргі. У Беларусі сітуацыя з харчам і таварамі была лепшая, чым у іншых рэспубліках СССР, але і наша эканоміка не вытрымала выпрабаванняў, якія прыйшлі разам з крахам савецкай імперыі.

Жыццё ў ХХІ стагоддзі адрозніваецца ад далёкага і блізкага мінулага тым, што ёсць магчымасць выбару харчу, тавараў і лекаў. Але адразу падкрэсліваю, што ў цывілізаванасці беларускага быту няма заслугі ўлады. Гэта вынік агульнага прагрэсу чалавецтва. Следам за развітымі дэмакратычнымі краінамі падцягваюцца да нармальнага дабрабыту астатнія. За чвэрць стагоддзя постсавецкія краіны набылі больш прывабнае аблічча, на вуліцах гарадоў і вёсак з’явіліся элегантныя аўтамабілі, на прадпрыемствах маецца высокатэхналагічнае абсталяванне, на палі прыйшла новая тэхніка. Але амаль усё гэта — замежнае, імпартнае.

Было б добра, каб мы пераносілі з Захаду не толькі матэрыяльныя дасягненні, тэхналогіі, але і іншае, не менш важнае: элементарную павагу да чалавека, прававыя магчымасці для прадпрымальніцтва і самарэалізацыі, адкрытыя, сумленныя выбары, незалежную судовую сістэму, свабоду слова.

Калі гэтага не будзе, колькасць «новых бедных» у нас не спыніцца расці. Да дадзенай катэгорыі не трэба залічваць нейкіх маральна апушчаных элементаў, у якіх на стале няма нават кавалка хлеба, такія ёсць у любой дзяржаве. Беларускія «новыя бедныя» — гэта людзі, якія паводзяць сябе належна, маюць пэўную адукацыю, працуюць, але не могуць звесці канцы з канцамі.

Чалавек на Захадзе, калі мае працу, то можа забяспечыць сябе і сваю сям’ю па прыстойных мерках. У нас жа гэта не паказчык нармальнага дабрабыту, бо многім людзям даводзіцца шчыраваць у двух або трох месцах.

Галоўнай прычынай росту «новых бедных» з’яўляецца кепская эканамічная палітыка, якая спрабуе ўтрымаць на плыву стратныя прадпрыемствы, што засталіся з савецкага часу, і душыць малы і сярэдні бізнес. Улада баіцца самадастатковых грамадзян, бо яны могуць уступаць з ёй на роўных у дыскусію, крытыкаваць за памылкі. Бедны чалавек такога не зробіць, бо ў яго страчаны смеласць, самапавага і годнасць.

Ніякага адзінства нацыі, пра што вяшчае прапаганда, у нас няма. Якія могуць быць агульныя мэты і клопаты ў 30% насельніцтва, якое належыць да ўладнага клану, сілавых структур, прыўладнага бізнесу і не абмяжоўвае сябе ні ў чым, і ў 70% тых, хто з жахам чакае новых рахункаў на ваду, газ, электраэнергію, на ўтрыманне кватэры, хто шукае ў магазінах і на рынках танны харч і тавары, а ў аптэках — даступныя для кашалька лекі? Раскол грамадства адбыўся даўно, і ён толькі катастрафічна павялічваецца. У гэтым годзе зарплата чыноўнікаў вырасла на 37 працэнтаў!

Наша краіна — гэта зона эканамічнай і сацыяльнай рызыкі. Небяспечная агульная сітуацыя падфарбоўваецца нязначнымі тактычнымі прарывамі. Але стратэгічна мы жывём неэфектыўна, ружовыя статыстычныя лічбы не могуць прыкрыць крызісны стан.

Улада пастаянна робіць акцэнт на стабільнасці. Гэтае слова падабаецца замбіраванаму насельніцтву, якое запалохана ўкраінскімі рэаліямі. Але не трэба блытаць стабільнасць са стагнацыяй і таптаннем на месцы.

Чым сёння звычайна заняты багатыя людзі? Яшчэ большым павелічэннем любымі спосабамі свайго капіталу, будаўніцтвам шыкоўных палацаў і высокіх агароджаў вакол іх.

А мне блізкая думка разумнай жанчыны, прэзідэнта Дзяржаўнага музея выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна І. Антонавай: «Люди должны жить достойно, с достатком, но всякое преувеличение этой материальной стороны неверно. Помню, что началось в 90-х годах… Какая-то безумная страсть к обогащению. Однажды по телевизору показывали квартиру человека, занимавшегося аптечным делом. 45 комнат на двоих с женой… Это же просто чудовищно! Человек должен себя ограничивать. Он не может съесть все блюда, что есть на свете, не может спать со всеми красивыми женщинами, которые ему нравятся».

А чым займаюцца бедныя людзі? Выдатна, што не толькі аднымі гаворкамі пра абдзіралаўку ў сістэме ЖКГ, пра затрыманне зарплат, пра пенсіі, якія з’ядае інфляцыя.

Расійскі кінарэжысёр С. Урсуляк прыкмеціў станоўчую з’яву: «Внутри нашей культурной среды есть замечательные люди, настоящие подвижники. Это не те, кого мы видим на экранах телевизоров, — это те, кто в маленьких городах работает в библиотеках, маленьких театрах. Живут впроголодь, получают копейки, но при этом делают замечательные вещи. /…/ Помню, у меня были съемки в очень маленьком городе — там бедность сочится просто из всех пор. Снимали мы в здании местной библиотеки. И я увидел, как эти нищие библиотекари на свои деньги собирают какие-то выставки для детей, из подручных материалов что-то мастерят, пытаясь улучшить жизнь вокруг себя, дать что-то тем, кто рядом. Эти люди никуда не делись, они остались. На этих подвижниках все и держится. Другой разговор, что командные высоты захватили совершенно другие, с другими интересами».

Можна пагадзіцца з таленавітым творцам, але тое, пра што ён расказаў, хоць і ёсць, ды з’ява ўнікальная і, шчыра скажам, малазначная для агромністай Расіі і нават для невялікай Беларусі. Падтрымкай ініцыятыўных людзей, якія хочуць прымножыць культурны патэнцыял народа, павінна займацца ўся дзяржаўная сістэма.

Я выразна бачу, што «старая беднасць» асацыіруецца з убогім бытам, а «новая беднасць» — гэта дэфіцыт творчай іскры і самастойнасці, нішчымніца духу і маралі. Якраз на такую важную праблему рэчаіснасці ўлада не хоча звяртаць увагі.

Спаўзанне ў беднасць вядзе да дэградацыі асобы, да пагаршэння агульнай якасці грамадства. Бедныя людзі не ўдзельнічаюць у палітыцы і грамадскім жыцці, у культурных мерапрыемствах, яны ніяк не ўплываюць на развіццё краіны. Іх шмат, але гэта не мудрая і стваральная сіла, а пустое месца.

Самае галоўнае і каштоўнае ў кожнай краіне — чалавечы капітал. Але чым больш захоплена і ўзнёсла прапаганда расказвае пра наша вялікае шчасце жыць у Беларусі, тым імклівей павялічваецца колькасць бедных людзей. Адначасова адбываецца раскраданне бюджэту. Незаконнае абагачэнне прадстаўнікоў наменклатуры набыло памеры эпідэміі. Прытым жулікі не хаваюць скрадзенага, следчыя знаходзяць у катэджах навідавоку астранамічныя сумы грошай, калекцыі мастацкіх твораў, дарагіх гадзіннікаў, упрыгожанняў…

Усё паказвае на тое, што ў бліжэйшы час змен у Беларусі не прадбачыцца. Застаецца толькі радавацца, што хоць сонца свеціць аднолькава — як у вокны шыкоўных катэджаў, так і сціплых кватэр, вясковых хат.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Шэрая зона

Надуманае змаганне

На крывой казе

Зайграная кружэлка

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.