Апошнія падзеі паказваюць, што аўтарытарная Расія паставіла задачу атрымаць перамогу над патэнцыяльным ворагам «да першага стрэлу» і выкарыстоўвае для гэтага ўсе даступныя спосабы. А Беларусь выконвае пры ёй ролю паслужлівага ардынарца.
Імперская веліч, якая зверху прышчаплялася расіянам на працягу стагоддзяў, не дае ім спакойна жыць і працаваць, змушае браць зброю і ісці ваяваць. Менавіта на грунце агрэсіўных настрояў Расія актыўна пашырала свае межы. Больш таго, жыццё ў рэжыме імперыі патрабавала мець вялікае войска, каб кантраляваць паводзіны заваяваных народаў, якія маглі выявіць памкненні да свабоды і самастойнасці.
Расіяне валодаюць велізарнымі абшарамі зямлі і багатымі рэсурсамі, каб ствараць сабе заможнае, культурнае і шчаслівае жыццё. Але вынікі гаспадарання не радуюць. У краіне налічваецца 30% стратных прадпрыемстваў. 19 мільёнаў грамадзян маюць прыбытак ніжэй афіцыйнага мінімуму.У той жа час у 10% самых заможных жыхароў Расіі 90% агульнага багацця, якое яны пастаянна вывозяць за мяжу. У «сацыяльна скіраванай дзяржаве» нарастае напружанасць паміж багатым і бедным пластамі насельніцтва.
У Расіі і Беларусі прапагандуецца меркаванне пра тое, што нам патрэбны не еўрапейскія дэмакратычныя каштоўнасці, а жалезная рука. Але ідэолагі і прапагандысты забываюцца ўдакладніць: так думаюць не ўсе людзі, а найменш адукаванае насельніцтва, частка пенсіянераў і сілавікоў. Увогуле, улада часта прыпісвае народу тое, што выдумляе сама.
Тэорыя перамогі «да першага стрэлу» вымагае ўзмоцненай ваеннай прапаганды. У нас дадумаліся да таго, што вучэнні «Запад — 2017» рэкламавалі з ранку да ночы, як зубную пасту або мыла. Зразумела, што замежныя эксперты тутэйшае тэлебачанне не глядзяць, а таму яно было скіравана на стварэнне адпаведнага агрэсіўнага настрою ўнутры краіны, на запалохванне насельніцтва знешнімі і мясцовымі «ворагамі». Але, на маю думку, у непрадказальнай міжнароднай сітуацыі разварочваць беларусаў і расіян у бок вайны — гэта злачынства.
Спакойна гаворачы пра вайну, пагражаючы паўтарыць паход «на Берлін», сённяшнія «ястрабы» стаяць далёка ад глыбокага разумення народнай трагедыі, якая прыходзіць разам з баявымі дзеяннямі. Напрыклад, ахвярамі змагання з нямецкімі фашыстамі сталі не толькі людзі, якія загінулі на франтах, у партызанскіх атрадах, у падполлі і ад гвалту гітлераўцаў на акупіраванай тэрыторыі.
Вайна не канчаецца нават тады, калі годна, з вайсковай пашанаю пахаваны яе апошні салдат. Яна даганяе ацалелых людзей і іхніх нашчадкаў. Хто падлічыў, колькі вайскоўцаў пасля вайны спілося і заўчасна пайшло з жыцця ад алкаголю? А як гэтыя канкрэтныя трагедыі паўплывалі на іхніх жонак, дзяцей і ўнукаў? Ланцуг бяды, які вырастае з вайны, бясконцы. Ён не толькі пагаршае генетычны код нацыі, але і адбірае ў яе стваральныя сілы.
Дзікунствам выглядае тое, што апошнія паведамленні па расійскіх тэлеканалах пачынаюцца пахвальбою пра вучэнні або выпрабаванні новай зброі. Нядаўна ў запуску з розных месцаў краіны чатырох балістычных ракет удзельнічаў прэзідэнт У. Пуцін. Афіцыйныя СМІ радаваліся, нягледзячы на аварыю ваеннага верталёта, у якой загінула 8 чалавек. Такія паводзіны шакіруюць нармальных людзей. Па-першае, цывілізаваныя краіны ніколі не рэкламуюць будні сваіх армій. Гэта шараговая праца, такая, як у кампутаршчыкаў, рабочых, інжынераў, настаўнікаў, урачоў, выкладчыкаў ВНУ, і выхваляцца ёй неразумна. Па-другое, не трэба разлічваць, што ЗША і Заходняя Еўропа пасля прагляду грозных сюжэтаў задрыжаць ад страху. Яны выдатна ведаюць, што Расія — гэта эканамічна слабая краіна, якая не зможа забяспечыць армію патрэбнай для вайны тэхнікай. Пагрозы разлічаны на прасцячкоў!
Каб пераканацца, варта параўнаць канкрэтныя лічбы. На Расію, якая валодае гіганцкай тэрыторыяй, незлічонымі рэсурсамі і высокім узроўнем адукаванасці грамадзян, сёння прыпадае толькі 0,4% глабальнага дабрабыту, на Кітай — 9,1%, а на ЗША — 33%. Як кажуць, каментарыі не патрэбны!
Расійскі журналіст С. Сотнік падкрэслівае, што цяперашнія беды маюць выток у былым: «Советский инфантилизм и нежелание нести ответственность за преступления, которые стали возможны благодаря общественному конформизму и, в лучшем случае, — молчанию — питательная среда для политических и военных авантюристов, удерживающих власть в России. Этот урок тоже надо усвоить. /…/
А денег действительно нет. Ни на Крым, ни на Донбасс, ни на Сирию, ни на саму Россию. Денег нет даже на то, чтобы напечатать карточки для малоимущих россиян. Скоро их не останется и на москвичей. И население это чувствует, как-то доживая последний «сегодняшний день» в надежде, что он каким-то чудом продлится чуть дольше».
Самае парадаксальнае, што расійскія і беларускія палітычныя лідары і ўся наменклатура люта ненавідзяць дэмакратычны Захад, але кватэры і дамы маюць менавіта там і дзяцей, унукаў заўсёды прыстройваюць туды. Ведаюць, што ў прававых краінах строга дзейнічае закон, ніхто не возьме іх за адно месца і не пацягне да сцяны на расстрэл. Нягледзячы на гарачую любоў да дыктатур, дажываць свой век яны будуць не ў Паўночнай Карэі або на Кубе.
Ажыятаж вакол перамогі «да першага стрэлу», у якім, акрамя чыноўнікаў, вайскоўцаў і прапагандыстаў, удзельнічаюць прафесійныя разведчыкі, дыпламаты, засланыя ў адпаведныя месцы «казачкі», хакеры, уплывае на маральны стан грамадства. У ім актывізуюцца разнастайныя цёмныя сілы, мярзотнікі і садысты дэманстратыўна паказваюць сваю нянавісць перад народам.
Беспакаранасць тых, хто нападае на журналістаў, грамадскіх актывістаў і звычайных людзей, якія маюць сваю думку, уласнае разуменне прававой і справядлівай дзяржавы, нараджае новыя бандыцкія выхадкі ў публічных месцах, вулічныя сутычкі. Так пачынаецца вайна ўсіх супраць усіх.
На вуліцах Мінска злавесная сімптаматыка выяўляецца ў тым, што тут адчуваюць сябе гаспадарамі ваяўніча настроеныя прадстаўнікі «рускага свету». Дарэчы, у час сёлетніх вучэнняў Міністэрства абароны Расіі тлумачыла, што яно «подразумевает под «Западом» западную часть России и Белоруссии, а не зарубежные государства». Такім чынам, наша суверэнная краіна для яго — амаль што царскі «Северо-Западный край»!
У агульнай хадзе па афіцыйным маршруце, у будзённай сумятні мы забываемся на тое, што не ўсё вымяраецца ўсталяванымі зверху ідэалагічнымі канонамі, што ёсць таленавітыя, разумныя людзі, якіх варта паслухаць. Выдатны расійскі кінарэжысёр і сцэнарыст А. Сакураў, выступаючы ў інтэлектуальным клубе С. Алексіевіч, шчыра аналізаваў маральны стан сваёй краіны і суайчыннікаў: «Сейчас вокруг одна ложь. И очень часто эта ложь исходит от государства… Мы, русские люди, очень часто являемся соучастниками того, что чинит государство…
Уже сегодня оружие умнее офицеров и солдат. Умнее людей, в чьих руках оно находится…
Главное — чтобы была культура. Только она способна удерживать от озверения. Не будет культуры — никакая промышленность, никакая армия не выстоит».
Сапраўды, калі мы хочам застацца людзьмі, трэба не пагражаць некаму, а ўдасканальваць нацыянальную адукацыю і культуру.
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…