Некалі я ўзяў у далёкую дарогу кніжку-навінку і ў падарожжы ўважліва прачытаў. Класная рэч, але з такім «прыколам»!
Пры сустрэчы з аўтарам пытаюся: «Ну хваліся — заслужана віншуюць?» — «А што добрым людзям добрых слоў шкадаваць?» — «І ніхто не заўважыў, як у адным раздзеле выпалі недзе пад 30 старонак?» — «Не можа быць!» — «Дык так ёсць»…
Мо выпадковы тэхналагічны касяк, а мо й ідэалагічная «засада», бо ў тым зніклым друкаваным аркушы расказвалася пра закрытыя, цьмяныя, негераічныя бакі беларускай «партызанкі» — фактычна пра грамадзянскую вайну ў лясах і пад стрэхамі…
Гэта да таго, што мы часта «чытаем» і сваё жыццё, і нашых блізкіх, знаёмцаў, дзяржавы «па дыяганалі»: хуценька, адным вокам, а ў выніку не заўважаем цэлыя кавалкі, нават пласты, надзвычай важныя ў лёсах беларусаў і Беларусі. А як няма ўвагі нават да парадкава, прынцыпова значнага, то ўжо што казаць пра стаўленне да драбніцаў гістарычнай, сямейнай, радаводнай памяці?
У зборніку аўтабіяграфічных інтэрв’ю Аляксандра Тамковіча «Мазаіка жыцця» (432 старонкі тэкста з мільёнам «драбніцаў» і 381 унікальным здымкам!) пераарана столькі, столькі пасеяна і сабрана, што можна смела сказаць: мы атрымалі абсалютна незвычайную энцыклапедыю Беларусі найноўшага часу ў асобах, эмацыйную, аўтарызаваную гісторыю апошніх эпізодаў сталення нацыі.
І вось пра што падумалася, калі прачытаў чарговую, 24-ю па ліку кнігу свайго сябра і калегі.
Тут вялізная складаная праца, набор зусім няпростых тэхналогій замацавання асабістай, а ўрэшце і ўсёй беларускай памяці.
Споведзі 31 героя — гэта іх адказ, рэакцыя, рэфлексіі на сучасны запыт грамадства на веданне гісторыі, на шліфаванне нашага абсяга культурнасці. Вынікае, што цяпер ужо мала казаць пра гераізм ці працалюбства, сціпласць ці таленавітасць усяго народа — зараз вітаецца персаналізацыя мінуўшчыны. Не маса цікавіць — а асобы, іх твары, не статыстычны мегамасіў — а драбніцы, нібыта нулі ды адзінкі… Не наўпростаглаблёвыя, аднастайныя біяграфіі — а з рознакаляровым, рознафактурным адценнем.
Абстрактная мемарыялізацыя — даводзіць Тамковіч — саступае месца жывому лёсу «маленькага» чалавека… Безаблічнасць гісторыі ці арыентацыя выключна на яе кананізаваных герояў сыходзіць: грамаду пачынае хваляваць лёс простага Чалавека. Ягоны шлях да асэнсавання сябе як Асобы.
Для канкрэтыкі — крыху пра ўласны пошук пластоў і драбніцаў сямейнага роду. Знайшлася перадваенная фотка адной са сваячак — незвычайнай прыгажосці маладой жанчыны! А які лёс напаткаў — ужо й няма ў каго пытацца. Але дазналіся ўсё ж пра такі факт: у вайну Сцепанiда пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Леніна. За што — у архівах ні слова, дагэтуль сакрэт. Але можна здагадацца: філолаг з галівудскай знешнасцю выдатна ведала нямецкую мову… Зразумела, у якіх архівах трэба шукаць далей. І факт зусім іншы, бытавы, але не менш важны і шчымлівы для ўсёй нашай сям’і: калі памерла маці майго бацькі, то яе муж і мой дзядуля Зміцер — звычайны магілёўскі вясковец — пазычыў вялікія па тым часе грошы і замовіў на пахаванне аркестр. Такога ва ўсім вялізным сельсавеце да яго не было ніколі. Вось так мой дзед ушанаваў памяць сваёй любай.
У герояў Тамковіча кранальных драбніцаў ды пераканаўчых пластоў вельмі шмат. Пачынае кнігу ў алфавітным парадку Святлана Алексіевіч, ва ўспамінах якой уражвае эпізод пра бацьку: шчыры камуніст прытушыў сваё бязбожжа і прыйшоў у варожы для яго манастыр, скарыўся перад абразамі, каб выратаваць дачку, будучага Нобелеўскага лаўрэата — вось як драбніцы сям’і вырастаюць у пластавае для нацыі… А заканчвае «Мазаіку» Віктар Шалкевіч: называю прозвішча, і перад вачыма вобраз музыкі — таленавіты, але такі едкі! Я люблю яго менавіта ў іпастасі «прыстойнага цыніка», але яшчэ больш палюбіў, як прачытаў ну проста фантастычна шчымлівыя радкі пра тое, з якой невыказнай пяшчотай спадар Віктар шануе, проста абагаўляе сваю матулю…
Дзякуй, Аляксандр, за навуку любіць сваё жыццё, шанаваць памяць роду, ганарыцца Беларуссю.
Аляксандр Уліцёнак
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…