TOP

Няхай жывуць бабры і знікнуць махляры!

У Віцебску асудзілі за махлярства 63-гадовую жанчыну. Яна падманвала бабулек, з якімі знаёмілася ў чарзе ў паліклініках. Абяцала вылечыць іх бабровым салам, брала грошы і знікала. Не сакрэт: бітком набіты Паліклінікі заўжды, Бо туды, на сход нібыта, Ходзяць бабкі і дзяды.

Можа быць, што з іх каторы
Нездаровы сапраўды.
Але нават і не хворы
Валачэ сябе туды.
Расчыняюць звыкла дзверы,
Бы лякарня — райсабес.
А які ж пенсіянеры
Там займелі інтарэс?
Сумна ім «сязець на печы» —
Не адолееш нуду.
А ў лякарні люд старэчы,
Так бы мовіць, на віду.
Там і цёпла, быццам летам
Пад бярозкаю ў цяньку.
Успадоб, што льга пры гэтым
Волю даць і языку,
Расказаць другім пра болькі
І пра кепскую мачу…
Тых хвароб у целе столькі,
Што й не снілася ўрачу!
Лёгка клюнуць на прыманку,
Калі хворы ты й стары.
Дык не дзіва, што дзялянку
Абжываюць махляры.
I лякарню дзень каторы
З іх наведвала адна.
У шматлюдным калідоры
Аціралася яна.
Тут прыстане, там прысядзе,
З тым размову завядзе…
Захлыналася ў спагадзе —
Гэтак ёй шкада людзей!
А затым распавядала
Суразмоўцам пра баброў:
Вельмі смачнае ў іх сала,
Дый карысці — будзь здароў!
Лечыць сала ў чалавеку
Печань, зрок, панос, запор…
Словам, цэлую аптэку
Замяняе ён, бабёр!
Ёй усе давалі веры,
Ды адно было няўцям:
— Дзе ж узяць нам сала звера?
— Не бядуйце, я прадам
Залатое тое сала:
Год ужо ў маім хляве
Не свіння, — яна казала, —
А якраз бабёр жыве.
Вас без сала не пакіну,
Толькі грошы — напярод.
У чаргу на свежаніну
Стаў запісвацца народ,
А затым пенсіянеры
Даставалі кашалькі…
Рэзультат з тае аферы
Быў у рэшце рэшт які?
Праклінаюць тарбахватку
(Заадно яшчэ й бабра),
Бо няма ў сухім астатку
Ні здароўя, ні дабра.
* * *
Ёсць харошыя ўрачы —
Ты хваробы ў іх лячы.
І няхай жывуць бабры
Дый астатнія звяры!
Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Паставіла мытня падножку: «Прапусцім ці жонку, ці кошку»

Навагодняя шаткаванка

Каму — валюта, каму — пакута

Бацька ўсё-ткі не наплёў нам пра тысячу рублёў!

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.