Агмень для пегасаў
Люблю сімвалы і логіку. Напэўна, сярод сінонімаў слова «агмень» будзе дамінаваць «ачаг», хаця, на мой погляд, у дадзеным выпадку правільней згадваць крыніцу, бо называючы свой першы паэтычны зборнік «Агмень» Анатоль Сыс хутчэй за ўсё думаў менавіта пра родную вёску Гарошкаў.
Ну а слова «Пегас» знаёма амаль усім, бо крылаты конь ужо шмат стагоддзяў сімвалізуе творчае натхненне. Да таго ж менавіта ён стаў фірмавым знакам ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» (СБП)
Так што з сімваламі і логікай у назве гэтай нататкі ўсё ў парадку. Як і ў назве фэста, які кожны год у вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ладзіць СБП — літаратурны фестываль імя Анатоля Сыса «Агмень».
Каб нікога не забыць і гэтым не пакрыўдзіць, не стану пералічваць больш дзясятка выступоўцаў. Адзначу толькі, што дзякуючы выступам гасцей з Польшчы, Яўгену Вапе і Ганне Кандрацюк, якая напярэдадні прэзентавала сваю новую кнігу «Па Прыпяці па Нобель: рэпартаж з краіны балот і бурштыну», дванадцаты фэст «Агмень» набыў статус міжнароднага.
А яшчэ я цалкам згодны са словамі кіраўніка СБП Барыса Пятровіча, што некалі гэты фестываль будзе адзначацца на дзяржаўным узроўні, бо Анатоль Сыс — Паэт з вялікай літарары.
Дарэчы, дзяржава не абышла ўсё-такі фэст сваёй увагай: міліцэйская машына, з якой пільна сачылі за паэтамі, яскрава сведчыць пра тое.
Завершым знакамітым вершам Анатоля Сыса, які на фэсту прачытаў мой калега і сябра Валер Каліноўскі:
У гэтай краіне не маю я дому,
вось воблака — сяду і ў свет палячу
над гэтай гаморай, над гэтым садомам,
ні грошай, ні славы — я волі хачу.
У гэтай краіне не маю я долі,
вось посах і торба і сотні дарог.
Па долю пайду. Не вярнуся ніколі.
Няхай мяне судзяць хоць людзі, хоць Бог.
У гэтай краіне не маю я Бога,
ушчэнт разапселі яго святары:
дзе церні павінны насіць — носяць рогі,
які ж тагды Бог, калі служкі звяры?
У гэтай краіне не маю я роду,
забыўся народ мой наймення дзядоў,
і свету не бачыць далей азяроду,
і дзецям не дорыць на шчасце падкоў.
У гэтай краіне не маю я песні,
якая б народнай была і маёй,
якую б сябрына запела ў Бярэсці,
а рэха ўзышло за Дняпром, за Дзвіной…
У гэтай краіне не маю я дому,
вось воблака — сяду і ў свет палячу
над гэтай гаморай, над гэтым садомам,
ні грошай, ні славы — я волі хачу,
бо ў гэтай краіне не маю я волі…
Александр Томкович
Читайте также:
Посол Швеции в Беларуси Кристина Юханнессон:
Жизнь в инвалидной коляске — это не приговор
Виктор Хурсик: Национальная идея должна строиться на истории, а не на мифах
Особое мнение Михаила Пастухова