У родную Васілю Быкаву вёску Бычкі (Ушацкі раён Віцебскай вобласці) на ўручэнне прэміі яго імя мы ехалі разам. Амаль тры гадзіны пісалі інтэрв’ю, пра якое дамовіліся некалькі тыдняў таму. Так прапанаваў сам Глеб Лабадзенка, які слушна заўважыў, што больш спрыяльны час для размовы «пад дыктафон» знайсці будзе вельмі цяжка.
Амаль тры гадзіны я не ведаў, што побач са мной кіруе аўто новы лаўрэат прэстыжнай прэміі «За свабоду думкі!» і пачуў гэта толькі пад час цырымоніі ўзнагароджання.
Шчыра віншуем!
Вось гэта вытрымка!
— Знакамітыя курсы «Мова нанова», помнік Тадэвушу Касцюшку, устаноўленыя мемарыяльныя шыльды на дамах вядомых людзей, паспяховыя краўдфандынгавыя акцыі і г.д. Толькі адзін пералік зойме з дзясятак хвілін . Адкуль гэтая незвычайная цяга да Беларушчыны»?
— Напэўна ад бабулі Галіны. Калі ў 1953 годзе ёй далі пашпарт, бабуля з вёскі Бабовішчы Слуцкага раёна паехала скараць Мінск. Працавала на фабрыцы марозіва і на камвольным камбінаце, дзе была ветэранам працы, ганаровай ткачыхай.
Слава Богу, яна жыве і сёння (1931 года нараджэння), але так і не навучылася размаўляць па-руску. Беларуская мова — генетычная частка яе асобы.
Натуральна, бацькі (як і я) нарадзіліся ў Мінску. Кожнае лета на тры месяцы мяне разам з бабуляй «сплаўлялі» у Бабовішы.
Спачатку было крыху крыўдна. Наступілі дзевяностыя гады, і многія з равеснікаў адпачывалі з бацькамі на морах ў турцыях-егіптах, а я — ў вёсцы пад Слуцкам. А потым зразумеў, што тры месяцы адпачынку ў роднай Беларусі больш карысныя і прывабныя, чым 10 дзён недзе на замежным курорце.
Дарэчы, першы раз у Егіпце я пабываў толькі некалькі тыдняў таму. Адзін раз цікава пабачыць. Але глядзіш на тыя мячэці — ну, прыгожа. А глядзіш на Крэўскі замак — і сэрца пачынае біцца часцей.
У дзяцінстве пасля трох месяцаў вясковага жыцця я вяртаўся ў горад і не мог « правильно разговаривать».
Калі шмат гадоў пасля свядома прыйшоў да беларускай мовы, мне не трэба было яе мэтанакіравана вучыць, бо, як у тым вершы Рыгора Барадуліна, «з мяне, як камяні з зямлі, вушацкія выходзяць словы». Так што я ведаю беларускую мову, не сурагатную, не слоўнікаў, або з горада, а прыродную, жывую.
На жаль, са сталых жыхароў нашай вёскі, сёння там засталася адна бабулька. Астатнія — дачнікі альбо тыя, хто пераехаў у вёску пазней…
Слуцкі раён — Цэнтральная Беларусь, гаворкі якой і сталі глебай для літаратурнай беларускай мовы. Калі ў сёмым класе я пазнаёміўся з Рыгорам Барадуліным, і ён свядома накіраваў мяне ў гэты бок, паўтаруся, нічога адмыслова вучыць не давялося.
І яшчэ — калі б я засноўваў нейкую прэмію, даваў бы яе не за словы, а за справы. У нас вельмі шмат людзей любяць пагаварыць, праводзяць розныя падседжванні, круглыя сталы, галасуюць, ствараюцца камісіі, рады і г.д. Звычайна, гэта ні да чаго канкрэтнага не прыводзіць, таму я ніколі не ўваходжу ў аргкамітэты па стварэнню аргкамітэтаў і ў іншыя падобныя структуры. Стараюся мінімальна далучацца і да нейкіх арганізацый. Натуральна, ёсць тыя, дзе лічу за гонарам быць сябрам — БАЖ, ТБМ, Саюз беларускіх пісьменнікаў і ПЭН-цэнтр.
Калі я ўпершыню паспрабаваў нешта зрабіць пры грамадскай падтрымцы, ішоў, здаецца, 2008 год.
— І што гэта было?
— Акцыя ў падтрымку Рыгора Барадуліна.
Я сам не чакаў і не ведаў механізмаў, калі ты даеш людзям магчымасць зрабіць добрую справу. Тады мне проста хацелася аддзячыць Барадуліну за ўсё тое, што ён для мяне рабіў. Я бачыў, як сціпла, празмерна сціпла, ён жыве — ложак, падпёрты кніжкамі, бо ножкі ад яго зламаліся. У ванне — пабітае люстэрка ў якім ён голіцца. Заржавелыя краны…
Гэта не таму, што раней ён нечага не мог купіць. Былі часы, калі на ганарары за кніжкі можна было някепска жыць, але гэта быў чалавек, абсалютна абыякавы да асабістага побыту. Мне было балюча назіраць, як наш найлепшы паэт жыве ў падобных умовах.
У той час ён ужо быў на пенсіі, а яна складала прыблізна 150-200 даляраў. І я добра разумеў, што трэба памагаць, як гаворыцца, «тут і цяпер», што, кажучы ягонымі радкамі, «не трэба анікому ён — сум ля сляпых слупкоў».
Тады я і прапанаваў напісаць у інтэрнэце пра тое, што мы праводзім акцыю ў падтрымку Рыгора Барадуліна. Ён вельмі саромеўся, не хацеў выглядаць жабраком. А мне не было чаго саромецца, бо гэта вялікі гонар — зрабіць нешта для такога чалавека.
Сэнс акцыі ў тым, што мы не збіралі грошы за аўтограф. Проста людзі атрымлівалі кнігі Барадуліна аўтографам (у тым ліку даўнія кнігі, якія ўжо зрабіліся рарытэтамі, а ў яго ляжалі дзясяткамі), а ўзамен можна было нешта ахвяраваць. Ніякіх коштаў не існавала.
Была сабраная каласальная сума. Барадулін прасіў не агучваць лічбы — не буду парушаць ягоную просьбу і цяпер. Скажу толькі, што сума супастаўная з добрым аўтамабілем.
У першай акцыі паўдзельнічала каля пяцісот чалавек.
Праз чатыры гады мы правялі другую акцыю. У ёй прынялі ўдзел ужо семсот чалавек. І сума была сабраная ў паўтара разы большая за першую.
За гэтыя грошы ў кватэры былі замены вокны, сантэхніка, набытая новая мэбля ў рабочы кабінет (стары пісьмовы стол перадалі ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры). За іх па сутнасці апошнія гады жыцця ён і жыў. Усё лагічна: у цяжкую хвіліну народнаму паэту аддзячыў сам народ. І што вельмі важна, не пасля смерці, а пры жыцці.
Для мяне гэта быў першы выпадак, калі я зразумеў, што, каб некаму дапамагчы, я не магу дастаць з кішэні неабходныя грошы, бо столькі іх там няма, але можна ўсё арганізаваць так, каб яно працавала, як патрэбна ў дадзенай сітуацыі.
Праз пэўны час была праведзеная сапраўдная краўдфандынгавая кампанія. Тады нават слова такога не ведалі. На Захадзе краўдфандынг быў даволі распаўсюджанай з’явай. А для нас гэта стала амаль ноу-хаў.
Усё пачалося з таго, што літаратуразнаўца Сяргей Шапран дапамагаў Рыгору Барадуліну наводзіць парадак ў рабочым кабінеце, які быў літаральна завалены рознымі паперамі. Горы папак, рукапісаў, кніг. Усе гэта назапашвалася гадамі.
Наводзячы парадак, яны знайшлі рукапіс «Ладдзі Роспачы» Уладзіміра Караткевіча (гэты твор аўтар прысвяціў свайму сябру — адпаведна, падараваў і рукапіс). Калі я ў чарговы раз прыйшоў да Барадуліна, ён прапанаваў прачытаць аповесць у арыгінале. Гэта было такое ўражанне, быццам бы я трымаю ў руках Біблію Скарыны.
Прыехаў на лецішча, вымыў рукі, высушыў іх. Пад настольнай лямпай, асцярожна перакладаючы аркушы, прачытаў тэкст не адрываючыся. Тут жа прыйшла думка: «Цікава. А ці правіла тут нешта цэнзура?»
Узяў з паліцы кнігу і ўжо да канца першай старонкі налічыў 13 цэнзарскіх правах. Менавіта цэнзарскіх, а не карэктарскіх.
Словы «Беларусь», «беларусы», «Бог» мэтанакіравана вычышчаліся з тэксту. Прымітыўныя савецкія рэдактары не гадзіліся Караткевічу ў падмёткі, яны часта не разумелі, пра што ён піша. І выкрэслівалі ўсё, што не разумелі.
Адразу нарадзілася ідэя адмыць «Ладдзю Роспачы» ад гэтага савецкага бруду, і я аб’явіў збор сродкаў. Неўзабаве накладам у паўтары тысячы асобніках была выдадзена кніга, якая распрадалася ўсяго за некалькі месяцаў.
І тады я зразумеў унікальнасць сітуацыі. У цябе ёсць ідэя, але няма грошай для яе рэалізацыі. Аднак ёсць вельмі шмат людзей, якія (калі ім гэтую ідэю растлумачыць) з радасцю далучацца да таго, каб яна рэалізавалася. Па сутнасці, гэта папярэдняя падпіска на кніжку. З той пары падобным спосабам было рэалізавана шмат чаго цікавага.
— А які праект быў самым складаным?
— Відаць, стварэнне помніка Касцюшку. З кніжкамі ўсё больш-менш ясна, адпаведны досвед ёсць. А з помнікамі…
Так, быў досвед арганізацыі ўсталявання валуна на магілу Барадуліна, але гэта зусім іншае… І мемарыяльныя дошкі таксама іншае пытанне…
Зараз пра тое, як трэба ставіць помнікі, я ведаю амаль усё. Канечне, каштавала гэта шмат высілкаў, нерваў і часу. Далёка не пра ўсё пісаў і гаварыў публічна, таму што ў падобных справах я прыхільнік таго, каб агучваць толькі пазітыўную інфармацыю. Я ўвогуле стараюся не ныць, не скардзіцца, не плакаць. Не казаць, што мне нехта замінае. нечага не дае. Усё ў тваіх руках. І калі ўзнікае праблема, трэба яе вырашаць, а не лямантаваць на гэты конт. У нас вельмі шмат людзей з псіхалогіяй ахвяры.
Нечым мне гэта нагадваю сітуацыю са звычайным жуком. Дакраніся — ён брык на спіну і робіць выгляд, што памёр ад страху. Так і некаторыя людзі часам робяць.
Зразумела, ніхто нікому не абавязаны «уключаць зялёнае святло», але абсалютная большасць тых, да каго я звяртаўся наконт помніка Касцюшку ахвотна ішлі насустрач. Часы, калі усё беларускае лічылася шкодным, ужо адышлі ў нябыт. На розных узроўнях сустрэлася толькі адна асоба, якая патрапала нервы і, як кажуць, папіла кроў, напоўніцу.
Але назад дарогі не было. Таму мусіш, як той ручай, сустрэўшы перашкоду, шукаць абводны шлях. Пагатоў, калі ў цябе за плячыма семсот чалавек ахвярадаўцаў, падобныя рэчы рабіць значна прасцей. Семсот чалавек — гэта аргумент.
Гара з плеч упала толькі тады, калі гэты помнік паставілі на пастамент. Ні адной капейкі там няма дзяржаўнай, помнік цалкам пастаўлены на народныя грошы — агулам пайшло пад 15 тысяч даляраў. І толькі два ахвяравання былі буйнымі — па паўтары тысячы даляраў, усё астатняе — ахвяраванні па 5-10-20 рублёў. Гэта суперважна! Цяпер любы з гэтых сямісот чалавек можа прыехаць да помніка і сказаць сваім дзецям альбо ўнукам, што пяць квадратных сантыметраў зроблены за ягоныя грошы. Гэта матэрыялізацыя грамадзянскай мары!
— Што далей? Што ў планах?
— Не скажу, бо можа не здзейсніцца. Адзначу толькі, Тадэуш Касцюшка не апошні беларускі герой, каму трэба ставіць помнік і тое, што адпаведныя «вуды» я ўжо закінуў.
— А як наконт кніжак?
— Літаральна месяц таму выйшла «Залатая шарсцінка, сярэбраная павуцінка» — народныя казкі з ілюстрацыямі геніяльнага Паўла Татарнікава. Для мяне вялікі гонар было падключыцца да гэтага праекта, бо Павел — самы тытулаваны беларускі мастак. У свеце ёсць толькі два мастакі, якія двойчы ўзнагароджаны найвышэйшай узнагародай мастакоў-ілюстратараў «Залаты яблык». Адзін з іх — беларус Павел Татарнікаў.
Дарэчы, адзін «яблык» ён атрымаў якраз за гэтыя малюнкі.
На падыходзе яшчэ дзве кніжкі.
Гэта «Сымон Музыка» Якуба Коласа без цэнзуры. Пасля цэнзарскага катка і там багата што знікла, нават гучанне твора стала іншае. Апроч лірычна-пастаральных матываў Колас выразна нагадваў, хто мы і адкуль мы. Усё гэта прыбрана. Дарэчы, да кнігі будзе і відэаверсія, дзе непадцэнзурную паэму чытае сын паэта Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, які напісаў прадмову да новага выдання.
Другі праект — кніга лістоў Ларысы Геніюш унукам, з унікальнымі аўтарскімі малюнкамі. Кніга рыхтуецца ў шчыльнай супрацы з Міхасём Геніюшам, унукам Ларысы Антонаўны. Кніга так і называецца «Лісты ўнукам».
Апроч лістоў, там будуць сабраныя ўсе вядомыя вершы Геніюш. І тыя, якія раней выходзілі ў папсаваным рознымі рэдактарамі выглядзе. І некалькі дзясяткаў вершаў, якія раней не друкаваліся ўвогуле. Плюс лісты ўнукаў да самой Геніюш. Вельмі арыгінальная мазаіка атрымалася.
— Да пераліку выдадзеных пры Вашай дапамозе кніг можна дадаць яшчэ шмат назваў, але там не будзе твораў аўтарства самога Лабадзенкі, які пачынаў як паэт. Чаму? Узнік новы прыярытэт?
— Я пра гэта абсалютна не думаю, таму што паэтаў у нас вельмі шмат, а, скажам так, арганізатараў намнога менш. Вельмі добра разумею, што, калі я буду думаць не пра сябе, то зраблю значна больш. Цешуся, што мая кніга «Дзіцячая замова» (у дзвюх частках) разышлася накладам у сем з паловай тысяч асобнікаў, цешуся папулярнасці падручніка «Мова Нанова» (таксама ў двух частках), які мы зрабілі разам з Алесей Літвіноўскай, але ў большай ступені радуе поспех Беларушчыны ў цэлым. Папулярызацыя беларускай мовы і культуры важней папулярызацыі сябе самога. На жаль, у нас усе жадаюць быць камандзірамі, генераламі, а простых салдат не хапае.
— Напэўна, пытанне пра дошку да 100-годдзя БНР самае распаўсюджанае?…
— І вельмі непрыемнае, таму што свае абавязкі ў гэтай справе я цалкам выканаў. Я не з’яўляюся арганізатарам і заяўнікам усталявання гэтай дошкі. Да мяне звярнуліся прадстаўнікі Аргкамітэта святкавання і Саюза беларускіх мастакоў з просьбай арганізаваць збор грошай і выраб бронзавай дошкі. Я з задавальненнем пагадзіўся. За тры гадзіны мы сабралі неабходныя грошы і адлілі шыкоўную дошку. На гэтым мая кампетэнцыя ў справе завяршылася.
Таму я не ведаю, што адказваць на пытанне, чаму гэтая дошка пакуль не вісіць. Яго лепш адрасаваць беларускаму Саюзу беларускіх мастакоў і Аргкамітэту па правядзенні святкавання 100-годзя БНР. Усе забываюцца, што прапанова павесіць гэтую дошку пайшла не ад аргкамітэту, а ад улады. У мяне таксама ёсць пытанні, чаму людзі, не маючы на руках дакументальных пацвярджэнняў, паверылі на слова пэўным асобам… Канечне, верагоднасць усталявання дошкі была вельмі высокая і паспрабаваць было варта. Я б і цяпер не ставіў на гэтай дошцы крыж. Чыноўнікі ж таксама трымаюць нос па ветры…
Супакойвае толькі тое, што абавязковую мастацкую раду дошка ўжо прайшла, а такія рады адбываюцца толькі тады, калі рашэнне ўжо прынятае. Упэўнены, ёсць яно і ў дадзеным выпадку. Чыноўнікі проста чакаюць адпаведную «адмашку».
Замест пасляслоўя
Адразу пасля атрымання прэміі «За свабоду думкі!» Глеб Лабадзенка разам з самым вядомым палітыкам-цесляром Зміцерам Дашкевічам паехаў рамантаваць гнілую падлогу ў роднай хаце Рыгора Барадуліна ва Ушачах. У той жа дзень на доме з’явілася адпаведная гранітная шыльда, што тут жыў і пісаў Рыгор Барадулін. Дошкі і свердзелы прыехалі з намі з Мінску.
Вельмі сімвалічна, але пра гэта амаль ніхто не ведаў. Падумалася, з часам і ў краіне зменіцца ўсё, што прагніло.
Без ляманту і самапіяру…
Александр Томкович
Читайте также:
Сбывшиеся и несбывшиеся прогнозы Андрея Климова
Елена Анисим: «Белорусский язык — основа национальной безопасности страны»
Сергей Дубовец: «Позитивные перемены придут только через самобытность и возвращение достоинства»
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…