Categories: Культура

Жыццё і смерць Янкі Купалы

Драма Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра як прышчэпка супраць тыраніі.

Нарэшце адбылося! З такім вось настроем вяртаўся дадому пасля спектакля.

Сапраўды, тое, аб чым гадамі і дзесяцігоддзямі пісалі і гаварылі даследчыкі і літаратары, спраўдзілася. Маю на ўвазе акцэнты, адказы з нагоды смерці славутага паэта-песняра Беларусі Янкі Купалы.

Я моцна сумняваўся, ці ўдасца гэта тэатру з аперэтачнай біяграфіяй? Ці не спатыкнуцца аўтары? Ці не скоцяцца на перамыванне костачак галоўных персанажаў — народнага паэта Беларусі Янкі Купалы і яго каханай — настаўніцы пачатковых класаў Паўліны Мядзёлкі.

І што ж? Ад самага пачатку, ад сцэны да сцэны, ад песні да балады быў уражаны і нават шакаваны рэдкім па сённяшнім часе ўздымам да вяршынь эпічнай драмы; драмы чалавечай, людской, нацыянальнай.

Сам паэт мне ад пачатку падаўся, дзякуючы музычнай афарбоўцы пастаноўкі, птахам, які плыве ў вір ненажэрнага молаху — сталінскага таталітарызму. Вось ён смяецца, чытае вершы, улюбляецца ў Паўлінку…

Яшчэ далёка да жалезных савецкіх часоў, яшчэ вір маладых пачуццяў і жаданняў кіруе героямі. Яны танчаць і смяюцца, спяваюць і захапляюцца адно адным. Але ўжо цікае на сцэне яскравы вобраз — гадзіннік. Няўмольна адлічвае свой час… Паэт і яго закаханая то сыходдзяцца, то разыходзяцца. У Янкі, нарэшце, наладжваецца быт. Ён жэніцца на сяброўцы Паўліны — Уладцы. Тая добра клапоціцца аб мужы…

Вось яскравы эпізод. Жонка Купалы выкатвае на сцэну столік з кавай, чулліва распавядае аб сваім жыцці колішняй суперніцы — Паўліне Мядзёлцы… Дарэчы, некаторыя крытыкі ўбачылі ў гэтай і іншых аналагічных сцэнах банальна-вадэвільную карцінку з лёгкім налётам эротыкі, штосьці шаблонна-збітае.

Аднак мне тое падалося заключнай кропкай адліку ад спакойнага, уладкаванага сямейнага жыцця Купалы да грознага подыху сталінскай буры — чысткі і рэпрэсій 30-х гадоў мінулага стагодзя.

Як вядома, ужо ў 1930 годзе Янка Купала з Якубам Коласам былі арыштаваныя НКУС-НКВД за ўдзел у міфічным «Саюзе вызвалення Беларусі». На допыце Купалу абвінавацілі ў ідэйным кіраўніцтве «Саюзам». У адказ ён ударыў сябе нажом у жывот, учыніў своеасаблівае «харакіры»-ахвярапрынашэнне.

Над паэтам і Паўлінай як бы зверху павісае крыважэрны цмок-люцыфер у вобразе кола-вока дзесьці ў глыбіні сцэны. З гэтага моманту музычна-літаратурныя падзеі спектакля «Жыццё і смерць Янкі Купалы» разгортваюцца імкліва і адначасова эпічна.

Варта адзначыць тонкую вобразна-музычную драматургію спектакля-драмы пад кіраўніцтвам заслужанага работніка культуры Беларусі, мастацкага кіраўніка тэатра Адама Мурзіча, балетмайстра-пастаноўшчыка, лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі Наталлі Фурман, дырыжора — лаўрэата міжнароднага конкурсу Юрыя Галяса. І вядома ж бездакорную працу рэжысёра Алега Хадоскі сумесна з рэжысёрам-пастаноўшчыкам, заслужаным дзеячам мастацтва Расіі Міхаілам Кавальчыкам.

Чаму звяртаю ўвагу на працу «хросных бацькоў» спектакля? Бо яны музычна-балетнымі, опернымі сродкамі разам з драматургам Анатолем Дзялендзікам і аўтарам лібрэта — паэтам Анатолем Зэкавым стварылі пругкую тканіну пастаноўкі. Калі можна так выказацца, музычна-літаратурнае стырно сваёй дзеі. І вось гэтае стырно, шчыра кажучы, не дало гледачам расслабіцца ўсе тры гадзіны пастаноўкі.

Чароўная музыка разам з паэтычнымі шэдэўрамі Янкі Купалы трымалі ў тонусе ўвесь час, заваблівалі, выцягвалі на суперажыванне, прыносілі ачышчэнне і палёгку.

Пераказаць увесь трагічны шлях Янкі Купалы на сцэне музычнага тэатра няпроста, вядома. Паэт змагаўся да канца. Але яго ўпарта падштурхоўвалі да краю бездані… Хто?

— Сталін, — гучыць адказ.

— А дзе ён, Сталін, — пытаецца паэт?

— Сталін усюды,— гаворыцца ў адказ.

І на сцэне сапраўды з`яўляецца Сталін. Ды не адзін, а два адразу…

І мы бачым сістэму, якая накшталт малатарні прапускае праз сябе ўсіх.

Толькі пры гэтым выбірае самых лепшых і адданых Беларусі ды спраўна косіць. Каго ў Курапатах, каго ў Гулагах, а каго скідвае з лесвіцы, як народнага песняра — Янку Купалу.

Нягледзячы на шчыльную прывязку да гісторыі, спектакль атрымаўся, надзіва, сучасны, пругкі, паліфанічны.

Зроблены на выдатнай беларускай мове, прасякнуты канвой нацыянальнай музыкі і класічнай харэаграфіі.

Раіў бы ўсім схадзіць і падтрымаць аўтарскі калектыў. Не пашкадуеце!

Алесь Шагун

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023