TOP

Мы й не ведалі, што тут пад кантролем нават блуд

У катэджы пад Мінскам міліцэйскі спецназ жорстка затрымаў удзельнікаў свінгерскай секс-вечарынкі. «Нас прымалі як бандытаў, з пісталетамі, з лазернымі прыцэламі, у масках, у бронекамізэльках, тварам у падлогу, рукі за спіну, галаву не падымаць. Здымалі ўсё гэта на відэа», — расказаў адзін з удзельнікаў забавы. Даўно ўжо чуем жарты-кпіны, Што ў нас дрымучы самы лад, Што людзі нашае краіны Жывуць, як сто гадоў назад,

За цывілізаваным светам,
І праўда, Бацька не вядзе,
І мы не ведаем пры гэтым,
Куды брыдзём у чарадзе.
Нам прызнавацца неахвота,
Што гэта менавіта так.
Спрабуем вырвацца з балота
І ўсё-ткі выйсці на бальшак.
А хто-ніхто прымае меры
(Адобрыць гэта не магу),
Каб нават у інтымнай сферы
З Еўропай крочыць у нагу.
Французаў, англічан і шведаў
Зусім не страшыць Страшны суд,
І блудзяць так, што свет не ведаў, —
У модзе зараз звальны блуд.
Садом ствараюць і Гамору
Нявесты, жонкі і мужы
І аддаюцца без разбору —
Ці ўласны хахаль, ці чужы.
У нас з’явілася таксама
Так званых свінгераў гайня.
(Бянтэжыць слова, скажам прама, —
Гучыць амаль што як «свіння».)
Я гнеўна ганьбіць іх не буду:
З малітвамі хадзіць у храм
Ці аддававацца цалкам блуду —
З нас кожны вырашае сам.
Калі такая ёсць патрэба,
Хай наталяюць плоць яны.
А за грахі судзіцьме Неба —
Тут недарэчы суд зямны.
Калі распусты ў раз чарговы
Для оргій збіліся ў хаўрус,
Для ўсіх быў выбар адмысловы,
І ўдостатку было спакус.
Прыйшлі дзябёлыя кабеты
І з жыватамі мужыкі,
Былі сапраўдныя атлеты
І недамеркі-здыхлякі.
Але найбольш было, вядома,
Самцоў і самак маладых.
Абрыдла ім, напэўна, дома
Здавольваць «палавін» сваіх,
І ад нудоты захацелі
Як быццам трапіць у гарэм,
Дзе ёсць падатлівыя целы,
І не за грошы, а дарэм.
Былі залішнімі размовы,
Ніхто ў душу к другім не лез.
Знялі адзенне, як аковы,
І, так сказаць, пайшоў працэс.
На розум не зусім цвярозы
Фантазій набягае — цьма:
Прымалі гэтакія позы,
Што ў Камасутры іх няма.
Як оргія была на ўзлёце
І пік яшчэ не надышоў,
Чамусь з’явілася страхоцце —
Распачаліся «маскі-шоу».
Праз вокны цёмныя і дзверы
Нахлынуў доблесны спецназ.
(Ад явы гэткай да халеры
Займеў бы страху кожны з нас.)
На ўсіх шаломы, аўтаматы
На жыватах наперавес.
Маёр таўсты, цельпукаваты
Апошнім праз акно залез.
Галоўны ён у гэтым войску.
Каб хто зірнуў са стараны,
Дык штурмавалі па-геройску
Гняздо бандыцкае яны.
— Усім стаяць на месцы, гады!
А хто ляжыць — таму ляжаць!
Іначай, злыдні, без спагады
Перастраляем вас, птамаць! —
Як той бугай, загадным тонам
Маёр на свінгераў зароў. —
Перасаджу! Сваім прытонам
Не будзеце псаваць нам кроў!
Калі ж яшчэ без дай прычыны
На іх надзелі кайданкі,
Зніякавелі ўсе мужчыны,
Самлелі дзеўкі і жанкі.
Аднекуль выскачыўшы раптам
(Ён быў з «мянтамі» заадно),
Здымаць узяўся аператар
«Парнаграфічнае кіно».
На ўсіх іх склалі пратаколы.
Хоць, пэўна, апраўдае суд
(Бо ў тым нямашака крамолы,
Што нехта кідаецца ў блуд),
Ды тыя свінгеры аб блудзе
Забудуць, мусіць, як адзін,
І зажывуць цяпер як людзі:
Ніхто «таптаць» чужых не будзе,
А толькі ўласных «палавін».
* * *
А што, прынамсі, вы хацелі?
У тым жа дыктатуры соль:
Забавы нават у пасцелі
Узяць імкнецца пад кантроль.
Алесь НЯЎВЕСЬ

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

З-за закускі рэвізоры засталіся не ў гуморы

З сучаснага народнага гумару

Начальнік-прайдзісвет папоўніў партманэт

Чыноўнікам прасцей прыструніць і дзяцей

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.