TOP

У нішы ізгояў

Дзіўна, як неверагодна, а часам і абсурдна мяняецца свет. Заўсёды стаць ізгоем было не толькі зневажальна, але і стратна ва ўсіх варунках. А цяпер такі статус выгадны, бо заўжды пашкадуюць «добрыя дзядзькі або цёткі». Правіцелі Расіі і Беларусі залезлі ў нішу ізгояў і няблага ў ёй пачуваюцца.

Спрадвеку ў любой краіне ў некаторых сем’ях меліся дзеці з адхіленнямі. Стаўленне да іх было розным. Адны людзі стараліся не заўважаць заган, прылашчвалі пакрыўджаных лёсам хоць бы добрым словам, другія ставіліся цынічна — такія ўрадзіліся, што тут зробіш, а трэція — давалі мянушкі, насміхаліся. Але ў любым выпадку быць непадобным на іншых, адчуваць сябе ізгоем — стан пакутлівы.

Акрамя таго, добра памятаю, як у маленстве жорсткая дзіцячая грамада бязлітасна выдавала «воўчыя білеты» тым, хто на яе думку нечым правініўся, а яшчэ проста прыезжаму, новаму жыхару гарадскога двара ці вёскі, які «лезе са сваім статутам у чужы манастыр».

Чалавеку, вакол якога несправядліва або справядліва ўзнікае стасункавы вакуум, жыць вельмі некамфортна. Мне часам згадваюцца горкія слёзы на вачах адпрэчаных грамадой «чужакоў».

Але ў роздуме я маю на ўвазе не людзей, якія трапілі ў ізаляцыю ў выніку розных побытавых калізій, а палітычных ізгояў ХХІ стагоддзя. Гэта іншы тып чалавека. Цяпер да ўлады ў многіх краінах прарваліся індывіды, пра якіх у народзе кажуць — «з гразі ў князі». Многія з іх выраслі ў праблемных сем’ях, у матэрыяльнай нястачы, не атрымалі нармальнага выхавання, але затое маюць шалёны прагматызм і сквапнасць, бязмежны цынізм, неверагодную чэпкасць да жыцця. У душах такіх людзей няма нават зародка сумлення. А натура чалавека — рэч складаная. Калі сям’я не выхавала ў душы дзіцяці сумленне, то пасля яму не дапаможа ніхто. Больш таго, такі нахабны індывід, дарваўшыся да «царскага трона», уласным прыкладам усёдазволенасці і разбэшчанасці разбуральна ўплывае на грамадства. Яно паступова спаўзае ў маральную дэградацыю.

Трэба памятаць, што, акрамя ўласнага сумлення чалавека, ёсць яшчэ і сумленне нацыі. Англійскі палітык У. Чэрчыль выказаўся так: «Нацыя без сумлення — гэта нацыя без душы. Нацыя без душы — гэта нацыя, якая асуджана на гібель». Беларусы, спыненыя аўтарытарызмам у нацыянальным і душэўным развіцці, цяпер разгублена стаяць якраз перад такой трагічнай перспектывай. Гэта не песімістычнае запалохванне, а толькі канстатацыя неабвержнага факта.

Беларусы і расіяне загуляліся з аўтарытарнымі правіцелямі. Беспадстаўным услаўленнем «куміраў-харызматыкаў», паблажлівасцю і абыякавасцю да любых валюнтарысцкіх выбрыкаў яны дазволілі ім займець абсалютную ўладу.

Узурпатарам дапамаглі закаранець, надоўга ўмацавацца і многія заходнія «міласэрныя дабрадзеі». Заўважу, што не толькі ў нас, але і ва ўсім свеце да агрэсіўнай ненармальнасці і сілавога нахабства чамусьці часта ставяцца з незразумелым, дурнаватым піетэтам. З палітычнымі ізгоямі, якія здзекуюцца над заняволенымі людзьмі, пачынаюць цярпліва валтузіцца, падносіць ім «цацкі», выціраць «сліні». А яны сядзяць сабе на тронах, пагражаюць «унутраным і знешнім ворагам», паварочваюцца з працягнутай рукою то на ўсход, то на захад і паўтараюць: «Дай-дай!».

Як жа ізгоям хочацца, каб на іх глядзелі ўгодліва, дрыжалі ад страху або захапляліся бесшабашнасцю і круцізной! Трэба прызнаць, што нават сярод беларускіх і расійскіх інтэлектуалаў ёсць «экстравагантныя разявакі», якім падабаецца цынізм і бесцырымоннасць аўтакратаў. Яны пазіраюць ім у рот, з хіхіканнем слухаюць дэмагагічную балбатню, бязглуздзіцу, ваяўнічыя пагрозы. Я ўжо не кажу пра чыноўнікаў, парламентарыяў, сілавікоў, прадпрымальнікаў, спартсменаў, прадстаўнікоў шоу-бізнесу, якія настырна набіваюцца да правіцеляў у сябры, каб мець выгоды, пераймаюць стыль паводзінаў, спаборнічаюць у маральнай разбэшчанасці.

Бескантрольнасць і беспакаранасць за парушэнні нормаў міжнароднага жыцця, за ўціск правоў і свабод унутры краін прывялі да таго, што правіцелі Расіі і Беларусі расперазаліся, пачалі пагражаць астатняму свету. У. Пуцін пракаментаваў скандальныя паводзіны расійскага байца Х. Нурмагамедава пасля паядынку за тытул чэмпіёна UFC у Лас-Вегасе наступным чынам: «Внутри страны мы одна большая семья. Но когда на нас нападают извне, то не только ты — мы все можем так прыгнуть, что мало не покажется. Но лучше до этого не доводить». Прэм’ер-міністр Д. Мядзведзеў пастаянна падтрымлівае мілітарысцкія выказванні боса, заяўляючы, што Расія адкажа «экономическими, политическими или, если надо, другими мерами». А. Лукашэнка, які, нягледзячы на паказушныя выбрыкі супраць усходняй суседкі, усё роўна пляцецца ў кільватары за расійскім «Тытанікам», таксама не абыходзіцца без блюзнерскіх ваенных пагрозаў: «7 миллионов получит оружие, чтобы они могли защищаться».

Нядаўна з езуіцкай, злавеснай ухмылкай У. Пуцін заявіў замежным гасцям: «Когда мы убеждаемся, а это происходит в течение нескольких секунд, что атака идет на территорию России, только после этого мы наносим ответный удар. Конечно, это всемирная катастрофа. Но мы не можем быть ее инициаторами. /…/ Агрессор должен знать, что возмездие неизбежно, что он будет уничтожен.

Мы — жертвы агрессии. И мы, как мученики, попадем в рай. А они просто сдохнут, потому что даже раскаяться не успеют!»

Гэтыя словы прамаўляе галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі ядзернай дзяржавы, які арганізаваў захоп Крыма, агрэсію на ўсходзе Украіны, удзел у ваенных дзеяннях у Сірыі. Ён спакойна дапускае гібель як расіян, так і ўсіх «ворагаў». Ёсць над чым задумацца зямлянам, якія хочуць міру і спакою на планеце!

Аўтакраты разумеюць, што цынічны выклік дэмакратычнаму свету не застанецца без пакарання, але ідуць на гэта. Міністр абароны Вялікабрытаніі Г. Уільямсон зрабіў выснову, што Расія паводзіць сябе «не як вялікая дзяржава, а як краіна-ізгой». Ён падкрэсліў: «Мы бачым дзяржаву, якая гатовая грэбаваць усімі правіламі, дзяржаву, якая гатовая пагарджаць усімі межамі і не мае ніякай павагі да іншых краін».

Расійскі журналіст С. Пархоменка даў сваю знішчальную ацэнку: «Это реальный серьёзный переход количества в качество. Россия была великой державой, которая время от времени совершает какие-то глупости, а превращается в страну-изгоя, собственно из этих глупостей только и состоит».

Калі хтосьці жадае быць ізгоем, то дэмакратычная супольнасць можа лёгка забяспечыць задзірліваму і фанабэрыстаму індывіду такое «задавальненне» — загоніць яго сур’ёзнымі, выніковымі санкцыямі ў «цёмны куток»…

Час ляціць, сітуацыя мяняецца. Колькасць як «адукаваных», так і «цёмных» фанатаў аўтакратаў скарачаецца ў абедзвюх краінах. Грамадзяне з горыччу глядзяць на «прозаседавшихся» правіцеляў і думаюць: «Ды ніякія вы не крутыя «мачо», а спалоханыя, «збянтэжаныя Саўкі» прад дынамічным жыццём, прад няўмольнай старасцю, што ўпарта вылазіць на абліччах. Даўно пара гадаваць унукаў або сядзець з вудай і лавіць рыбу!»

Беларусы і расіяне пачынаюць разумець, што нармальнае жыццё важней, чым захаванне на тронах забранзавелых ізгояў. Нікому не дазволена дзеля ўласных прыхамацяў цягнуць за сабою ў абразлівае, нікчэмнае становішча народ і краіну.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Нарэшце ачомаліся

Наш ратунак — мова

«Хавас»

Тэледрэсіроўка

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.