TOP

Праўду выказаў святар — атрымаў пад дых удар

Мінскага святара Аляксандра Шрамко на год пазбавілі сану за тое, што ён крытычна выказаўся пра патрыярха Кірыла, які з-за гэтага вельмі абурыўся. У фэйсбуку святар напісаў, што падчас наведвання Мінска ў патрыярха была надзіва шматлікая ахова і што ён не звярнуў увагі на прыхаджан, якія яго віталі. Для цэркваў гарадоў і сёл Няма жахлівейшай навіны: Усе гавораць пра раскол, Які пачаўся з Украіны.

Жыве, прынамсі, як і жыў
Люд шараговы, паспаліты.
Але за ўладу і за ўплыў
Змагаюцца мітрапаліты —
Хоць іх пакаяцца прымусь,
Чытаць пакорныя малітвы.
Магчыма, заўтра й Беларусь
Падключыцца да гэтай бітвы.
Дык Патрыярх прывёз Сінод,
Перасцярог сваім візітам:
Маўляў, крый Божа, ваш «прыход»
Таксама стане самавітым.
А калі з місіяй такой
Прыехаў ты амаль дадому,
Уваж людзей, хаця б рукой
Махні малому і старому;
Тым людзям выкажы давер,
Парадуй шчырым словам-сказам
І давядзі ім, што цяпер
Павінны мы трымацца разам;
Яны ж малітвы за цябе
На літургіях шлюць у Неба,
Дый у «раскольнай» барацьбе
Гатовы падтрымаць як трэба.
Ды ўсё, на жаль, не так было.
Прайшоў Кірыл натоўпу міма,
Не павярнуўшы нат чало,
Нікому не ўсміхнуўся міла.
Ахоўнікі з усіх бакоў
Адгарадзілі ад натоўпу,
Як быццам нехта быў гатоў
Пульнуць, дастаўшы дубальтоўку.
Намеснік Бога на зямлі —
Накшталт эстраднай нейкай зоркі.
І людзі сумнымі былі,
Застаўся ў іх асадак горкі.
Падаўся Патрыярх у храм,
Нібыта помнік з п’едэстала…
Напэўна, нават святарам
Ад гэтай явы прыкра стала.
Адзін святар тутэйшы, наш,
Зрабіў папрок у Інтэрнэце.
Сярод «вярхоў» — ажыятаж:
— Нашто ты з хаты вынес смецце?
Каб так азваўся хтось чужы,
Была б знявага не ў навіну.
То са злачынствам на мяжы,
А лепш сказаць — як нож у спіну!
Дык дысцыпліны дух аслаб,
Да тых, хто звыш, павагі мала.
Ці ж нармалёва гэта, каб
Салдат няславіў генерала?
То ж не сакрэт, што наш «прыход» —
Бы ў батальёне ўзвод таксама…
І святара на цэлы год
Пазбавіла начальства сана.
І праўдалюбу-святару
Хачу я выказаць спагаду
(«Анафема» не па нутру)
І дам карысную параду:
Не траць, святар, душэўных сіл —
Не бачу страшнага нічога:
Наклаў «анафему» Кірыл —
Чакай «амністыю» ад Бога.
* * *
Раскол, канешне, гэта зло.
Аднак царкве або касцёлу
Патрэбна дбаць, каб не было
У святароў з людзьмі расколу…

Алесь НЯЎВЕСЬ

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Не абдзяляе Бацька ўвагай і ўвесь народ частуе дзягай

У нас павінны педагог варочаць гной і класці стог

Былі, напэўна, планы падацца ў партызаны

Не прыдумаць мудрэй пра свіней і курэй

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.