Канец прафесіяналізму?

На зніжэнне ўзроўню прафесіяналізму звяртаюць увагу эксперты ў многіх краінах свету. Але ў першую чаргу гэта тычыцца постсавецкай прасторы, дзе да ўлады дарваліся і не злазяць з «царскіх тронаў» асобы, якія самі паспяхова не выявіліся ні ў адной сферы працоўнай дзейнасці.

Жыццё паказвае, што ў людской грамадзе ёсць нямала індывідаў, якія аднолькава абыякава ўспрымаюць як праўду, так і хлусню, як якасную працу, так і зробленае паводле прынцыпу «цяп-ляп». Яны не рэагуюць ні на што, акрамя ўласных патрэбаў побытавага ўзроўню. Калі б мы ўсе былі такімі, то даўно б захлынуліся ў прапагандысцкім і фізічным дзярме. Але, на шчасце, значная частка грамадства заўважае станоўчае, каб пераймаўся вопыт, і крытычна рэагуе на «мярзоту жыцця».

«У тыя гады шмат было зроблена, і не за грошы!» — такую рэпліку я пачуў на прэзентацыі кнігі былога дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь С. Навумчыка «Дзевяноста трэці». Прагучала яна недзе далекавата за маёй спіной, таму не мог удзячна паціснуць руку яе аўтару, але выказаўся ён дакладна і справядліва. У ключавой фразе перададзена сутнасць велічы зробленага ў пераходны перыяд свядомымі, актыўнымі жыхарамі абноўленай незалежнай Беларусі. Тады мільёны людзей не за грошы, а па закліку сэрца самааддана ўдзельнічалі на сваім узроўні ў палітыцы і грамадскай працы, у сацыяльных праектах, ахвяравалі на гэта ўласнае здароўе, час, назапашаныя сродкі. Многія беларусы паспяхова распачалі прадпрымальніцкую дзейнасць.

Да ўсталявання аўтарытарызму, нягледзячы на радыкальнае пагаршэнне матэрыяльнага дабрабыту ў сувязі з распадам савецкай імперыі і абрывам наладжаных эканамічных стасункаў, настрой панаваў аптымістычны і творчы. Людзям, якія пасля адкрыцця «жалезнай заслоны» і кардынальнага пашырэння інфармацыйнага поля азнаёміліся праз паездкі, перыядычны друк, тэлебачанне і кіно з жыццём народаў развітых краін, захацелася быць такімі ж разняволенымі і заможнымі. Але сквапнасці не заўважалася, проста ўсім надакучылі «прыгоннае права», ураўнілаўка і чэргі.

Я не заклікаю нікога цэлымі днямі шчыраваць на грамадскіх пачатках. Заўжды лічыў, што любая праца павінна быць аплачана, прытым згодна яе якасці. Але мне шкада, што пасля 1994 года народны энтузіязм, шчырую бескарыслівасць, якія аддаваліся на пабудову незалежнай Беларусі, знішчыла канцэнтраваная серная кіслата камандна-дубінкавага ўціску. Акрамя таго, выявілася, што грошы не дапамагаюць павысіць прафесіяналізм кіраўнікоў і выканаўцаў, дасягнуць мэтаў, якія ставяць перад сабой аўтарытарны рэжым або яго апаненты.

Укручванне грамадства ў «дзікі капіталізм» карэнным чынам змяніла жыццё. Пагоню за «хуткімі грашыма» распачалі партыйныя і камсамольскія функцыянеры, а затым «залатая ліхаманка» спусцілася ў народныя масы. Цяпер пачварная сквапнасць сціскае ў кулаку сумленне, разбурае маральныя і юрыдычныя законы. Яна ўплывае на зніжэнне прафесіяналізму, бо падае працоўная дысцыпліна, парушаюцца тэхналагічныя правілы і нормы.

Калі ў клубок скручваецца крадзеж, карупцыя, хабарніцтва чыноўнікаў вышэйшага, сярэдняга і ніжняга звяна, яўная некампетэнтнасць кіраўнікоў і непасрэдных выканаўцаў, то выспявае выбуховая сітуацыя, якая прыводзіць да правалу затратных праектаў, да аварый і нават, што самае страшнае, да людскіх ахвяраў. Прыемны звон манет ці хрумст паперак з вадзянымі знакамі разбэшчвае слабых людзей.

Сваім «хросным бацькам», папярэднікам савецкага часу, хоць і тады хапала жулікаў, боўдзілаў і пустадомкаў, «новая эліта» прайграе ў адукаванасці, здаровым розуме, маральнай стрыманасці, асабістай сціпласці. Сёння галоўнае — займець пасаду, якая прынясе вялікае «бабло», а не быць выхаваным, валодаць прафесійным майстэрствам. Расійскі публіцыст В.Косцікаў заўважае: «…часть новой элиты вполне подходит под определение «социальная попса». И она активно вторгается в политику, в сферу экономики и управления государством. Один из показателей деградации этого сегмента новой элиты — снижение уровня профессионализма».

Бясконцая галерэя праяў некампетэнтнасці чыноўнікаў, архітэктараў, будаўнікоў, працаўнікоў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якую паказваюць СМІ і інтэрнэт, пераканаўча сведчыць, што хвароба стала хранічнай. Дайшло да таго, што пасля здачы рушацца новыя аб’екты. Гэта паказала жудасная трагедыя 27 студзеня 2004 года ў Краснапольскай СШ №1, перададзенай у эксплуатацыю ў верасні 2002 года, калі па прычыне кепскай зваркі металічнай фермы абрынуўся дах, загінулі настаўнік і трое дзяцей, шмат вучняў атрымалі чэрапна-мазгавыя траўмы і пераломы. Пазней пры выбуху на ЗАТ «ХК «Пінскдрэў»14 чалавек загінулі і яшчэ 7 атрымалі пашкоджанні. У Лагойскім раёне ў ваенным гарадку Малінаўка ў выніку выбуху газу ў інтэрнаце загінуў адзін чалавек і 15 былі паранены.

Асабіста мяне абурае не толькі масавае разгільдзяйства, але і вяртанне савецкай традыцыі здаваць аб’екты да свята, займацца штурмаўшчынай, якое напярэдадні 7 лістапада на адкрыцці адрамантаванага маста цераз Прыпяць блаславіў правіцель. Здавалася, што пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС неразумная практыка адышла ў нябыт. Але тых, хто не ўмее вучыцца на памылках, нічым не проймеш.

Жыхары краіны скардзяцца на няякасныя касметычныя і капітальныя рамонты будынкаў, неахайна пакладзеную некандыцыйную тратуарную плітку, незразумела якой канструкцыі і невядома для каго пракладзеныя пандусы. Аб’яўленае ў гарадах «безбар’ернае асяроддзе» часта ператвараецца ў здзек над інвалідамі і людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі.

Безліч разоў грамадскасць пратэставала супраць кропкавай забудовы гарадоў, калі безгустоўныя аб’екты гандлёвага і забаўляльнага бізнесу ўрываюцца ў паркі, скверы, калі гіганцкія крытыя гаражы ўзводзяцца каля дзіцячых садкоў і школ. Але гэта не дапамагае спыніць варварства і вераломства!

Бачачы некампетэнтнасць рознага абслугоўваючага персаналу, цынізм чыноўнікаў і забудоўшчыкаў, задаешся пытаннем: няўжо ў соцен тысяч людзей рукі растуць не з таго месца і няма галоў? Думаю, што не! Відавочна, што ў краіне аслабла падрыхтоўка спецыялістаў, няма жорсткага кантролю за зробленым, а вінаватыя кіраўнікі накрадзенымі грашыма адкупляюцца ад пакарання. Увогуле знізілася патрабавальнасць спажыўцоў і адказнасць выканаўцаў. Ніхто не хоча помніць, што гэта твая Беларусь, родны горад або вёска, вуліца, дом, пад’езд, лесвічная пляцоўка, што кожны з нас працуе дзеля ўласнага і агульнага жыццёвага камфорту…

Стала звыклым, што сёння на эстрадную сцэну вылазяць людзі, якія не маюць музычнага слыху, голасу і пачынаюць спяваць. Тое ж адбываецца ў іншых культурных сферах. Народны артыст Расіі В. Ліванаў заявіў: «Всё измеряется рейтингами и деньгами. Понятно, что при таком подходе настоящая культура у нас «заглохла», а процветает хамство. Нам срочно нужны изменения в кинематографе, на телевидении, в театре. Назрело уже!» Але, на мой погляд, невымерна большую шкоду прыносяць хамы і няўмекі, якія сядзяць у высокіх кіраўнічых крэслах.

Назіраючы за імклівым падзеннем узроўню прафесіяналізму ва ўсіх сферах жыццядзейнасці нашай краіны, я жахаюся: няўжо гэта незваротна?

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Для ўнутранага спажывання

Хмары над незалежнасцю

У нішы ізгояў

Нарэшце ачомаліся

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023