Галоўны рэсурс

Роздум пад такой назвай, нягледзячы на складаную сітуацыю ў краіне і ў свеце, пішу з душэўнай радасцю і светлым настроем. Як бы там ні было, а ў кожнага з нас ёсць незалежная Айчына, сям’я, родныя і блізкія людзі, якім мы дзякуем за пражытае і з якімі сустракаем зямную будучыню.

Каляды і Новы год — самыя любімыя, хатнія, утульныя і разам з тым узнёслыя, рамантычныя, хвалюючыя святы. Будзённыя трывогі і клопаты застаюцца, але нашы душы зімовай халоднай парою раптам напаўняюцца цеплынёю, святлом, любоўю і надзеямі. Думаю, што гэта важна для любога чалавека — хоць раз на год агледзецца, выявіць не толькі пяшчоту і ласку да свайго бліжэйшага атачэння, але і здольнасць да больш маштабнай разумовай і сардэчнай аналітыкі, да асэнсаванага руху наперад.

Вядомы французскі пісьменнік, знаўца чалавечай натуры Г. Флабэр (1821 — 1880) за дзесяць гадоў да смерці выказаў меркаванне пра людзей: «У глыбіні душы я не магу адмаўляць, што мае любімыя суродзічы па роду чалавечаму, калі не лічыць нешматлікіх выключэнняў, абсалютна нікчэмныя». Многім сучаснікам яго радыкалізм не спадабаўся. Ён застаецца такім жа спрэчным і для нашага часу, але змушае сур’ёзна задумацца.

Маральны стан чалавецтва, якое з цяжкасцю дацягнула праз няспынныя войны, палітычныя і эканамічнныя крызісы да ХХІ стагоддзя, не радуе. У рамантычным юнацтве я думаў, што людзі могуць мяняцца толькі да лепшага. Дарослае жыццё пахіснула такое меркаванне. Давялося ўбачыць шмат чалавечай подласці і мярзоты нават там, дзе яны ніяк не павінны былі выяўляцца. Гэта прывяло мяне да сумнай высновы, што навуковы, тэхналагічны і культурны прагрэс слаба ўплывае на паляпшэнне якасці самога чалавека. Яго прырода з безліччу першабытных інстынктаў, жаданняў і пачуццяў — кансерватыўная. Новы час выразна паказвае, што асабліва не паддаюцца перавыхаванню агрэсія і сквапнасць, прага ўлады і хлуслівасць.

Тым не менш, чалавецтва жыве, знішчаючы зямныя рэсурсы, дадзеныя яму Вышэйшай Воляю, яно галадае і купаецца ў раскошы, любіць і ненавідзіць, плача і смяецца, пакутуе і марыць. У мітуслівым, растурзаным стане, з вельмі зменлівым душэўным настроем уступаем у новы 2019 год і мы — жыхары Беларусі.

Я добра бачу дэградаванасць грамадства. У ім не толькі недастаткова развіты нацыянальная свядомасць, агульная і палітычная культура, але і значна панізіўся інтэлектуальны ўзровень, прападае здольнасць людзей думаць, аналізаваць. Гэта вынік доўгага панавання аўтарытарызму. Варта ўключыць тэлевізар, глянуць на тых, хто намі кіруе, і ўсё становіцца зразумелым. Пра які інтэлект або аналітыку могуць сведчыць твары гэтых індывідаў і тое, што яны прамаўляюць на бясконцых нарадах?

Цяпер многія выхваляюцца тым, што маюць дзве або тры вышэйшых адукацыі. Гэта стала модным. Але можна напіхаць кішэню дыпломамі (сёння іх часта не атрымліваюць пасля стараннай вучобы, а проста купляюць!), і быць інтэлектуальна неразвітым, нацыянальна несвядомым чалавекам. Сярод тых, хто ў любую хвіліну здольны за магчымае мізэрнае павышэнне зарплат і пенсій здаць беларускую незалежнасць Расіі, ёсць нямала самаўлюбёных, прымітыўных «шматдыпломнікаў».

У дэмакратычных краінах само жыццё вылучае ў кіраўнікі розных галін гаспадарання прафесійна і маральна падрыхтаваных, лепшых прадстаўнікоў. Гэта толькі пры аўтарытарызме адстаўны ідэолаг або міліцыянер можа кіраваць айцішнікамі, былы мяснік — весці за сабою канструктарскае бюро, а рэдакцыю газеты ўзначальваць чалавек, які за жыццё не напісаў не толькі ніводнага артыкула, але і заметкі пра вывазку гною на палі. У Беларусі і Расіі галоўны паказчык кар’ернага росту — не здольнасці і талент, а лаяльнасць да прэзідэнта і аўтарытарнай сістэмы ўвогуле. Таму беларусы і расіяне маюць такія несуцяшальныя вынікі ў эканоміцы і сацыяльным жыцці.

Прыклад развітых краін (Нідэрланды, Данія, Люксембург, Швейцарыя, Новая Зеландыя, Ісландыя) сведчыць, што матэрыяльны і духоўны дабрабыт трымаецца не толькі на дарунках зямных недраў, а ў першую чаргу залежыць ад якаснага людскога рэсурсу. А дзе ён рыхтуецца? У сям’і — аснове грамадства. Дзяржава з рознымі ўстановамі можа дапамагаць ёй у выхаваўчым працэсе, не больш таго. Якраз нам усімі сіламі трэба ўзнімаць інстытут сям’і, культывіраваць у ёй цягу да ведаў, культуру паводзін, высокую мараль!

Нядаўна мне давялося пабыць у Нацыянальнай бібліятэцы на юбілейнай вечарыне, прысвечанай 90-годдзю акадэміка НАН Беларусі і замежнага члена Расійскай АН, лаўрэата Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, заслужанага дзеяча навукі Беларусі, доктара геолага-мінералагічных навук, прафесара Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага. Ён — мой даўні сябра, чым ганаруся. Ушанаванне вядомага ва ўсім навуковым свеце вучонага і слаўнага чалавека атрымалася сардэчным, запамінальным. Але мяне ўразіла тое, як абыякава аднеслася да знамянальнай падзеі ўлада. Упэўнены, што мерапрыемствы такога кшталту ў выхаваўчых мэтах трэба праводзіць у вялікіх аўдыторыях і трансліраваць па тэлебачанні на ўсю краіну.

Была магчымасць аддаць належнае не толькі самому Радзіму Гаўрылавічу, але і ўспомніць яго бацьку Гаўрылу Іванавіча — выдатнага вучонага, эканаміста і геолага, акадэміка, змагара за нацыянальнае адраджэнне Беларусі, а таксама роднага дзядзьку — Максіма Іванавіча, геніяльнага айчыннага пісьменніка, класіка беларускай літаратуры.

Багаты біяграфічны дакументальны матэрыял, звязаны з гэтымі волатамі нацыянальнага духу, актыўнымі грамадскімі дзеячамі, які, на наша шчасце, захаваўся, паказвае атмасферу добразычлівасці, павагі, любові і пяшчоты, якую яны і іхнія жонкі стваралі ў сям’і. Слаўная дынастыя Гарэцкіх — гэта выдатнейшы выхаваўчы прыклад для ўсіх грамадзян Беларусі. А ён не адзінкавы, у кожным кутку краіны можна знайсці род, жыццядзейнасць якога вартая пераймання.

Беларускі запас трываласці можна лічыць унікальным. Столькі стагоддзяў існаваць паміж вялікімі этнасамі і не асімілявацца, выжыць — гэта ўдаецца нямногім народам. Але нам няварта займацца фанабэрыяй.

Дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі — гэта заслуга мільёнаў нашых продкаў. Яны набліжалі іх нават цаною ўласнага жыцця. Нам жа трэба абараніць заваяваную волю і наблізіць светлую долю для нашчадкаў.

Я нездарма займаюся асветніцтвам, выкрываю хлусню, здраду і подласць, крытыкую, выказваю незадаволенасць паводзінамі вялікай масы людзей, бо ведаю, што мы — такія розныя і пакуль яшчэ не з’яднаныя — усё ж адна сям’я. Толькі разам, шчыра дапамагаючы бліжняму, можна пабудаваць суверэнную, дэмакратычную, матэрыяльна і духоўна багатую Беларусь.

Кар’ера кіруючага, непамерна амбіцыйнага індывіда, відаць, завяршаецца. А цяпер трэба будзе заняцца выніковай самарэалізацыяй народа. Задачы, якія стаяць перад намі (наладжванне палітычнага жыцця, рэфармаванне і ўздым эканомікі, паляпшэнне дэмаграфіі, аховы здароўя, адукацыі, культуры), трэба рашаць не хаатычна, скачучы з аднаго на другое, а ўзаемазвязана.

Нітачка беларускага этнасу працягнута ў вечнасць. Нам нельга дазволіць невукам, цемрашалам і боўдзілам яе перарваць…

З Калядамі і Новым годам, шаноўныя суайчыннікі!

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Амерыканскія горкі

«Адвакаты» справядлівасці

Хамут прымусу

Колькі ні кажы

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023