Грошай мала ці няма, ды не хочуць браць дарма
Каб выдаць пяцітомнік лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч «Галасы ўтопіі» на беларускай мове, была сабрана рэкордная сума — 110 тысяч долараў. Аднак бібліятэкі Гродзенскай, Брэсцкай і Магілёўскай абласцей адмовіліся браць (бясплатна!) гэтыя кнігі, бо, маўляў, яны не патрэбны. Зачэзлі ў нас бібліятэкі, Бо з чытачамі справы дрэнь: Па тры-чатыры чалавекі У іх заглядваюць штодзень.
Будзённай стала ява тая.
Чаму? Ды гэта не сакрэт:
Таму што мала люд чытае,
Больш зазірае ў Інтэрнэт.
Дык і няма чаго дзівіцца…
Яшчэ народ не йдзе да іх,
Бо на сталах і на паліцах
Не бачаць людзі новых кніг.
Пыляцца кнігі, што гадамі
Запасілі бальшавікі.
Стаяць пажухлымі радамі…
Чаму ж малюнак там такі?
Каб мець навінкі, трэба грошы.
А іх ці мала, ці няма.
І вось жа варыянт харошы:
«Бярыце кнігі задарма,
Не трэба нават і капейкі!
Чытаць іх будуць нарасхват,
Бо напісаў не «шыбздзік» нейкі,
А нобелеўскі лаўрэат.
Узнагарод і іншых многа…»
Пачулі спонсары ў адказ:
«Не трэба ваша дапамога.
Такія кнігі ёсць у нас».
Не чырванелі ў злыдняў вушы,
Хоць гэта — прыкрая мана.
Чаму ж адмовілі чынушы?
Якая ў аўтара віна?
Алексіевіч песні-оды
Уладзе нашай не пяе —
Дзяўбе-грызе з любой нагоды.
Дык трэба асадзіць яе —
Акрэслена такая мэта,
І, можа, нават ёсць загад.
* * *
Бібліятэкі робяць гэта,
І хутка будзе іх няшмат.
Алесь НЯЎВЕСЬ
Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:
Каб не супярэчыць закону, павесь не партрэт, а ікону
Жывуць як след палякі, а мы — як небаракі
Прад’явіўшы «дакумент», згвалтаваў ілжывы «мент»
Чаму дарослыя і дзеткі не носяць да скульптуры кветкі?