TOP

Ці здолеюць дапамагчы для халахупа абручы?

Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў на сваім сайце з гонарам паведаміў, што ў якасці гуманітарнай дапамогі паслаў у Сірыю кантэйнер з гімнастычнымі абручамі. «Мы… спадзяёмся прыняць удзел у падобных праектах і ў будучым», — сказана на сайце. Галоднаму брыльянт не трэба — Яго не сунеш за шчаку. А лепш, калі кавалак хлеба Ты пакладзеш яму ў руку.

Калі ў кагось згарэла хата
І ён ад гора сам не свой,
Не будзе гэткай горкай страта,
Як дах дасі над галавой.
Калі ж пашлеш ты што папала
Туды, дзе змыла ўсё вайна,
Удзячных слоў пачуеш мала,
Тваёй спагадзе грош цана.
У Сірыі няшчасных многа,
Бо захлынулася ў вайне.
Патрэбна людзям дапамога.
Ну як застацца ў старане?
Там люд ад голаду гібее
І выжывае як мага.
Хоць самі мы не багацеі,
Ды адшчыкнём ад пірага.
Найперш няшчасным, скажам прама,
Патрэбны лекі і харчы.
«Завод пластмасавы» таксама
Рашыў сірыйцам памагчы:
«Дадзім ім, што самім не трэба,
Што дрэнна ў продажы ідзе.
І гэта будзе маннай з неба
Для тых, хто зараз у бядзе.
Мы ж ганарыцца потым будзем,
Што ім паднеслі дар такі,
Бы паспрыялі ўсё-ткі людзям…»
Ну што сказаць? Жартаўнікі!
Завод зрабіў якую ласку
І чым рашыў дапамагчы?
Паслаў няшчаснаму Дамаску
Для халахупа абручы!
Як быццам бедныя арабы
Наелі тлушч у той вайне
І ледзь шавеляцца, як крабы.
Дык растрасацца тлушч пачне,
Калі жанчыны — як каровы,
А мужыкі — як цельпукі.
«У дужым целе дух здаровы!» —
Усім вядомы кліч такі.
* * *
Ды гэта кветачкі…
Я веру,
Што ў Сірыю замест каўбас
Мы туалетную паперу
Адгрузім у наступны раз.

Алесь НЯЎВЕСЬ

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Позні тэст на ДНК азадачыў мужыка

А для кагосьці свята, калі палае хата

Хай бы дроў прывёз не Дзед, а мясцовы сельсавет

Грошай мала ці няма, ды не хочуць браць дарма

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.