Ні Апанас і ні сусед не выйдуць болей на пікет
Савет міністраў выдаў пастанову з расцэнкамі на правядзенне масавых мерапрыемстваў. Калі, скажам, плануецца акцыя з удзелам да дзесяці чалавек, трэба выкласці за паслугі міліцыі 76 рублёў 50 капеек. Калі ж удзельнікаў болей за тысячу, давядзецца заплаціць 6375 рублёў. А яшчэ ж арганізатары мусяць заключыць дамовы і з медыкамі, і з камунальнікамі… Апанас, мацак-мужчына, І Пятро, яго сусед, З вельмі важнае прычыны Стаць надумалі ў пікет.
І Пятра, і Апанаса
Канчаткова дапяклі
Аглаеды з жылкамгаса —
«Падсадзілі» на рублі.
Лепш сказаць, жаруць жыроўкі
Іх бюджэт сямейны ўвесь.
Хоць купляй сабе вяроўкі
І ў пятлю з галечы лезь.
Каб належных змен дабіцца,
Слалі скаргі ўсё вышэй,
Ды ў чыноўнікаў як быццам
Не было вачэй-вушэй.
Абуральна вельмі гэта,
Трэба выйсці на пікет!
Ды за мітынгі-пікеты
Заплаціць сягоння след,
Бо такою пастановай
Нас усіх агрэў урад,
Хоць яна не стала новай —
Пастаноў бязглуздых шмат.
Дык чым больш на зборні люду,
Тым дзяржаве больш аддай.
(Каментар рабіць не буду
Пра расцэнкі, хоць, бадай,
Прэйскурант урада хцівы,
Выглядае быццам здзек.)
Пратэстанты заплацілі
Як за дзесяць чалавек —
Нельга менш.
Пятро на грудзі
Пачапіў сабе плакат:
Хай чытаюць праўду людзі,
Як рабуе нас урад
З дапамогай жылкамгаса,
Бы ахвяру хіжы звер,
Хоць і так народным масам
Вельмі цяжка жыць цяпер.
Быў пікет у ціхім скверы —
Там дзе снег, а не трава.
Тут жа міліцыянеры
Падышлі — таксама два.
Пэўна, ў якасці аховы
Аціраліся яны,
Бо зрабілі ўзнос грашовы
Пратэстанты для казны.
(Грошай трэба да халеры!
І пры гэтым жа табе
Тыя міліцыянеры
Могуць трахнуць па гарбе.)
А яшчэ прыбыць павінны
Да пікета і ўрачы:
Забаляць іх ногі-спіны —
Змогуць трохі памагчы.
Можа, толькі дзве хвіліны
Пастаялі там сябры,
Як цікаўныя жанчыны
Падышлі — адразу тры.
Прачытала тэкст кабета
І за ўсіх сказала ім:
— З вамі, ўдзельнікі пікета,
Мы таксама пастаім!
Ад палучкі да палучкі
Ледзь ліпім, бо жылкамгас,
Як гаворыцца, да ручкі
Спакваля давёў і нас.
Неўзабаве сталі побач
Тры смярдзючыя бамжы.
Не прагналі іх, хоць побыт,
Як і іхні дух, — чужы.
— Шпільку ўставім жылкамгасу, —
Патлумачылі яны, —
Бо прарвала цеплатрасу,
Дзе начуем час ад часу,
Жылкамгасу ж — хоць бы хны.
Папаўняўся вельмі скора,
Рос пікет ва ўсе бакі.
Як прысталі (аж чацвёра!)
На падпітку мужыкі,
Дык прытупаў да пікета
Бравы міліцыянер
І сказаў:
— Нядобра гэта!
Дужа многа вас цяпер
Снег і гразь нагамі месіць.
І дадаў ён, як абсек:
— Пікетуюць тут не дзесяць,
А дванаццаць чалавек!
Заплацілі мала надта,
Перабраўшы свой ліміт. —
У службіста-лейтэнанта
Стаў зусім пагрозным від. —
Паказаўшы жылкамгасу
Тут, у скверы, ваша шоу,
Заплаціць патрэбна ў касу
Больш амаль у сто разоў!
Апанас упрошваў слёзна:
— Гол я, братка, як сакол!
Не губі сям’ю…
А позна!
Склаў службовец пратакол.
Трэ плаціць — дзявацца недзе,
Хоць з таго смяецца свет.
Мне здаецца, што суседзі
Больш не выйдуць на пікет…
* * *
Пастанову тую ўсё-ткі
Для чаго прыняў урад?
Каб заткнуць усім нам глоткі!
Дык дарэчы акурат
І другая пастанова
Пры цяперашнім жыцці:
Як сказаць наогул слова
Ты захочаш — заплаці!
Алесь НЯЎВЕСЬ
Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:
Ці здолеюць дапамагчы для халахупа абручы?
Позні тэст на ДНК азадачыў мужыка
А для кагосьці свята, калі палае хата
Хай бы дроў прывёз не Дзед, а мясцовы сельсавет