Крытыка з падпечку

Старэйшыя беларусы, якія выраслі ў вёсцы, памятаюць даўні побытавы малюнак. Лютай зімою курыную чараду на чале з фарсістым пеўнем, каб не замерзла ў халодным хляве, звычайна перасялялі ў цёплую хату ў падпечак. Адтуль даносілася прыглушанае кудахтанне і кукарэканне.

Згадка маленства пераклікаецца з сітуацыяй, якая зацягнулася ў Беларусі, паралізаванай аўтарытарызмам. У тым, што мы трапілі ў «падпечак», вінаваты самі. Калі б з 1994 года на кожны нахабны крок правіцеля па ўзурпацыі ўлады своечасова рэагавала насельніцтва, як гэта робіцца ў цывілізаваных краінах, то не было б адміністратыўнага гвалту і разгулу цемрашальства.

Клан партыйнай наменклатуры, загартаванай у кар’ерных інтрыгах, і камсамольскіх «шукальнікаў шчасця» на чале з былым дырэктарам саўгаса з першых дзён кіравання рабіў незалежную дзяржаву «пад сябе і для сябе». У хаосе пераходу ад сацыялізму да «дзікунскага капіталізму» здзяйсняць такое было лёгка.

Чалавечая грамада вызначаецца тым, што перыядычна значная частка яе падпадае пад «магію» нахабных адыёзных індывідаў, якія дарываюцца да ўлады. Ніхто не зважае на тое, што ў тых за душою няма ні здольнасцяў, ні належнай адукацыі, ні прафесійных набыткаў, ні высакародных учынкаў. Проста многім імпануе, што гэта — «свой хлопец», «чалавек з народа».

Людзі забываюцца на трагічныя ўрокі, якія ёсць у гісторыі чалавецтва. Якраз нахрапістыя прадстаўнікі «нізоў» становяцца самымі зацятымі ўладалюбцамі, закончанымі самадурамі і дэспатамі.

Бессаромны папулізм дапамог А. Лукашэнку выканаць асноўную задачу — вылепіць у свядомасці палітычна неразвітага насельніцтва з дробнага гаспадарніка вобраз «цара», які здольны «разруліць» любую сітуацыю. Астатняе дарабіла хлуслівая прапаганда, найперш тэлебачанне, з якога «галоўны герой» не вылазіць. А пратэстуючых смелых грамадзян пры маўклівым папусціцельстве астатняга насельніцтва загналі ў «падпечак» міліцэйскія дубінкі, штрафы і турмы.

За чвэрць стагоддзя мэтанакіраванай антынароднай валтузні ў краіне ўзгадавана амаральнае пакаленне наменклатуры. Улада, бабло і забавы (у тым ліку нечуваная маральная разбэшчанасць) —менавіта ў такім парадку выбудавана яе быццё. Гэты камфорт «слуг народа» аплачаны працай мільёнаў людзей, якія выжываюць на сціплы заробак.

Усе нарады наверсе ператварыліся ў разнос правіцелем сваіх памочнікаў, раздачу даручэнняў, у бясконцы маналог. Няма разваг, дыскусій пра лепшае рашэнне той ці іншай задачы. Гэты камандны стыль пагалоўна капіруюць ніжэйшыя начальнікі, пра што сведчаць тэлефанаванні і лісты чытачоў.

Стала нормай, што былы дырэктар незаможнага саўгаса лепш за ўсіх дасведчаны не толькі ў сельскай гаспадарцы і ў спорце, на якім зацыкліўся, але і ў прамысловасці, навуцы, адукацыі, медыцыне, культуры, фінансавай сістэме, інфармацыйных тэхналогіях. З чыноўніцкага «падпечку» чуваць толькі такое: »Будет исполнено, Александр Григорьевич! Как скажете, Александр Григорьевич!»

Што ж, вярнуцца з нарады ва ўласны кабінет і там праклінаць «забурэлага» ўзурпатара, які зарваўся, — гэта адно, а выказаць яму праўду ў вочы, давесці сваё бачанне праблемы — другое. Пакуль што ў салідных начальнікаў, у тым ліку і з пагонамі, смеласці і мужнасці няма.

У грамадстве сітуацыя намнога лепшая. Сёння А. Лукашэнка ўздзейнічае толькі на самых неразвітых, далёкіх ад грамадскага жыцця людзей. Ды і тыя пад уплывам прыкметнага пагаршэння ўласнага дабрабыту мяняюць рабскае стаўленне да куміра. Ён расчараваў іх, «магія» скончылася. Я пераканаўся ў гэтым, калі пабыў у глыбінцы Віцебскай вобласці. Нават вяскоўцы гавораць пра правіцеля і яго абяцанкі з паблажлівай усмешачкай.

Прымітыўны «саўгасны папулізм», які быў эфектыўным, перастаў служыць галоўнай зброяй у барацьбе за ўладу. Пра гэта сведчыць «большой разговор» А. Лукашэнкі з чыноўнікамі, экспертамі і журналістамі.

На мой погляд, станоўчым у мерапрыемстве было толькі тое, што яно прадэманстравала вялікую карысць дэбатаў, ад якіх правіцель пастаянна ўхіляецца. Дыялог Я. Раманчука з А. Лукашэнкам яскрава засведчыў перавагу сучаснага бачання развіцця эканомікі над папулізмам і каманднымі метадамі. Безумоўна, правіцелю можна для здзеку прапанаваць апаненту ўзначаліць недалужныя калгасы, а чыноўнікам угодліва падхіхікваць. Ды выказаў праўду і пазначыў правільны курс у будучыню якраз эксперт, чыя задача не арганізоўваць нешта лакальнае, а вызначаць эфектыўныя кірункі. Пакуль у эканоміцы не будзе свабоды, яна застанецца стратнай, пра што, нягледзячы на ўгодлівае «Будет исполнено!», сведчаць хранічныя правалы ў лёгкай прамысловасці і ў іншых галінах вытворчасці. Яе ніколі не ўратуюць прыведзеныя на размове ў прыклад асобныя камерсанты-гаспадарнікі, якіх улада клапатліва апякае і затым «доіць».

Публічнае паражэнне правіцеля ў палеміцы з прынцыповым, смелым эканамістам было такім яўным, і ўвогуле, адказы на пытанні шматслоўнымі, заблытанымі і пустымі, што давялося ратаваць сітуацыю. На тэлеканале АНТ з’явілася інтэрв’ю прэс-сакратара прэзідэнта Н. Эйсмант.

Яна паведаміла, што кожны свой крок узгадняе з кіраўніком, інакш ён можа «адкруціць галаву». Затым увага была скіравана на працу правіцеля, на «маштаб» асобы і «маштаб» думак. Мяне рассмяшыла сцвярджэнне, што А. Лукашэнка можа адказаць на любое пытанне, што для стваральнікаў яго дакладаў і прамоў важна хаця б наблізіцца да такога стылю, калі ён гаворыць ад сябе. Уяўляю, якімі эксцэнтрычнымі былі б тыя словаўтварэнні, калі б спяцы прэзідэнцкай адміністрацыі дасягнулі «звышзадачы» і «дасканаласці»! Але любаванне Н. Эйсмант і М. Маркава сваім начальнікам было толькі кветачкамі. Затым пайшло доўгае тлумачэнне пра тое, што «диктатура приобретает позитивный оттенок» і меркаванне, што яна прыдатная для ўсіх краін. Ягадкі саспелі ў канцы. Прэс-сакратар заявіла: «Диктатура — наш бренд!»

Зразумела, што дазвол на скандальную заяву, якую «згарбузіла» і запусціла для праверкі рэакцыі людзей каманда паліттэхнолагаў, у ліку якіх знаходзіцца і Н. Эйсмант, атрыманы зверху. У нармальнай краіне пасля такой правакацыі на вуліцу выйшлі б сотні тысяч грамадзян, а на службовую асобу, якая агучвае замах на Канстытуцыю, была б заведзена крымінальная справа. Але ж мы жывем у «бананавай рэспубліцы», якую я прадбачыў у сваіх публікацыях яшчэ ў 90-х гадах ХХ стагоддзя.

Мяне дзівіць паблажлівае стаўленне да закліку згадзіцца з дыктатурай не толькі насельніцтва, але і апазіцыйных палітыкаў, незалежных журналістаў.

Яшчэ жывыя ахвяры крывавай сталінскай дыктатуры, а мы зноў рухаемся да таго, каб нам «заливали свинец в глотку». Разумею, што за праўду можна атрымаць дубінкай па галаве, у горшым выпадку трапіць за краты. Але магчымасць пратэставаць супраць здзеку над галоўным артыкулам Канстытуцыі, над незалежнасцю краіны, нашай нацыянальнай і чалавечай годнасцю ёсць. Скажам, не пашкадаваць грошай на канверт і выказаць сваю пазіцыю. Хай дыктатура захлынаецца ў папяровым віры так, як людзі ў несвабодзе і нястачы!

Падзеі паказваюць, што незадаволенасць людзей, якая выяўлялася лакальна, перарастае ў маштабны пратэст. На вуліцы — вясна. Настае час вылазіць з «падпечку».

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Доўгая лава

Бутэрброд з ікрой

Халодная зброя

Паніклыя люцікі

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023