TOP

Скінемся на лаяльнасць?

Узурпатар улады ператварыў у фарс законнасць, суды, выбары, правы і свабоды грамадзян, надзеў кайданы на эканоміку, загнаў краіну ў лагер ізгояў, а затым працягнуў у белы свет руку: «Дапамажыце, але толькі грашыма або матэрыяльна. Ніякіх павучанняў і ўшчуванняў слухаць не жадаю!»

Кожны раз, калі чую развагі пра дзейнасць аўтарытарнага рэжыму па забеспячэнні сабе станоўчага іміджу і лаяльнасці, пра пошукі замежных пазык, інвестараў і спонсараў, мне адразу ўспамінаецца Кіса Вараб’янінаў з вядомага рамана І. Ільфа і Я. Пятрова «Двенадцать стульев»: «Подайте что-нибудь бывшему депутату Государственной думы». Як ні дзіўна, але, нягледзячы на часта здзеклівае, фанабэрыстае стаўленне А. Лукашэнкі да Захаду і нават да сваёй апякункі Расіі, «міласэрныя людзі» знаходзяцца.

Яшчэ адна, прытым самая надзейная дапамога ў правіцеля ёсць пад рукой. Гэта насельніцтва Беларусі. Мала таго, што грамадства працуе на раскошнае жыццё правіцеля і клана, які яго абслугоўвае, дык яшчэ загнаныя ў рабства людзі павінны забяспечваць лаяльнасць акаляючага свету да сістэмы хлусні і гвалту, спехам злепленай з аскялёпкаў савецкай імперыі.

Скідвацца на існаванне аўтарытарызму і лаяльнасці да яго жыхарам краіны даводзіцца пастаянна. Найперш выварочваюць кішэні кошты на тавары, харч і лекі, аплата камунальных і іншых побытавых паслуг. Тут добраахвотнасці няма. Прыйшлі ў гандлёвы цэнтр або краму, аптэку, разліковую кантору — плаціце і не абурайцеся, бо эмоцыі не дапамогуць.

У дадатак мясцовае тэлебачанне і іншыя СМІ абавязкова раскажуць прыемную для вуха замбіраваных абарыгенаў казку, што ў астатнім свеце людзі жывуць горш. Падзеі ў ЗША, Еўропе падаюцца так, што спагадлівая цялятніца з Шаркаўшчыны, дзе заробкі адны з самых нізкіх у Беларусі, седзячы познім вечарам каля тэлевізара, змахне слязу і спачувальна ўздыхне: «Божачка, якія пакутнікі! Як жа ім, бедным, дапамагчы?»

Актыўна працуе на лаяльнасць да аўтакратыі добра вядомая «прымусоўка». Яна падзяляецца на лабавую і прыхаваную. Лабавая — гэта неаплачаная праца, суботнікі, нядзельнікі. Да аўтаматызму адладжана практыка «даення» прадпрымальнікаў на розныя патрэбы, якія не забяспечваюцца з дзяржаўнага бюджэту. Сістэма ў першую чаргу не шкадуе разумных і смелых людзей, якія могуць пастаяць за сябе і за праўду, справядлівасць, ламае праз калена іхнія лёсы. Толькі чалавек узніме галаву, крыху заробіць, як яго «раскулачваюць». Тут бачны пераслед дзвюх мэтаў: па-першае, чыноўнікі «на дурніцу» маюць рэальныя грошы, якія нібыта ўпалі з нябёсаў, па-другое, навука іншым ініцыятыўным людзям: дакладна выконвайце каманды ўлады, вашая свабода — у нашых руках!

Прыхаваная «прымусоўка» не афішуецца, але існуе. Імідж Беларусі як сацыяльна скіраванай дзяржавы імкліва размываецца, што добра бачна яе насельнікам, ды ў вачах акаляючага свету ён яшчэ захоўваецца. Хто гэтаму спрыяе? Мы самі сваёй мазольнай капейкай!

Бясплатныя адукацыя і медыцына, якія ўслаўляюцца прапагандысцкімі «салаўямі», даўно і вагома цярэбяць сямейныя бюджэты. Платнае навучанне ў ВНУ стала будзённасцю, на розныя патрэбы збіраюцца грошы ў дзіцячых садках, школах, гімназіях, ліцэях, значна пашырыўся пералік лекавання і лабараторных даследаванняў, прытым самых дарагіх, за кошт пацыентаў.

Наладзіць эфектыўную працу эканомікі, забяспечыць прыстойны дабрабыт грамадзян, што стварае аўтарытэт краіны ў свеце, рэжым не здольны. Бясконцае ўтрыманне ўлады адным індывідам перашкаджае развіццю вытворчасці, сацыяльнага жыцця. Таму правіцель знайшоў больш лёгкі шлях да піяру і славы, які па сілах любому, хто мае доступ да бюджэтных грошай і людскіх рэсурсаў. Ён кінуў вялікія грошы ў спорт. А. Лукашэнка нават вынайшаў тэорыю ідэалагічнай апрацоўкі народа. Ён сцвярджае, што ў спорце «…появился новый фактор массового воздействия на людей. Осталось только вложить в это нормальную идеологию».

Правіцель дзеля піяру, бо красуецца на адкрыцці і закрыцці, хапаецца за міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы, ад якіх адмаўляюцца заможныя краіны. А затым урад носіцца як чорт з пісанай торбай. Сітуацыю з ІІ Еўрапейскімі гульнямі-2019, якія ацэнены незалежнымі экспертамі як «малапатрэбная спартыўная падзея», абмаляваў прэм’ер-міністр С. Румас: «По контракту были обязательства (Европейских олимпийских комитетов) привлечь крупных международных спонсоров, но на сегодня результатами этой работы мы не можем быть удовлетворены… Договорились, что белорусская сторона возьмет на себя больше работы по привлечению спонсоров…»

А як не знойдуцца, то зноў выцягне бюджэт, народныя грошы.

Дарэчы, прапаганда хваліцца, што ў Беларусі танныя квіткі на спартыўныя спаборніцтвы. Для параўнання бярэцца Германія. Толькі хлусы забываюцца сказаць, што там заўзятар плаціць, напрыклад, 100 еўра з сярэдняй зарплаты 3700 еўра, а ў нас — 100 рублёў з зарплаты 600 рублёў.

Але ж у любой краіне, у тым ліку і ў Беларусі, ёсць мільёны людзей, якія ставяцца да спорту нейтральна ці абыякава. Як быць з імі? Прымусіць любіць яго з-пад палкі, каб апромеццю беглі на прэзідэнцкія турніры і сядзелі на трыбунах, апладзіравалі галоўнаму «спартсмену», як гэта даводзіцца рабіць Н. Качанавай, С. Румасу, У. Макею, Д. Жуку, С. Засю або членам БРСМ?

Нічога не атрымаецца! Чыноўнікам, спартсменам і трэнерам, якім у кішэню перападаюць салідныя бюджэтныя грошы, правіцель пагражае за пройгрыш турмой і гаворыць, як з салдатамі: «Сегодня спорт — это уже не борьба, а война. Ты выходишь, как на войну, на площадку с клюшкой или в футбол играешь. Только тогда ты можешь выиграть». Але ж грамадзянам, якія лічаць кожную капейку, спаборніцтвы і спартыўныя перажыванні правіцеля — да лямпачкі. Звычайныя людзі кажуць: «Спорт — гэта толькі гульня, дзе выяўляюцца фізічныя магчымасці чалавека. Так яго і трэба ўспрымаць — спакойна, без істэрыкі, не перабольшваць перамогі і не драматызаваць няўдачы!»

 Але правіцель, які, мабыць, мае шмат вольнага часу, каб ганяць шайбу, бегаць на лыжах і роліках, мяркуе, што толькі спорт нясе насельніцтву шчасце, і настойвае: «Народ устал ждать результатов… Я знаю, почему у нас ничего нет, зажрались. Были бы голодные, стремились бы к чему-то».

Грамадзяне словы крытыкі, якая ўжо даўно абрыдла, успрымаюць па-свойму. Яны стаміліся чакаць не спартыўных вынікаў, а лепшага жыцця. Народ бачыць, што «зажрались» не толькі спартсмены, але і чыноўнікі, якія за карупцыю і крадзяжы перапоўнілі следчыя ізалятары.

А я, слухаючы размовы ў грамадскім транспарце, бачачы рэакцыю пакупнікоў у чэргах, чытаючы злосныя водгукі ў інтэрнэце, параіў бы перакормленым кіраўнікам не захапляцца голадам, які нібыта «натхняе чалавека на подзвігі». Трэба памятаць даўнюю ісціну: галодныя людзі імкнуцца скінуць уладу, якая іх да гэтага давяла.

Выснова роздуму такая: нам не трэба ўдзельнічаць у стварэнні лаяльнага стаўлення да аўтарытарызму, а старацца наблізіць яго дэмантаж. Толькі тады ў Беларусі будзе наладжана нармальнае палітычнае, эканамічнае і культурнае жыццё.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Крытыка з падпечку

Доўгая лава

Бутэрброд з ікрой

Халодная зброя

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.