Шапка гарыць
Усім вядомы народны выраз: «На злодзеі шапка гарыць». Падзеі ў краінах постсавецкага рэгіёна пастаянна даюць падставы згадваць трапныя словы. На высокапастаўленых махлярах шапкі даўно заняліся полымем і зырка гараць, але на трывожныя сігналы няма адпаведнай рэакцыі запалоханых народаў.
Чалавечае жыццё ўладкавана такім чынам, што без прыватнай уласнасці, без грошай мы абыходзіцца не можам. Яны патрэбны ўсім. Аднак здабываць іх людзі павінны сумленна, легальнымі, законнымі спосабамі.
У ХХ стагоддзі пры развале СССР адкрыліся шлюзы для працэсу лёгкай нажывы. У Беларусі і Расіі захапіліся пагоняй за багаццем усе, хто знаходзіўся ля размеркавальнікаў і ведаў дзе што ляжыць. Тут у адну плынь зліліся эканамісты «новай фармацыі», партыйныя наменклатуршчыкі, ружавашчокія камсамольскія важакі, чэкісты з «чыстымі рукамі», армейскае кіраўніцтва, прадстаўнікі праваахоўных органаў, юрыдычна падкаваныя махляры, крымінальнікі. Важнейшыя біблейскія запаведзі «Не забі!» і «Не ўкрадзі!» выпалі з жыцця. Паступова рабаванне народнай маёмасці і прыродных рэсурсаў, прыхватызацыя з перастрэлкамі, якія ў Расіі каштавалі звыш мільёна чалавечых жыццяў, заціхлі, перайшлі ў замаскіраваны стан. Што тычыцца Беларусі, то тут забойстваў было менш, нахабны захоп рэсурсаў і маёмасці ішоў больш спакойна.
Перыяд няўстойлівасці ў беларускім і расійскім грамадствах, панавання дзікага капіталізму працягваецца. Абедзве дзяржавы служаць не людзям, якія займаюцца навукай, вынаходзяць сучасныя тэхналогіі, вырабляюць тавары, пастаўляюць сельгаспрадукцыю, вучаць і лечаць, а толькі правіцелям і службоўцам «вертыкалі», што камандуюць, размяркоўваюць, кантралююць, а таксама алігархам і іншым прыўладным бізнесоўцам.
Беларусь і Расія не наладзілі нармальнае палітычнае жыццё, не стварылі адладжаную рынкавую эканоміку. Краіны, якія імкнуліся да дэмакратычнага развіцця, пасля ўсталявання аўтарытарызму спыніліся, вярнуліся ў застой. На абедзве нагі кульгае эканоміка, таленавітыя навукоўцы і спецыялісты ў галіне тэхналогій выязджаюць за мяжу, значна пагоршылася адукацыя і выхаванне маладога пакалення, не мае належнай матэрыяльнай базы і дастатковай колькасці падрыхтаваных кадраў медыцына.
Без перашкод развіваецца толькі працэс нажывы. Кінарэжысёр Ю. Мамін, які не вытрымаў адміністратыўнага ўціску і выехаў з Расіі ў ЗША, піша: «Когда видишь этих примитивных людей — всех этих Сечиных, понимаешь, какие они малознающие, невежественные. Думаешь: Боже мой, вот эти гоголевские персонажи руководят государством, до чего же они могут довести страну? Они сродни маргинальному, невежественному, грубому, матерящемуся населению, они такие же. Они снимали в самолете свою пьянку и бесстыдно выложили все в интернете…
Я не предполагал, что дойдет до такого в России. Путин и его команда развернулись в последнее десятилетие по-настоящему. Крайнее стяжательство, неимоверное расслоение общества, когда богатые в несколько тысяч раз богаче бедных, — это невероятно. Причем они кичатся, окружили себя заборами, гвардией, охраной».
Нельга сказаць, што ў дзвюх краінах не вядзецца змаганне з карупцыяй, крадзяжамі і хабарніцтвам. Тысячы начальнікаў сядзяць за кратамі. Але меч правасуддзя «сячэ галовы» выбарачна. Пад яго трапляюць толькі службоўцы, якія ў нажыве злачыннымі спосабамі зарваліся і ў нечым правініліся перад правіцелем. Хто не пераходзіць мяжы, могуць спаць спакойна. Што тычыцца прыбліжаных паслугачоў правіцеля і «грашовых кашалькоў», то іх чапаць нельга. Пра саміх узурпатараў улады няма чаго і казаць, яны ўвогуле сталі недатыкальнымі.
Удзел у гонцы за багаццем саміх аўтарытарных правіцеляў стаў згубным для развіцця краін. Яны да ўладкавання на троне не ўдзельнічалі ў палітычнай дзейнасці, не мелі сапраўднага арганізатарскага вопыту. Для таго, каб разумець іх сутнасць, трэба згадаць, чым яны займаліся. Кар’ерным дасягненнем аднаго было крэсла дырэктара саўгаса, а другога — змена службы ў КДБ на пасаду даручэнца ў кіраўніка мэрыі Ленінграда і размеркавальніка ліцэнзій на вываз сыравіны за мяжу.
Сутнасць дарослага чалавека, у якога сфарміраваліся характар, звычкі і паводзіны, практычна не мяняецца. Абодва правіцелі засталіся на былым узроўні, працягваюць ва ўсім быць проста дзялкамі-камерсантамі, адно толькі навучыліся лепей гаварыць, авалодалі прыёмамі дэмагогіі, шантажу і хітрасці. Вось і ўсё! А «герояў» з іх зрабіў тэлевізар, з якога яны не вылазяць. Значная частка беларусаў і расіян, нягледзячы на доступ да інтэрнэта, па-ранейшаму сядзіць ля «скрыні».
Я быў у многіх еўрапейскіх краінах, але нідзе не заўважыў у СМІ, не пачуў у размовах з людзьмі пра тое, што прэзідэнт або канцлер займаюцца гандлёвымі аперацыямі, жывёлагадоўчымі фермамі, машыннымі дварамі. Іх абавязак — пракладваць стратэгічны курс, астатнім займаюцца адпаведныя спецыялісты.
А як сябе паводзяць добра знаёмыя нам правіцелі? Яны ўсоўваюць нос у кожную шчыліну, кантралююць усё і ўсіх, укручваюцца ў эканамічныя здзелкі, апякуюць сваіх «грашовых кашалькоў» і лаяльных да іх бізнесоўцаў.
На іх адрас часта гучаць абвіначванні ў тым, што яны прысабечваюць грошы і нерухомасць, афармляючы іх на падстаўных асобаў. Аўтакраты ў адказ здзекліва пасміхаюцца і кажуць: «Шукайце! Калі знойдзеце, забірайце сабе!» Але спадзяванне на выключную засакрэчанасць багацця, на тое, што грамадзяне вераць «ліпавым» дэкларацыям і фальшывым клятвам, марныя.
У звязку з агрэсіўнымі выпадамі У. Пуціна супраць дэмакратычнага свету і захопам Расіяй чужых тэрыторый пошук схаваных ім грошай, палацаў, яхтаў і самалётаў (ЦРУ ЗША ацэньвае яго багацце за мяжой і на тэрыторыі Расіі сумай звыш 40 мільярдаў долараў) аднавіўся.
Цяпер Нацыянальная разведка, Міністэства фінансаў і Дзярждэпартамент ЗША «абавязаны ацаніць кошт актываў расійскага прэзідэнта і яго сям’і, а таксама вызначыць крыніцы іх прыбыткаў», акрамя таго расследаванне закране «палітыкаў і алігархаў, якія пасабляюць дзейнасці Пуціна». Заходнія палітыкі сур’ёзна намерыліся паказаць злачынную сквапнасць усіх «гнюсных палітычных дзеячаў, якія падрываюць дэмакратыю». Так што чарга дойдзе да кожнага!
Захад сваёй меркантыльнай беспрынцыповасцю і згодніцтвам у стаўленні да ўзурпатараў улады паспрыяў загону беларусаў і расіян у рабства. Добра, што сітуацыя, хоць крыху, але мяняецца ў лепшы бок.
Даўно наспеў час паказаць народам, як іх рабуюць. Заходнім спецыялістам трэба даводзіць расследаванні да канца, хопіць балбатні! Пасля канкрэтных фактаў і лічбаў дэмагогія ўзурпатараў пра клопат аб людзях адразу стане пшыкам, самы замбіраваны чалавек зразумее амаральную сутнасць «слуг народа». Гэта будзе дзейсная агітацыя за пераход ад аўтарытарызму да дэмакратыі.
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»: